21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца дзень роднай мовы. І ў гэты дзень ужо па традыцыі адбылася сустрэча вучоных з Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі І.У. Будзько, вядучага навуковага супрацоўніка, кандыдата філалагічных навук, і Э.В. Ярмоленка, вядучага навуковага супрацоўніка, кандыдата філалагічных навук, з замежнымі студэнтамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
І.У. Будзько распавяла студэнтам аб значэнні слова белы і аб розных версіях паходжанні назвы нашай краіны – Беларусь.
З паведамленнем і прэзентацыяй аб беларускай мове перад прысутнымі выступіла Э.В. Ярмоленка. Студэнты-замежнікі даведаліся аб некаторых адметнасцях беларускай мовы. Яна пачулі звесткі аб яе алфавіце, асаблівасцях вымаўлення ў, дыграфаў дж, дз, зацвярдзелых зычных, ужыванні апострафа.
З цікавасцю слухалі замежныя студэнты аб тым, як па-беларуску называюцца месяцы, якія ўніверсальныя этыкетныя формулы існуюць у беларускай мове (прывітанне, развітанне, ветлівыя словы), як перакладаюцца папераджальныя і інфармацыйныя паведамленні на беларускай мове, з якімі яны сустракаюцца ў транспарце, на вуліцах горада і інш. Паспрабавалі яны адгадаць беларускія загадкі і пачытаць адметныя беларускія словы.
Напрыканцы задумліва і ўважліва слухалі студэнты песню “Мой родны кут” у выкананні ВІА “Песняры”.
Пасля сустрэчы адзін са студэнтаў падышоў з пытаннем: “Скажите, пожалуйста, а картофель – это бульба?” Ён быў вельмі задаволены станоўчым адказам і дадаў, што слова бульба пачуў тут, у Беларусі, ад беларускіх сяброў.
Э.В. Ярмоленка