
Ва Універсітэце грамадзянскай абароны 6 мая 2026 г. навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Святлана Мікалаеўна Макітрук правяла алімпіяду па дысцыпліне «Беларуская мова. Прафесійная лексіка». Інтэлектуальнае спаборніцтва аб’яднала навучэнцаў першага курса факультэта папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, якія прадэманстравалі веды і ўменні ў валоданні роднай мовай у прафесійнай дзейнасці.

У час алімпіяды ўдзельнікі выканалі шэраг моўных заданняў па арфаграфіі, фанетыцы, лексіцы, фразеалогіі, марфеміцы, словаўтварэнні і граматыцы, якія былі накіраваны на праверку засваення матэрыялу. У працах усіх курсантаў адчувалася адказнасць і сур’ёзнае стаўленне да прадмета.
Правядзенне алімпіяды па беларускай мове ў профільнай установе МНС скіравана на важнасць павышэння моўнай культуры і пісьменнасці будучых спецыялістаў у сферы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.






