Як павысіць моўную культуру грамадства?

Мова — галоўны сродак нашых зносін, праз яе мы выказваем усё, што ў нашых думках і ў нашай душы. Усё часцей вакол чуюцца нецэнзурныя словы. Яны вылятаюць з вуснаў самых розных людзей незалежна ад узросту, полу і прафесіі. Нават у літаратурных творах пісьменнікі часам ужываюць абсцэнную лексіку. Чаму так адбываецца? Наколькі наогул можна выкрасліць нецэнзурныя словы з нашага жыцця і як гэта зрабіць? Пра гэта ішла гаворка падчас круглага стала на тэму «Моўная культура як сродак фарміравання духоўна-маральнай асобы ў сучасным грамадстве», які адбыўся па ініцыятыве сакратара Грамадскага савета па маральнасці Алены Стэльмах.
 
Ігар Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт:
 
 
— Вельмі добра, што мы сабраліся ў такім шырокім складзе. У круглым стале прымаюць удзел прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускай праваслаўнай царквы, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук, у прыватнасці Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, ёсць і вучнёўская моладзь.

 
Мова — адзін з галоўных складнікаў культуры, найважнейшы ідэалагічны інструмент, які фарміруе свядомасць чалавека. Моўная культура адыгрывае важную ролю ў духоўным станаўленні асобы, а значыць, і ўсяго грамадства. У мове адлюстроўваецца ўсё: менталітэт народа, яго традыцыі, нацыянальны характар, мараль, сістэма нормаў і каштоўнасцей, карціна свету. Мы засвойваем вопыт папярэднікаў праз тыя веды, якія перадаюцца менавіта пры дапамозе мовы. Фундамент нашай моўнай культуры — хрысціянская сістэма каштоўнасцей. Давайце згадаем словы, з якіх пачынаецца Евангелле ад Іаана: «Спачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог». Сіла слова вялікая, яна здольна як ствараць, так, на жаль, і разбураць. Многае ў нашым жыцці залежыць ад таго, як мы карыстаемся словам. Словам можна вярнуць чалавека да жыцця, даць яму надзею, а можна забіць. Таму трэба асэнсавана ставіцца да кожнага ўжытага слова. Сітуацыя, якая прымусіла нас сабрацца сёння, мяне як прадстаўніка акадэмічнай навукі вельмі хвалюе. На сучасным этапе ва ўсім свеце адзначаецца тэндэнцыя разбурэння моўных нормаў. На гэта ўплываюць інтэрнэт, тэлебачанне, масмедыйныя асобы... Сёння лічыцца нямодным размаўляць прыгожа і правільна. Акрамя слова «мат» у беларускай мове, у адрозненне ад рускай, ёсць варыянт «брыдкаслоўе», які гаворыць сам за сябе: брыдкія, непрыстойныя словы, выразы, лаянка. На жаль, сёння мат гучыць паўсюль: ва ўстановах адукацыі, у грамадскіх месцах, у сям’і, нават з экранаў тэлевізара. І выкарыстоўваюцца гэтыя словы не толькі ў стрэсавай сітуацыі як спецыяльны вербальны сродак зняцця псіхаэмацыянальнага напружання. Больш за тое, мат успрымаецца як абсалютна нармальная, натуральная, стылістычна не зніжаная частка лексікі, пры дапамозе якой можна свабодна выказваць думкі. Даходзіць да таго, што з мацерных слоў складаюцца цэлыя сказы. Асабліва гэта тычыцца моладзі і, як ні дзіўна, дзяўчат, будучых маці. Гэта надзвычай сур’ёзная праблема, калі людзі выказваюць свае думкі менавіта такім чынам, не ведаючы не толькі нормаў літаратурнай мовы, але і звычайных нормаў маралі, грамадскіх паводзін. Нядаўна пачуў аднаго расійскага журналіста, які сказаў, што мат чароўны, у ім ёсць каласальная энергія, загадка, свайго роду паэтыка. Мяне гэтыя словы вельмі насцярожылі. Не магу з гэтым пагадзіцца! Мат — гэта тое, што засмечвае мову, разбурае яе прыгажосць, стройнасць і вядзе ў выніку не толькі да збяднення моўнай сістэмы, але і да дэградацыі асобы, духоўнай непаўнацэннасці чалавека. Яго мова становіцца непаўнавартаснай, абядняецца, страчваецца ўсё яе багацце, вобразнасць. Нецэнзурная лексіка пранікае ў свядомасць чалавека і разбурае яго душу. Мы невыпадкова сабраліся ў другі дзень Вялікадня, каб яшчэ раз задумацца над тымі духоўнымі каштоўнасцямі, якія павінны захоўваць усё жыццё і перадаваць з пакалення ў пакаленне. Часам можна пачуць контраргументы, што многія рускія пісьменнікі ўжывалі гэтую лексіку. Нават Пушкін, Бунін, Маякоўскі, Ясенін. Але ў друкаваныя творы гэтых пісьменнікаў ненарматыўная лексіка па вядомых прычынах не ўключалася. Мы сабраліся для таго, каб абмеркаваць, што ж нам рабіць. Трэба больш папулярызаваць творчасць класікаў літаратуры, тых, хто ўзняў нашу мову да ўзроўню высокаразвітых моў свету. Менавіта літаратура павінна даваць духоўныя маральныя арыенціры. Я рады, што сёння тут прысутнічаюць прадстаўнікі сістэмы адукацыі, вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школы. І, несумненна, вялікую ролю ў гэтым адыгрывае сям’я, бо дзіця змалку імкнецца пераймаць дарослых. Я думаю, у гэтым пытанні нам не хапае сацыяльнай рэкламы, якая будзе выконваць важную выхаваўчую функцыю.
 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы