Беларуская лінгвістыка

-----------------------------------------------------------------------------------------------------------

ПАТРАБАВАННІ ДА АФАРМЛЕННЯ РУКАПІСАЎ ДЛЯ ШТОГОДНІКА «БЕЛАРУСКАЯ ЛІНГВІСТЫКА»

Рэдкалегія часопіса прымае навуковыя артыкулы па выніках шматаспектных даследаванняў беларускай мовы і параўнальна-супастаўляльнага моўнага вывучэння, выкананых у розных установах,  нататкі па культуры мовы і этымалогіі, рэцэнзіі, матэрыялы ў рубрыку «Хроніка» (інфармацыю пра канферэнцыі, якія адбыліся ў навуковым свеце, паведамленні пра юбілеі вядомых вучоных Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі). Навуковыя артыкулы праходзяць папярэдняе рэцэнзаванне членамі рэдкалегіі або дактарамі / кандыдатамі філалагічных навук, якія прызначаюцца рэдакцыйнай калегіяй. Рэдкалегія пакідае за сабой права адбору матэрыялаў для апублікавання ў часопісе.

Усе матэрыялы дасылаюцца ў рэдкалегію ў двух экзэмплярах і ў электронным выглядзе (тэкст, літаратура, анатацыя, рэзюмэ, пералік скарачэнняў змяшчаюцца ў адным файле, назва якога абавязкова павінна адпавядаць прозвішчу аўтара). Тэкст набіраецца на камп’ютары ў фармаце Місгоsoft Wогd 6 (і вышэй), памер шрыфта – 14, міжрадковы інтэрвал – 1,5, палі: верхняе і ніжняе – 2,5 см, левае – 3 см, правае – 1,5 см, шрыфт Тіmes New Roman.

Артыкулы размяшчаюцца ў рубрыцы “Навуковыя публікацыі”. Для артыкула неабходна вызначыць індэкс па Універсальнай дзесятковай класіфікацыі (УДК), які друкуецца курсівам ў пачатку першай старонкі (з левага боку). Перад назвай артыкула (пасярэдзіне) курсівам указваюцца ініцыялы і прозвішча аўтара. Аб’ём артыкула (тэкст, літаратура, анатацыя на рускай мове, рэзюмэ на англійскай мове, пералік прынятых абазначэнняў і скарачэнняў) не павінен перавышаць 15 стандартных старонак, аб’ём рэцэнзій – 6 старонак, аб’ём нататак – 3 старонкі. Літаратура, анатацыя, рэзюмэ і пералік скарачэнняў (усё ў двух экз.) падаюцца на асобных лістах.

Рэзюмэ на англійскай мове з загалоўкам SUMMARY павінна быць кароткім. Пасля рэзюмэ курсівам (памер шрыфта – 12) з левага боку ўказваецца поўная назва месца працы аўтара, з правага боку – дата паступлення рукапісу ў рэдкалегію. Аб’ём анатацыі на рускай мове не павінен перавышаць 100 слоў. Анатацыя афармляецца наступным чынам:

 


УДК 808.26-54

          Я л ы н ц а в а І.У. Персанальныя найменні як поліматываваныя адзінкі словаўтварэння // Беларуская лінгвістыка. 2007. Вып. 59.

Текст аннотации (на русском языке).

Библиогр. – 7 назв. (указваецца колькасць крыніц, якія ў спісе літаратуры не паўтараюцца).

 

Спасылкі на літаратуру ў тэксце падаюцца парадкавым нумарам у квадратных дужках, напрыклад: [1], [2]. Старонка навуковай крыніцы, на якую спасылаецца аўтар, указваецца ў спісе літаратуры. Спасылкі ўнізе старонкі, якія ўтрымліваюць неабходныя ўдакладненні ці тлумачэнні, пазначаюцца сімвалам *. Літаратура афармляецца ў адпаведнасці  з “Інструкцыяй ВАК па афармленні дысертацыі, аўтарэферата і публікацый па тэме дысертацыі” (гл.: http://www.vak.org.by). Спасылкі на неапублікаваныя працы не дазваляюцца.

У тэксце і ў спісе літаратуры назвы прац падаюцца на мове арыгінала, цытаты перакладаюцца на беларускую мову. Прыклады выдзяляюцца курсівам, асобныя словы ў сказах пры неабходнасці – паўтлустым шрыфтам,  значэнні слоў і выразаў – сімваламі ‘’. Падкрэсліванні ў тэксце не дапускаюцца.

У загалоўку рэцэнзіі падаюцца наступныя звесткі аб рэцэнзуемай працы (на мове вы­дання): аўтар, назва працы, месца выдання, год, колькасць старонак (асобна, калі ёсць, рымскай і арабскай пагінацыі), колькасць карт, схем, малюнкаў і інш. У канцы рэцэнзій і нататак з правага боку курсівам адзначаюцца ініцыялы, прозвішча аўтара і ў дужках – горад.

На асобным лісце ўказваюцца імя, імя па бацьку і прозвішча аўтара, нумар кантактнага тэлефона і поўная назва ўстановы, дзе ён працуе.

Асобам, якія навучаюцца ў аспірантуры, дактарантуры ці з’яўляюцца саіскальнікамі вучонай ступені, прадстаўляецца магчымасць першачарговага апублікавання навуковых артыкулаў у год завяршэння навучання.

Аўтары нясуць адказнасць за тое, што накіраваныя ў часопіс “Беларуская лінгвістыка” навуковыя артыкулы і матэрыялы раней не былі надрукаваны або не прыняты да друку іншымі выданнямі.

Рэдкалегія абавязваецца не браць плату за апублікаванне матэрыялаў у часопісе.

 

 

Рукапісы дасылаюцца на адрас: 220072, Мінск-72, вул. Сурганава, 1, корп. 2. Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі. Кантактны тэлефон 284-02-76. Е-таіl: inlinasbel@tut.by

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы