Штогод адзначаецца 21 лютага. Гэта чарговы напамін пра неабходнасць захавання і развіцця нашага нацыянальнага багацця.
Цяжкасці засваення мовы ў сярэдняй школе, памылкі ў карыстанні моўнымі сродкамі амаль на любым узроўні, новыя дыпламатычныя, культурныя сувязі… Гэтыя і іншыя фактары прымушаюць звярнуцца па дапамогу да акадэмічных вучоных. В.а. дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Капылоў падзяліўся новымі планамі, скіраванымі на папулярызацыю роднай мовы.
− Ігар Лявонавіч, з 1 снежня мінулага года Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа быў адноўлены ў складзе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Ці стане змена шыльды зменай зместу?
− Па-ранейшаму ніводная з існуючых у нашай краіне ўстаноў не здольна вырашаць тыя навуковыя і практычныя праблемы, якія паспяхова вырашаюцца з 1929 года ў Інстытуце мовазнаўства. Праведзеныя тут шырокамаштабныя фундаментальныя даследаванні па словаўтварэнні, граматыцы, лексіцы, гісторыі беларускай мовы і дыялекталогіі вызначаюць развіццё ўсёй філалагічнай навукі ў Беларусі, а таксама беларусістыкі за межамі краіны.
Сёння наш калектыў выконвае 4 заданні і 7 падзаданняў у падпраграме «Беларуская мова і літаратура» дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016–2020 гады «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства».
Традыцыйная наша праца – гэта слоўнікі. Мы рыхтуем да выхаду «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» новага пакалення, «Зводны слоўнік беларускіх народных гаворак». Плануем завяршыць выданні «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» ў 38 тамах і «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» ў 15 тамах. Займаемся стварэннем «Беларускага фальклорна-этналінгвістычнага атласа», падрыхтоўкай «Гісторыка-этымалагічнага слоўніка запазычанняў у старабеларускай мове», чарговага выпуску АЛА «Рэфлексы *а” ў славянскіх мовах». Вынікам даследавання семантычных адносін у лексічных сістэмах сучасных рускай і беларускай моў стане манаграфія «Сопоставительное описание русского и белорусского языков. Лексика». Гэта неабходна, каб рэалізаваць прынцыпы дзяржаўнага беларуска-рускага двухмоўя і забяспечыць прыярытэтнае выкарыстанне беларускай мовы ў афіцыйных зносінах.
− Наконт афіцыйных зносін: мяркую, што праца для даследчыкаў-практыкаў знойдзецца ў любых сферах, дзе выкарыстоўваецца беларуская мова?
− Мы вельмі спадзяёмся, што вынікамі працы інстытута зацікавяцца органы дзяржаўнага і мясцовага кіравання. Патэнцыяльнымі заказчыкамі нашых паслуг могуць стаць многія міністэрствы і ведамствы, а таксама заканадаўчыя і выканаўчыя органы. Мы гатовы ажыццявіць пераклад і правесці лінгвістычную экспертызу заканадаўчых і нарматыўных дакументаў па запытах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. А, напрыклад, для Дзяржаўнага камітэта па маёмасці мы ствараем комплекс нарматыўных дакументаў і дапаможнікаў па стандартызацыі нацыянальнай тапаніміі. Рыхтуем больш за тысячу заключэнняў на год па запытах натарыяльных кантор і загсаў адносна ўстанаўлення ідэнтычнасці запісаў імён і прозвішчаў у дакументах. Можам аказаць дапамогу ў моўным афармленні экспазіцый, уваходных квіткоў у тэатры і музеі, у падрыхтоўцы нарматыўных даведнікаў па культуры маўлення для работнікаў радыё, тэлебачання.
У інтарэсах Міністэрства спорту і турызму можам стварыць электронную энцыклапедыю тапонімаў − турыстычных аб’ектаў Беларусі. Інстытут даўно супрацоўнічае з Беларускай праваслаўнай царквой і выдавецтвам Беларускага Экзархата. Плануем прыняць удзел у падрыхтоўцы да выдання помнікаў беларускай праваслаўнай спадчыны. Супрацоўнікі інстытута могуць аказаць паслугу па перакладзе на беларускую мову і падтрымцы беларускамоўнай версіі сайтаў для ўсіх зацікаўленых устаноў і арганізацый краіны. Вопыт і кваліфікацыя навукоўцаў дазваляюць стварыць беларускамоўныя тэрміналагічныя слоўнікі і даведнікі для ўсіх галін навукі і тэхнікі. Не забудзем і пра традыцыйнае супрацоўніцтва з выдавецтвамі краіны, падрыхтоўку па іх заказе навуковых, навукова-папулярных, навукова-каментаваных выданняў.
− Здаецца, толькі афіцыйныя паўнамоцтвы дадуць акадэмічным моваведам правы на кантроль за выкарыстаннем пісьмовай беларускай мовы.
− Мы лічым неабходным хадайнічаць перад органамі дзяржаўнага кіравання аб устанаўленні абавязковай лінгвістычнай экспертызы тэкстаў рэкламнага характару на дзвюх дзяржаўных мовах, аб замацаванні за Інстытутам мовазнаўства функцыі кантролю за пісьмовым афармленнем інфармацыйнай прасторы Рэспублікі Беларусь і аб праходжанні лінгвістычнай экспертызы ўстановамі і арганізацыямі перад зацвярджэннем іх назваў і рэквізітаў юрыдычнымі органамі.
− Сёння існуюць праблемы выкладання беларускай мовы ў школах. Прычым нярэдка нараканні выклікае вучэбна-метадычная літаратура.
− На жаль, навучанне беларускай мове, асабліва засваенне яе лексічных сродкаў, сёння складае вялікія цяжкасці на ўсіх адукацыйных узроўнях. Зараз вельмі патрэбна падрыхтоўка даведнікаў, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове, вучэбных праграм, карт, атласаў для розных катэгорый навучэнцаў з улікам сучасных тэхналогій і методык. Мы гатовы выконваць заказ Міністэрства адукацыі на стварэнне сумесна з выкладчыкамі ВНУ электронных вучэбна-метадычных комплексаў па мовазнаўчых дысцыплінах, што дазволіць павысіць якасць падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, аптымізаваць навучальны працэс.
Вырашэнне праблемы крыецца, у прыватнасці, у засваенні лексічнай інфармацыі візуальным шляхам.
Неабходна стварэнне на базе зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак электронных інтэрактыўных мульты- і моналінгвістычных банкаў, забяспечаных багатай візуальнай, у тым ліку і ілюстрацыйнай, навукова-пазнавальнай інфармацыяй. Падобныя электронныя рэсурсы змогуць карэнным чынам змяніць аб’ём ведаў школьнікаў па беларускай мове і паспрыяць яе актыўнаму засваенню. Мовазнаўцамі-гісторыкамі нашага інстытута рыхтуецца зборнік навукова-папулярных артыкулаў для вучняў сярэдняй школы, у якім у даступнай форме выкладаюцца звесткі па гісторыі беларускай мовы.
Адметным сродкам навучання беларускай мове можа стаць тэматычны лінгвагеаграфічны атлас, створаны ў электронным выглядзе. Праект, які мае найвышэйшую эўрыстычную каштоўнасць, – тлумачальны атлас беларускай мовы. Ён адкажа на пытанні па праблемах этнагенезу і глотагенезу беларусаў, фарміравання менталітэту. Матэрыялы атласа дазволяць стварыць новае пакаленне падручнікаў, рэалізаваць лінгвакультуралагічныя праекты.
− Калі трэба тэрмінова ўдакладніць пераклад слова, часам звяртаешся да інтэрнэт-перакладчыкаў. Можа, прыйшоў час зрабіць свой якасны аналаг?
− Міжнародныя карпарацыі выкарыстоўваюць беларускую мову ў сваіх праграмных прадуктах, але іх якасць патрабуе ўдасканалення. Мы плануем наладзіць неабходныя кантакты. А самі пакуль працуем над камп’ютарным лексікаграфічным даведнікам, які стане не толькі інфармацыйна-пошукавым рэсурсам, але і базай для далейшых лінгвістычных распрацовак і даследаванняў. Існуе таксама праект сеткі даведачных інтэрнэт-сэрвісаў. Яна будзе змяшчаць рэсурсы, у якія можна будзе заходзіць праз галоўны сайт цэнтра. Яны будуць уключаць Нацыянальны корпус беларускай мовы, даведачны цэнтр накшталт грамота.ру, асобны рэсурс для слоўнікаў, створаных у інстытуце. З іншых праектаў – аўтаматычная сістэма апрацоўкі тэкстаў, электронныя перакладныя слоўнікі. Аднак для правядзення навуковых даследаванняў на сучасным узроўні патрабуецца дадатковая тэхніка.
− Ці чакаюцца змены структуры Інстытута для вырашэння новых задач?
− Прагназую фарміраванне новай сацыялінгвістычнай навуковай школы, што звязана з неабходнасцю поўнамаштабнага даследавання моўнай сітуацыі, асаблівасцямі функцыянавання беларускай і рускай моў. Актывізацыя навуковых пошукаў у галіне корпуснай лінгвістыкі таксама дазваляе гаварыць аб фарміраванні адпаведнай навуковай школы.
Неабходна адкрыццё магістратуры па спецыяльнасці «Мовазнаўства». Для падтрымкі маладых спецыялістаў плануецца актыўна ўключаць іх у выкананне бюджэтных і гаспадарчых дамоў, прыцягваць да ўдзелу ў конкурсах і грантах для маладых вучоных. Спадзяёмся стварыць групу па правядзенні лінгвістычных экспертыз, сектар камп’ютарнай лінгвістыкі, філіял кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ, сумесную кафедру з БНТУ з мэтай падрыхтоўкі праграмных прадуктаў для правядзення корпусных даследаванняў і ўкаранення сучасных інфармацыйных тэхналогій у практыку лінгвістычных даследаванняў.
Гутарыла Алена ЕРМАЛОВІЧ, «Навука»