Адбыліся Міжнародныя навуковыя чытанні «Філаматы і філарэты: творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці», прысвечаныя 200-годдзю ўтварэння таварыства.

13–14 снежня 2017  г. адбыліся Міжнародныя навуковыя чытанні «Філаматы і філарэты: творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці», прысвечаныя 200-годдзю ўтварэння таварыства. Навуковае мерапрыемства было арганізавана Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі сумесна з Рэспубліканскім аддзяленнем грамадскай арганізацыі “Міжнародная асацыяцыя беларусістаў”, Польскім Інстытутам у Мінску і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа НАН Беларусі.

Ва ўрачыстым адкрыцці чытанняў прынялі ўдзел дырэктар Польскага Інстытута ў Мінску Матэвуш Адамскі, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцер Яцкевіч, загадчык аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Аляксандр Стэфановіч. На другі дзень мерапрыемства ўдзельнікаў і гасцей прывіталі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Сяргей Гаранін.

Удзел у Міжнародных навуковых чытаннях «Філаматы і філарэты: творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці» прынялі вядомыя беларускія і польскія вучоныя, якія ў сваіх дакладах і падчас дыскусій абмяркоўвалі наступнае кола пытанняў:

1. Дзейнасць Таварыства філаматаў і моладзевых згуртаванняў Віленскага ўніверсітэта 1817–1823 гг. у кантэксце гісторыка-культурнай сітуацыі на беларускіх землях у ХІХ ст.

2. Біяграфія пакалення: лёсы ўдзельнікаў Таварыства філаматаў і філарэтаў у кантэксце гістарычных падзей і з перспектывы часу.

3. Творчая спадчына ўдзельнікаў філамацкага руху: здабыткі ў навуковай, літаратурнай і іншых сферах дзейнасці.

4. Знакамітыя дзеячы філамацкага руху: іх лёсы і творчасць у кантэксце айчыннай і сусветнай культуры (Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Ян Чачот, Тамаш Зан, Антоні Эдвард Адынец і інш.).

5. Філаматы, філарэты і сучаснасць.

 

У сваім дакладзе “Pamięć, projektowanie przyszłości i sztuka przyjaźni w filomackich i zesłańczych listach Tomasha Zana 1817–1839” доктар габілітаваны, прафесар Універсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані Е. Бароўчык падаў аналіз-інтэрпрэтацыю памяці філаматаў пра Вялікае Княства Літоўскае на прыкладзе лістоў Тамаша Зана (Віленскі перыяд і перыяд высылкі ў Арэнбург).

Доктар габілітаваны, прафесар Універсітэта ў Беластоку Д. Завадзка сваё выступленне “Filomaci w pamięci regionalnej i narodowej – na przykładzie podlaskich członków towarzystw wileńskich” прысвяціла функцыянаванню ў Польшчы культурнай памяці пра філаматаў у рэгіянальным і нацыянальным аспектах (на прыкладзе ўдзельнікаў філамацкага руху з Падляшша).

Доктар філалагічных навук, прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава В. Бароўка ў сваім выступленні распавяла пра эстэтычны ідэал пісьменнікаў-філаматаў, які па сваёй прыродзе з’яўляецца рамантычным, а па накіраванасці – патрыятычным; адзначыла, што рэпрэзентацыя гэтага ідэалу дэтэрмінавана творчай індывідуальнасцю і, найперш, аксіялагічнымі ўстаноўкамі аўтараў.

Кандыдат філалагічных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта І. Багдановіч расказала пра рамантычную паэтызацыю “залатога веку” Айчыны ў філамацкай творчасці А. Міцкевіча, Я. Чачота, Т. Зана.

Кандыдат педагагічных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Л. Доўнар у сваім дакладзе разгледзела навуковую дзейнасць І. Лялевеля ў галіне кнігазнаўства і значэнне яго працы “Дзве бібліяграфічныя кнігі” для фарміравання навуковай кнігазнаўчай школы ў Віленскім універсітэце.

Доктар габілітаваны А. Фядута на аснове раней не публікаваных архіўных матэрыялаў распавёў пра ўдалую спробу прэзідэнта Таварыства філаматаў Юзафа Яжоўскага змяніць статус і дамагчыся дазволу вярнуцца на радзіму.

Кандыдат філалагічных навук дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта С. Запрудскі ў дакладзе “Ян Чачот як даследчык беларускай мовы” на прыкладзе прадмовы да “Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны” і іншых прац прааналізаваў ужываныя Чачотам лінгвонімы для абазначэння беларускай мовы, акрэсліў погляды Чачота на месца беларускай мовы сярод суседніх славянскіх моў і адзначыў, што Яна Чачота ў пэўным сэнсе можна назваць адным з пачынальнікаў сацыялінгвістыкі.

Магістр філалогіі і даследчыца гісторыі і культуры татараў Р. Александровіч у сваім выступленні «“Цікавяць мяне падрабязнасці пра твой татарскі слоўнік…”, ці Удзел філаматаў і філарэтаў у жыцці татараў Паволжа» звярнулася да фактаў з біяграфіі ўдзельнікаў Таварыства філаматаў і філарэтаў, якім лёсам было наканавана жыць за межамі Айчыны, і расказала пра лёс Юзафа Крашэўскага, які за ўдзел у тайным таварыстве “Сябры навукі” быў сасланы “под особый контроль” у Казань, дзе пачаў вывучаць арабскую, персідскую і татарскую мовы і на працягу некалькіх гадоў узначальваў Казанскі ўніверсітэт.

Цікавасць выклікалі таксама даклады кандыдата філалагічных навук старшага навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі С. Мінскевіча “СХІІ санет Ф. Петраркі ў перастварэнні А. Міцкевіча”; доктара з Інстытута літаратурных даследаванняў Польскай акадэміі навук Т. Рончка-Язёрскай “Nieznany podarunek Adama Mickiewicza w spuściznie krakowskiego antykwariusza, Ambrożego Grabowskiego”; кандыдата філалагічных навук, незалежнага даследчыка Я. Янушкевіча “Кожны дакумент – як тастамент: недаследаванасць унікальнага архіўнага фонду Тамаша Зана”; кандыдата філалагічных навук, вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі І. Будзько “Рэлігійная лексіка ў творчай спадчыне філаматаў і філарэтаў у аспекце адлюстравання светапогляду аўтараў”; кандыдата гістарычных навук, дырэктара Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Г. Запартыка “Публікацыі Сымона Шалковіча (1840–1886) як крыніцы па гісторыі тайных студэнцкіх таварыстваў”; кандыдата філалагічных навук, дацэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта І. Запрудскага “Філаматы і філарэты ў ацэнках А. Кіркора”; кандыдата мастацтвазнаўства, намесніка мастацкага кіраўніка Творчага аб’яднання “Беларуская капэла” пры Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь С. Немагай “Песенная творчасць філаматаў і філарэтаў у рукапісным зборніку Брыгіты Свентажэцкай”; вядучага бібліёграфа навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Л. Сільновай “Маладзечанская гуманітарна-адукацыйная польская гімназія імя Тамаша Зана (1922–1939): працяг гісторыі “прамяністых”, інш.

Да навуковых чытанняў супрацоўнікамі Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі была падрыхтавана кніжная выстава «Творчая спадчына філаматаў і філарэтаў», у экспазіцыі якой былі прадстаўлены творы філаматаў і філарэтаў, а таксама даследаванні пра іх творчасць і дзейнасць.

Удзельнікаў навуковых чытанняў чакала таксама культурнае мерапрыемства – літаратурна-музычная вечарына “ЗОРКА ФІЛАМАТАЎ”. Вечарына праводзілася ў Доме-музеі Ваньковічаў. Падчас вечарыны гучала музыка Міхала Клеафаса Агінскага, Станіслава Манюшкі, Фрэдэрыка Шапэна ў выкананні ансамбля салістаўВытокі. Вершы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана чыталі дыктар і рэжысёр Беларускага тэлебачання Міхаіл Кіцель і паэтэса Аксана Ючкавіч. Песні на вершы філаматаў выканалі заслужаны артыст Беларусі мастацкі кіраўнік творчага калектыва “Беларуская капэла” Віктар Скарабагатаў і бард Аляксей Жбанаў. У вечарыне ўзялі ўдзел пісьменнікі, перакладчыкі, даследчыкі літаратуры Кастусь Цвірка і Ірына Багдановіч.

Падчас мерапрыемства адбылася таксама прэзентацыя новай кнігі Кастуся Цвіркі “Зорка філаматаў”.

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы