АКАДЭМІЧНАЯ НАВУКА НА СЛУЖБЕ АДУКАЦЫІ

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Вікторыя Іванаўна Уласевіч і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка ўваходзілі ў склад журы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, які адбыўся ў г. Магілёве 23–27 сакавіка 2026 г.

Кітабы апавядаюць

27 сакавіка 2026 г. старшы навуковы супрацоўнік сектара ўсходазнаўства аддзела славістыкі і тэорыі мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Сынкова І. А. правяла майстар-клас, прысвечаны рукапіснай спадчыне беларускіх татар. На сустрэчы, якую арганізавала вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Будзько І. У., прысутнічалі замежныя навучэнцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, грамадзяне Турцыі, Кітая, Туркменістана. Прысутныя змаглі даведацца аб такой унікальнай з’яве культуры, як кітабы, тэфсіры і таджвіды, напісаныя арабскім пісьмом на старажытнай турэцкай, беларускай і польскай мовах. Замежныя госці паспрабавалі самі пачытаць і разабраць старонкі старажытных рукапісаў. Сённяшняя сустрэча пакінула яскравы след у душах навучэнцаў і паспрыяла ўмацаванню культурных стасункаў паміж нашымі краінамі.

Семінар-практыкум "Арабскаграфічнае пісьменства Беларусі"

Сектар усходазнаўства Інстытута мовазнаўства імя Якуба КоласаЦэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі запрашае на семінар:
 
Арабскаграфічнае пісьменства Беларусі 
 
На беларускіх землях на працягу стагоддзяў ствараліся гэтыя рукапісныя кнігі. Яны змяшчаюць тэксты на арабскай, некаторых цюркскіх, а таксама на беларускай і польскай мовах, запісаныя арабскім пісьмом. 
 
Рэлігійныя і дыдактычныя творы, займальныя аповесці і апісанні рытуалаў, знахарскія і астралагічныя тэксты раскрываюць духоўны свет своеасаблівай культуры.
 
Усіх, хто жадае навучыцца чытаць кітабы, мы запрашаем на семінар-практыкум. Заняткі плануем пачаць з 15 красавіка 2026 г. (вул. Сурганава, 1/2, аўд. 302).
 
Прыходзьце! Пакажам, навучым!
 
Дасылаць заяўкі можна на адрас orientalia.albaruthenica@gmail.com
 
У заяўцы можна адзначыць пажаданы час заняткаў. 
 
Кантактны нумар: +375298572671.

АБ Х НАВУКОВА-ПРАКТЫЧНАЙ КАНФЕРЭНЦЫІ “ФИЛОЛОГИЧЕСКАЯ НАУКА В ШКОЛЕ: СОВРЕМЕННОЕ СОСТОЯНИЕ И ПЕРСПЕКТИВЫ РАЗВИТИЯ”

25 сакавіка 2026 г. дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў і загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Ірына Уладзіміраўна Ялынцава прынялі ўдзел у Х навукова-практычнай канферэнцыі “Филологическая наука в школе: современное состояние и перспективы развития”, што адбылася на базе ДУА “Гімназія № 22 г. Мінска”. Арганізатар канферэнцыі – Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі. Вучоныя выступілі з пленарнымі дакладамі. І.Л. Капылоў закрануў актуальныя пытанні скланення прозвішчаў у беларускай і рускай мовах, акрэсліў крытэрыі, якімі варта пры гэтым кіравацца. І.У. Ялынцава пазнаёміла прысутных з вучэбна-метадычнымі і лексікаграфічнымі выданнямі для школы, падрыхтаванымі супрацоўнікамі аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Яна звярнула ўвагу прысутных на тое, што практычна ўсе ўзгаданыя працы вытрымалі па некалькі перавыданняў, а гэта сведчыць пра іх шырокую запатрабаванасць у працэсе школьнага навучання.

У ЛЮСТЭРКУ “РОДНАГА СЛОВА”

Саветам маладых вучоных Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа была арганізавана творчая сустрэча з галоўным рэдактарам навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова» Наталляй Мікалаеўнай Шапран.

Круглы стол “Беларуская народная казка ў кніжных ілюстрацыях”

19 сакавіка 2026 г. у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі  адбыўся круглы стол “Беларуская народная казка ў кніжных ілюстрацыях”, арганізатарамі якога выступілі аддзел фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў (Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы) і сектар этналінгвістыкі і фальклору (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа).

Штучны інтэлект і пераклад

У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбыўся круглы стол «Пераклад у лічбавую эпоху: выклікі, магчымасці, абмежаванні». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзел славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і кафедра сучасных тэхналогій перакладу факультэта міжкультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта замежных моў.

СУСТРЭЧА НА ЗЯМЛІ ЦЯПІНСКАГА

17 сакавіка 2026 г. дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў і супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы – загадчык аддзела Н.В. Паляшчук, вядучыя навуковыя супрацоўнікі І.У. Будзько і Э.В. Ярмоленка наведалі Чашніцкі раённы выканаўчы камітэт і  прынялі ўдзел  у  круглым стале, прысвечаным прадстаўленню апошніх навуковых распрацовак аб асветніцкай і філалагічнай дзейнасці вядомага беларускага дзеяча Васіля Цяпінскага і правядзенню на Чашніччыне мерапрыемстваў у яго гонар.

У люстэрку «Роднага слова»

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа запрашае на творчую сустрэчу з галоўным рэдактарам навуковага і метадычнага часопіса «Роднае слова» Наталляй Мікалаеўнай Шапран.

23 сакавіка ў 12:00

г. Мінск, вул. Сурганава, 1/2, аўд. 302

Кандрат Крапіва: яго творчая спадчына ўчора і сёння

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў прыняў удзел у круглым стале “Кандрат Крапіва: яго творчая спадчына ўчора і сёння”, прысвечаным 130-годдзю з дня нараджэння класіка. Ігар Лявонавіч у сваім выступленні акцэнтаваў увагу на ролі К. Крапівы ў развіцці акадэмічнага мовазнаўства. Менавіта з асобай К.К. Атраховіча звязана вылучэнне Інстытута мовазнаўства з Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва і набыццё ім статуса самастойнай навуковай арганізацыі. У 1952–1956 гг. К.К. Атраховіч працаваў на пасадзе дырэктара Інстытута мовазнаўства. Гэта быў перыяд актыўнага станаўлення навуковых школ і інтэнсіўнага развіцця навуковых мовазнаўчых  напрамкаў. Пры непасрэдным удзеле і пад навуковай рэдакцыяй Крапівы былі выдадзены “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (1963)¸”Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак” (1968), “Граматыка беларускай мовы” (т. 1-2, 1962 –1966), “Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы” (ч. 1–3, 1957–1961), “Руска-беларускі слоўнік” (1953), “Беларуска-рускі слоўнік” (1962), “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (т. 1–5, 1977–1984) і інш.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы