10 сакавіка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбылася прэзентацыя электроннага выдання “Канкарданс беларускай мовы ХІХ стагоддзя”.
Канкарданс – унікальны лексікаграфічны даведнік, які пабачыў свет у Выдавецкім доме “Беларуская навука” ў канцы мінулага года. Ён уяўляе сабой комплекс слоўнікаў, складзеных на аснове корпуса тэкстаў, заснаванага на ўсіх творах мастацкай літаратуры ХІХ ст.
Адрозненне канкардансаў ад іншых слоўнікаў заключаецца ў тым, што канкардансы паказваюць усе выпадкі выкарыстання слоў, а не толькі асобныя, як у звычайных слоўніках. Канкарданс – поўны пералік словаўжыванняў з кантэкстамі і адраснымі характарыстыкамі. На гэтым матэрыяле робяцца частотныя і адваротныя слоўнікі, паказальнікі слоў і інш.
Пачынаючы імпрэзу, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі І. Л. Капылоў звярнуў увагу на тое, што выкананне праекта стала магчымым дзякуючы сучасным сродкам тэхнічнага забеспячэння і з’яўляецца выдатным прыкладам выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у гуманітарных навуках. У гэтым сэнсе стварэнне шматузроўневага лінгвістычнага даведніка па мове ХІХ ст., якая ў выніку шэрагу прычын даследавалася значна менш, чым мова папярэдняга і наступнага часу, – знакавая падзея не толькі для беларускай лінгвістыкі, але і для ўсёй гуманітарнай навукі нашай краіны. Адкрываючы грамадству свет беларускай мовы ХІХ ст., Канкарданс дае выдатныя магчымасці для вывучэння як усходне-, так і заходнеславянскага моўнага арэалу, бо менавіта ў гэтым стагоддзі беларуская мова знаходзілася ў кантэксце дзвюх магутных моўных стыхій – рукай і польскай. З аднаго боку, яна зазнавала іх моцнае ўздзеянне, але з іншага – гартуючы ўласныя патэнцыі для свайго ўзлёту і росквіту ў нашаніўскі перыяд, не толькі здолела аказваць станоўчы ўплыў на суседнія мовы, але і захавала мноства лексічных і граматычных форм, якія служаць сёння ключом для разумення моўнага мінулага нашых бліжэйшых суседзей. Праз раскрыццё заканамернасцей і асаблівасцей развіцця беларускай мовы ХІХ ст. можна зразумець многія працэсы, якія адбываліся ў славянскім моўным арэале ў ранейшыя і пазнейшыя перыяды гісторыі.
Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры акадэмік А. І. Лакотка адзначыў, што стварэнне Канкарданса з’яўляецца фундаментальным унёскам на карысць развіцця роднай мовы, яе папулярызацыі, яе рэпрэзентатыўнасці сярод моў свету, яе паспяховай камунікацыі ў сённяшнім культурным і грамадскім асяроддзі. Высока ацаніўшы гэты ўнікальны даведнік, акадэмік прапанаваў паставіць пытанне аб уключэнні яго ў Дзяржаўны рэестр навуковых аб’ектаў, якiя складаюць нацыянальны здабытак.
З выступлення аўтара Канкарданса, Н.М. Сянкевіч, прысутныя даведаліся пра гісторыю стварэння даведніка. Увогуле, першыя канкардансы пачалі складацца ў ХІІІ ст. па лацінамоўным тэксце Бібліі. Каля 1230 г. кардынал Гугó дэ Сэн-Шэрá склаў праект Канкарданса Вульгаты, які ўключаў пры цытуемых словах паказанні месцаў Бібліі, дзе гэтыя словы былі ўжыты. Але для распісвання ўсяго тэксту Бібліі па асобных словах, г.зн. для складання самога Канкарданса кардынал прыцягнуў 500 манахаў-дамініканцаў, якія завяршылі выкананне праекта толькі ў 1262 г. Славянскія (рускія) канкардансы ўзніклі толькі ў ХVІІІ ст. і таксама былі даведнікамі па словаўжыванні ў Бібліі. З сярэдзіны ХХ ст. пачалі стварацца “свецкія” канкардансы па творчасці асобных пісьменнікаў, пераважна англамоўных. Напрыклад, у 1968 г. быў створаны шасцітомны Канкарданс Шэкспіра. Паколькі картатэкі змяшчаюць толькі адзінкавы прыклад словаўжывання, а ў канкардансах змяшчаецца поўны пералік кантэкстаў, то стварэнне канкардансаў пачало ў другой палове ХХ ст. супрацьпастаўляцца стварэнню картатэк і каталогаў. У выніку распрацоўкі і ўдасканалення прынцыпаў стварэння лінгвістычных канкардансаў узнікла новая галіна лексікаграфіі. Каля гэтага ж часу ў РСФСР пачалася распрацоўка некалькіх канкардансаў класікаў рускай літаратуры; над расійскімі канкардансамі працавалі і працуюць вялікія навуковыя калектывы.
Але на Беларусі спроб стварэння канкардансаў не рабілася да 70-х гадоў ХХ ст. Толькі ў 1979 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа было задумана стварыць канкарданс беларускай мовы ХІХ ст. Гэты перыяд быў абраны таму, што ў ХІХ ст. пачалося станаўленне яе літаратурнай формы. Паколькі ні адной з устаноў Беларусі рэалізацыя такой задачы была не пад сілу, у Нацыянальнай акадэміі навук у тым жа годзе пачала сваю дзейнасць група па аўтаматызацыі лінгвістычных даследаванняў. Праца над праектам не завяршылася выданнем яго першага папяровага вырыянту. Раздрукаваны ў адзіным экзэмпляры, даведнік уяўляе сабой 12 тамоў вялікага фармату з агульнай колькасцю старонак каля 5 тысяч. Натуральна, што пытанне аб выданні канкарданса ў кніжным варыянце ў 80-я гады не ставілася. Канкарданс церпяліва чакаў таго часу, калі стане магчымым змяшчаць шматтомныя даведнікі на маленькім электронным дыску. А калі гэты час настаў, выявілася, што асноўная вартасць канкарданса, якая заключаецца ў паўнаце і аб’ектыўнасці пададзенай у ім інфармацыі, фактычна страчана. Справа ў тым, што за час, які прайшоў ад складання першапачатковага варыянту, даследчыкамі былі знойдзены шматлікія пісьмовыя помнікі, якія не ўвайшлі ў корпус тэкстаў, паводле якога быў складзены першы даведнік. Выданне няпоўнага канкарданса губляла сэнс. На працягу 5 гадоў быў сабраны новы корпус тэкстаў, які павялічыўся амаль удвая: з 283 да 497 тэкстаў, з 145 тыс. да 257 тыс. словаўжыванняў. З дапамогай мадэрнізаванага камплекта праграм і быў створаны новы Канкарданс, тэкставым матэрыялам для якога сталі практычна ўсе вядомыя творы беларускай мастацкай літаратуры ХІХ ст. І ў канцы 2015 г. электронны варыянт даведніка пабачыў свет.
З выданнем Канкарданса айчынныя і замежныя лінгвісты атрымалі магутны сродак для вывучэння асаблівасцяў беларускай мовы на этапе фарміравання яе літаратурнай формы. Акрамя ўласна алфавітнага паказальніка ўсіх без выключэння словаўжыванняў корпуса тэкстаў разам з кантэкстамі, Канкарданс уключае шэсць частотных слоўнікаў, адваротны слоўнік, асобны паказальнік слоў, два розныя па прызначэнні і змесце спісы тэкстаў, а таксама самі тэксты твораў, паводле якіх ён пабудаваны. Кожны з кампанентаў даведніка прызначаны дапамагчы даследчыкам у вырашэнні пэўных задач. Сабраныя разам, яны ствараюць эфектыўны інструмент для рознабаковых мовазнаўчых даследаванняў у галіне лексікі і фразеалогіі, семантыкі і стылістыкі, марфалогіі і сінтаксісу. Надзвычай карысным будзе Канкарданс для складальнікаў розных тыпаў слоўнікаў: тлумачальнага, этымалагічнага, анамастычнага і інш. Ён дапаможа хутка знайсці ў тэкстах патрэбныя словы і семантызаваць іх.
Агульны Канкарданс дапоўнены канкардансамі мовы асобных пісьменнікаў, якія адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні новай беларускай літаратурнай мовы: В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Ельскага, К.Каганца і К. Каліноўскага. На аснове гэтых даведнікаў можна стварыць слоўнікі мовы пісьменнікаў, раскрыць асаблівасці іх аўтарскага стылю, вызначыць тэматычную накіраванасць іх твораў.
На думку аўтара Канкарданса, Н.М. Сянкевіч, даведнік будзе таксама карысным для літаратуразнаўцаў і шырокага кола чытачоў, якія цікавяцца беларускай літаратурай. Яны атрымалі магчымасць пазнаёміцца з поўным зборам мастацкіх твораў беларускай літаратуры ХІХ ст. у блізкім да арыгіналу выглядзе, а таксама з сістэматызаваным бібліяграфічным даведнікам беларускамоўнай мастацкай літаратуры гэтага перыяду.
Сваімі ўспамінамі і меркаваннямі наконт каштоўнасці выдадзенага Канкарданса падзяліліся былы і цяперашні загадчыкі аддзела славістыкі і тэорыі мовы, дзе распрацоўваўся канкарданс: ганаровы сябра Міжнароднага камітэта славістаў, акадэмік Македонскай акадэміі навук і мастацтваў, доктар філалагічных навук, прафесар Г. А. Цыхун і кандыдат філалагічных навук М. П. Антропаў. Грамадскую важнасць працы адзначыў у сваім выступленні першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры А.А. Лукашанец.
Канкарданс быў выдадзены сумеснымі намаганнямі дзвюх устаноў: Выдавецкага дома “Беларуская навука” і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія на прэзентацыі прадстаўлялі галоўны рэдактар выдавецтва Г. К. Кісялёў і намеснік дырэтара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці бібліятэкі, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесь Суша. Абодва выступоўцы адзначылі, што створаны рэсурс будзе цікавы не толькі мовазнаўцам і літаратуразнаўцам, але і праграмістам і тэхнічным спецыялістам, бо гэта цудоўная інавацыйная форма падачы вынікаў навуковай працы, добры прыклад інтэграцыі тэхнічных сродкаў у працэс навуковай дзейнасці. Яны пагадзіліся, што супольная праца навукоўцаў, выдаўцоў і бібліятэкараў вельмі карысная і мае цудоўны вынік, а такія прэзентацыі неабходна правесці і ў іншых месцах, перш за ўсё на філалагічным факультэце БДУ.
На імпрэзе прысутнічалі прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў: загадчык кафедры інфарматыкі і прыкладной лінгвістыкі МДЛУ, доктар філалагічных навук, акадэмік Міжнароднай Акадэміі інфарматызацыі А. В. Зубаў, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ І.А. Гапоненка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ І. Э. Багдановіч і інш. Яны высока ацанілі працу стваральніцы Канкарданса і падзяліліся сваімі меркаваннямі наконт яго прымянення ў лінгвістычных і культуралагічных даследаваннях.
У канцы прэзентацыі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Капылоў І.Л. перадаў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі “Слоўнік беларускай мовы 19 стагоддзя”, створаны ў Вялікабрытаніі прафесарам Арнольдам Макмілінам.