
Пайшла з жыцця Зофія Канстанцінаўна Турцэвіч.
Зофія Канстанцінаўна нарадзілася 23 снежня 1936 года ў вёсцы Старое Ляўкова Гайнаўскага раёна Беластоцкай вобласці (Польшча). Базавую адукацыю атрымала ў Гайнаўскай школе, затым, з 1950 года, працягнула вучобу ў Бельск-Падляскім педагагічным тэхнікуме. Па накіраванні ў 1954 годзе паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна, які закончыла ў 1959 годзе, атрымаўшы спецыяльнасць “філолаг, настаўнік рускай і беларускай мовы і літаратуры”. У кастрычніку 1960 года Зофія Канстанцінаўна была залічана на пасаду малодшага навуковага супрацоўніка ў сектар гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, дзе працавала звыш 45 гадоў.
У пачатку шасцідзясятых гадоў разам з калегамі А.І. Жураўскім, П.В. Вярховым, І.І. Крамко, У.В. Анічэнкам, А.К. Юрэвіч, А.І. Яновіч і інш. Зофія Канстанцінаўна прыступіла да стварэння “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”. Яна прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы гэтай фундаментальнай працы на ўсіх яе этапах. Так, падчас укладання картатэкі ёю выпісана 135 тысяч картак-цытат з помнікаў старабеларускай пісьменнасці (гэта амаль сёмая частка ўсёй картатэкі). Сярод помнікаў, якія апрацавала Зофія Канстанцінаўна, – “Александрыя” (канец XV ст.), “Апокрысіс” Хрыстафора Філалета, “Гісторыя аб Атыле”, “Унiя”, “Пролаг”, “Хранограф”, дакументы з “Историко-юридических материалов, извлеченных из архивных книг губерний Витебской и Могилёвской” і інш. У далейшым яна займалася ўпарадкаваннем картатэкі і лексікаграфаваннем слоўнікавага матэрыялу. Даследчыцай распрацаваны слоўнікавыя артыкулы для дваццаці шасці выпускаў (2, 4–6, 9–18, 20–31). З 1997 года Зофія Канстанцінаўна была памочнікам рэдактара “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” (выпускі 17–26): звярала рукапісы слоўнікавых артыкулаў з ілюстрацыйным матэрыялам (фотакопіямі помнікаў), адсочвала яго храналогію, вывярала наяўнасць і адлюстраванне варыянтаў (графіка-арфаграфічных, словаўтваральных, граматычных) і адпаведных адсылачных памет, ажыццяўляла карэктуру слоўніка.
Разам з калегамі з аддзела гісторыі беларускай мовы Зофія Канстанцінаўна ўваходзіла ў склад аўтарскага калектыву (навуковы кіраўнік А.І. Жураўскі) па падрыхтоўцы ўзноўленага тэксту Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588, апублікаванага ў выданні “Статут Вялікага Княства Літоўскага: Тэксты. Даведнік. Каментарыі” (Мінск, 1989).

З.К. Турцэвіч з’яўляецца аўтарам звыш трыццаці навуковых прац па гістарычнай лексікалогіі і гістарычнай лексікаграфіі. Яна суаўтар калектыўнай манаграфіі “Гістарычная лексікалогія беларускай мовы” (Мінск, 1960). У раздзеле “Навукова-кніжная лексіка” (“Гістарычная лексікалогія беларускай мовы” (Мінск, 1970) Зофія Канстанцінаўна паказала асаблівасці развіцця старабеларускіх назваў, звязаных з навуковай, асветніцкай і культурнай дзейнасцю, правяла іх тэматычную класіфікацыю, выявіла іх семантыку, паходжанне, рэпрэзентацыю ў помніках пісьменнасці рознай жанрава-стылявой прыналежнасці.
Вопыт працы са старадаўнімі рукапіснымі помнікамі, абазнанасць у тэкстах рэлігійнай тэматыкі, свабоднае валоданне польскай мовай, добрае веданне царкоўнаславянскай мовы паслужылі станаўленню Зофіі Канстанцінаўны як выдатнага спецыяліста і неацэннага супрацоўніка. Да яе мы смела звярталіся за кансультацыямі па расчытванні даўніх почыркаў (якія былі складанамі і для вопытнага дыяхраніста), раскрыцці значэнняў незразумелых нам слоў і выразаў і тлумачэнні асобных тэкставых кавалкаў.
За значны ўклад у развіццё беларускага гістарычнага мовазнаўства Зофія Канстанцінаўна Турцэвіч была ўзнагароджана Граматай Акадэміі навук БССР (1967); медалём “Ветэран працы” (1987), нагрудным знакам “У гонар заснавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” (2017).
Зофія Канстанцінаўна прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці інстытута, добрасумленна выконвала ўскладзеныя на яе абавязкі. Гэта забяспечвала ёй павагу і аўтарытэт у калектыве, і сама яна з пашанай і ўвагай адносілася да сваіх калег, многія з якіх сталі яе сябрамі, заўсёды была гатова дапамагчы і падтрымаць.

Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўста імя Якуба Коласа будуць помніць Зофію Канстанцінаўну Турцэвіч (а мы яе называлі Зося Канстанцінаўна) як светлага і шчырага чалавека, руплівую, удумлівую, старанную працаўніцу, клапатлівую гаспадыню, старэйшую сяброўку і надзейнага дарадцу.
Наталля Паляшчук, Эльвіра Ярмоленка






