Мовазнаўчыя стасункі

Кантакты паміж беларускімі і польскімі навукоўцамі-гуманітарыямі маюць глыбокія карані. 

На акадэмічным узроўні ў галіне мовазнаўства яны былі распачаты фактычна падчас стварэння Інстытута беларускай культуры. Якраз у 20-х гадах мінулага стагоддзя для вывучэння польскай мовы ў Беларусі была створана спецыяльная камісія. Тады ж малады мовавед Г.Шкляр пачаў працу над дысертацыяй «Польскія элементы ў сучаснай беларускай мове», якую з-за збегу абставін так і не абараніў. Але праца захавалася і знаходзіцца цяпер у прыватным архіве лінгвіста ў Кастраме (Расія).

Навуковы падмурак сумесных беларуска-польскіх даследаванняў, закладзены ў часы стварэння нацыянальнай акадэмічнай навукі, быў узмоцнены пасляваеннымі даследчыкамі. Асабліва плённымі па выніках сталі стасункі паміж дыялектолагамі. Прыкметным навуковым дасягненнем іх сумеснай працы стала ўнікальнае лексікаграфічнае выданне «Слоўнiк беларускiх гаворак паўночна-заходняй Беларусi i яе пагранiчча: у 5 т.» (Мінск, 1979−1986). З польскага боку над ім працавалі супрацоўнікі Інстытута славяназнаўства А.Абрэмбска-Яблоньская, С.Глінка, Э.Смулкова, Г.Сафарэвіч і многія іншыя навукоўцы. На працягу 1957−1958 гадоў яны абследавалі тэрыторыю Беластоцкага ваяводства ПНР. Беларускі калектыў аўтараў узначаліла член-карэспандэнт НАН Беларусі Ю.Мацкевіч.

Да ліку прац, створаных супольнымі намаганнямі, належыць і лінгвагеаграфічны праект «Atlas gwar wschodniosłowiańskich Białostocczyzny» (1980−2012). Метадалагічнай асновай Атласа Беласточчыны стала тэарэтычная база, апытальнік, распрацаваны для дыялекталагічнага атласа беларускай мовы, але польскімі даследчыкамі ён быў сур’ёзна перапрацаваны і адаптаваны да асаблівасцей мясцовых усходнеславянскіх гаворак Беласточчыны. Акрамя гэтага, істотна была дапоўнена лексічная частка апытальніка атласа.

Лінгвагеаграфічны кірунак даследаванняў і сёння застаецца надзвычай запатрабаваным і важным. Вынікі супольных намаганняў даследчыкаў адлюстроўваюцца ў лінгвагеаграфічнай працы «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас».

У 90-я гады − на пачатку новага стагоддзя навукова-даследчыя стасункі паміж беларускімі і польскімі мовазнаўцамі, у тым ліку і дыялектолагамі, напоўніліся новым зместам. У гэты час паміж акадэміямі было падпісана пагадненне аб безвалютным эквівалентным абмене паміж вучонымі акадэмічных устаноў. Гэта надзвычай эфектыўная і плённая форма навуковых зносін. Прыватным выпадкам яе ўвасаблення ў жыццё стаў сумесны праект «Даследаванні па дыялекталогіі польскай і беларускай моў» Інстытута славістыкі ПАН і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Гэты праект мае доўгатэрміновы характар і выконваецца на працягу трох гадоў. Дзякуючы яму, беларускія навукоўцы наведалі Інстытут славістыкі ў Варшаве, дзе з мэтай рэалізацыі сваіх творчых задум змаглі папрацаваць у мясцовых бібліятэках. Акрамя таго, неаднойчы яны былі ўдзельнікамі навуковых канферэнцый, якія праводзіліся ў Інстытуце славістыкі і іншых установах Варшавы, дзе выступалі з навуковымі дакладамі. Адпаведна і польскія лінгвісты карысталіся падобнай магчымасцю, наведваючы Беларусь. Больш за тое, у межах праекта яны правялі некалькі экспедыцый па Магілёўскай вобласці, дзе збіралі неабходны для працы дыялекталагічны матэрыял.

Жаданне пашырыць навуковае супрацоўніцтва паміж беларускімі і польскімі даследчыкамі практычнымі здабыткамі падштурхнула іх да рэалізацыі адной вельмі важнай задумы − сумесна абследаваць тэрыторыю Падляшша, якая знаходзіцца ў складзе Беластоцкага ваяводства. Гэта моўная прастора, дзе пануюць беларускія гаворкі, што распаўсюджаны на Гродзеншчыне.

Прайшло амаль паўстагоддзя з часоў працы на Беласточчыне даследчыкаў НАН Беларусі. Трэба працягваць вывучаць асаблівасці развіцця беларускіх гаворак у межах іншамоўнага камунікатыўнага асяроддзя, зрэшты, проста мець запісы, каб узбагаціць імі Нацыянальны гукавы фонд беларускага маўлення. Ідэю беларускіх дыялектолагаў падтрымала дырэкцыя Інстытута славістыкі ПАН. У 2015 годзе адбылася першая паездка беларускіх навукоўцаў на Падляшша. Працавалі даследчыкі ў наваколлі старажытнага Супрасля. Паездка аказалася вельмі выніковай. Адчувалася дапамога польскіх калег: увесь арганізацыйны клопат па правядзенні экспедыцыі ўсклаў на сябе супрацоўнік Інстытута славістыкі доктар філалогіі Міраслаў Янковяк.

Падчас візіту ў Польскую акадэмію навук дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Капылоў прыняў удзел у сімпозіуме «Польска-беларускія сумесныя даследаванні ў галіне гуманітарных навук», дзе выступіў з дакладам «Беларуска-польскія мовазнаўчыя стасункі: гісторыя, традыцыі, перспектыва», а таксама сустрэўся з дырэкцыяй Інстытута славістыкі ПАН і абмеркаваў перспектыўныя навуковыя напрамкі беларуска-польскага супрацоўніцтва ў галіне мовазнаўства.

Ідэю паглыблення і замацавання ўзаемаадносін у гуманітарнай сферы вельмі прыхільна сустрэлі беларускія лінгвісты. Дыялектолагі ўпэўнены, што дзякуючы ўзаемнай цікавасці абодвух навуковых бакоў яны здолеюць ажыццявіць задуму абследаваць Падляшша і на аснове запісаў стварыць хрэстаматыю тэкстаў, дапоўніўшы яе разгорнутымі навуковымі каментарыямі і слоўнікавымі словазборамі.

Апошняе будзе азначаць толькі адно: міжнародныя навуковыя праекты, у выкананні якіх зацікаўлены ўсе, ад кіраўніцтва да выканаўцаў, будуць памнажаць навуковыя набыткі даследчыкаў, спрыяць развіццю славістычнай навукі, і найперш замацоўваць аўтарытэт нядаўна створанага акадэмічнага кластара «Міжнародная школа беларускай мовы і літаратуры».

Вераніка КУРЦОВА,
загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі
Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа

 

Крыніца: http://gazeta-navuka.by/novosti/1162-belaruska-polskiya-movazna-chyya-stasunki

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы