30 сакавіка 2016 года адбылася сустрэча маладых вучоных з дырэкцыяй Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, на якой былі абмеркаваны актуальныя пытанні навуковага і грамадскага жыцця моладзі Інстытута: навуковая дзейнасць, перспектывы кар’ернага росту, матэрыяльнае становішча маладых супрацоўнікаў і інш.
Пачынаючы размову, дырэктар Інстытута мовазнаўства І.Л.Капылоў падкрэсліў, што сёння моладзь мае шмат магчымасцей для самарэалізацыі, для творчага і навуковага развіцця, а таму павінна браць ініцыятыву ў свае рукі і крочыць да ўвасаблення сваіх ідэй у жыццё. У сувязі з гэтым асноўная работа Савета маладых вучоных Інстытута павінна быць накіравана на стварэнне пэўнай атмасферы ў калектыве, і у першую чаргу, неабходна наладзіць стасункі паміж маладымі вучонымі, знайсці тыя формы ажыццяўлення навуковага абмену паміж вучонымі, якія будуць адпавядаць сучаснасці і спрыяць фарміраванню моладзевай супольнасці Інстытута.
Для рэалізацыі ідэі кансалідавання моладзі дырэкцыя Інстытута выступіла з наступнымі прапановамі: наладзіць сустрэчы з вядучымі навуковымі супрацоўнікамі Інстытута, а таксама з замежнымі калегамі, якія змогуць паглыбіць навуковы досвед маладых супрацоўнікаў, падзяліцца сваім багатым навуковым вопытам; арганізаваць маладзёжны семінар, на якім будзе праходзіць абмеркаванне артыкулаў, а таксама пытанняў і праблем, якія ўзнікаюць у маладых вучоных падчас працы над планавымі тэмамі, дысертацыямі, манаграфіямі; наладзіць сустрэчы з вучнямі мінскіх школ з мэтай папулярызацыі беларускай мовы; падаваць праекты БРФФД «Навука-М»; актыўна ўдзельнічаць у міжнародных і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях.
Маладыя вучоныя падтрымалі прапановы дырэкцыі і, у сваю чаргу, выказалі ідэю аднавіць выязныя мерапрыемствы па рэгіёнах, падчас якіх моладзь зможа не толькі пазнаёміцца з культурнай спадчынай нашай краіны, але і сустрэцца са школьнікамі з розных гарадоў Беларусі.
У канцы сустрэчы І.Л.Капылоў адзначыў, што дырэкцыя Інстытута акажа патрэбную падтрымку, але ініцыятыва павінна сыходзіць ад моладзі.