Адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуская мова ў сферы sacrum: гісторыя і сучаснасць”.

21 лютага ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя “Беларуская мова ў сферы sacrum: гісторыя і сучаснасць”.

Сімвалічна, што праводзіўся навуковы форум у Міжнародны дзень роднай мовы. Праблемнае поле канферэнцыі закранала шмат актуальных пытанняў, звязаных са спецыфікай выкарыстання беларускай мовы ў рэлігійнай сферы як на сённяшнім этапе развіцця грамадства, так і ў мінулым.


Пленарнае пасяджэнне пачалося з прывітальнага слова Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэміка Уладзіміра Рыгоравіча Гусакова. Сярод ганаровых гасцей прысутнічалі прадстаўнікі амаль усіх канфесій нашай краіны, якія таксама выступілі з прывітальнымі словамі і зрабілі вельмі цікавыя даклады падчас пленарнага пасяджэння.

Гэта протаіерэй, першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ Сергій Гардун; ксёндз канонік, старшыня Cекцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, доктар тэалогіі Ян Крэміс; душпастар грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне Андрэй Крот; пастар Царквы Адвентыстаў Сёмага Дня РРА “Канферэнцыя Цэркваў Хрысціян Адвентыстаў Сёмага Дня ў Рэспубліцы Беларусь”, магістр багаслоўя Аляксандр Багданенкаў; муфцій Рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання “Духоўнае ўпраўленне мусульман у Рэспубліцы Беларусь” Алей Варановіч. У выступленнях закраналіся пытанні біблейскай трансляторыкі і беларускамоўнай рэлігійнай тэрміналогіі.


Падчас пленарнага пасяджэння прагучалі таксама прывітальныя словы і выступленні беларускіх і замежных навукоўцаў: акадэміка Аляксандра Аляксандравіча Лукашанца, члена-карэспандэнта НАН Беларусі Аляксандра Аляксандравіча Кавалені, дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігара Лявонавіча Капылова; загадчыка кафедры мовазнаўства Інстытута славістыкі ПАН, доктара габілітаванага, прафесара Эвы Галахоўскай; прафесара, доктара філалагічных навук Івана Аляксеевіча Чароты; дацэнта, кандыдата філалагічных навук Ірыны Уладзіміраўны Будзько, а таксама загадчыка сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Уладзіміра Аляксандравіча Кошчанкі.

У межах канферэнцыі быў праведзены круглы стол “Мова і рэлігія: беларускі кантэкст”, падчас якога адбылася прэзентацыя юбілейнага выдання “Псалтыра” ў перакладзе на сучасную беларускую мову М. Прыгодзіча, Ул. Завальнюка, В. Раманцэвіч. У выступленнях прысутных абмяркоўваліся актуальныя праблемы перакладу рэлігійнай тэрміналогіі на беларускую мову.

У праграме канферэнцыі была прадугледжана праца чатырох секцый. Даклады, якія прагучалі на секцыі “Праблемы лексікалогіі і стылістыкі сучаснай беларускай мовы ў сферы sacrum”, закраналі пытанні вылучэння канфесійнага стылю беларускай мовы, функцыянавання рэлігійнай лексікі ў розных перакладах і дыялектах беларускай мовы.

Абмеркаванню агульных пытанняў перакладу Свяшчэннага тэксту на розныя мовы, а таксама праблемам крыніцазнаўства было прысвечана пасяджэнне другой секцыі канферэнцыі. Па пытаннях, датычных стасункаў сакральнага і мастацкага, выступілі дакладчыкі трэцяй секцыі “Праблема адлюстравання сакральнага ў беларускай мастацкай літаратуры”, якія прадставілі аналіз твораў асобных беларускіх аўтараў або комплексны агляд беларускай літаратуры пэўнага перыяду ў аспекце азначанага праблемнага поля.

Моўнаму аналізу мастацкіх тэкстаў з пункту гледжання адлюстравання ў іх рэлігійнай тэрміналогіі было прысвечана пасяджэнне чацвёртай секцыі канферэнцыі “Рэлігійны кампанент у мове мастацкіх твораў”.

Падчас закрыцця канферэнцыі ўдзельнікі выказалі меркаванне аб тым, што варта было б працягваць падобныя мерапрыемствы, паколькі актуальнасць і надзённасць пастаўленых пытанняў далёка выходзіць за межы вузкагаліновай праблематыкі і закранае разнастайныя сферы жыцця нашага грамадства.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы