Па слядах ХІІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Сучасныя праблемы лексікаграфіі»

23–24 лістапада 2017 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася ХІІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сучасныя праблемы лексікаграфіі». Суарганізатарамі канферэнцыі выступілі таксама Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Інстытут лінгвістычных даследаванняў РАН і Камісія РАН па лексікалогіі і лексікаграфіі (Расія), Інстытут славістыкі Альпен-Адрыя ўніверсітэта (Аўстрыя), Інстытут Русістыкі Варшаўскага ўніверсітэта (Польшча), Харкаўскае лексікаграфічнае таварыства пры нацыянальным тэхнічным універсітэце «Харкаўскі політэхнічны ўніверсітэт» (Украіна).

Традыцыйна ў канферэнцыі ўдзельнічаюць вядучыя лексікографы блізкага і далёкага замежжа. У гэтым годзе Інстытут мовазнаўства гасцінна сустракаў удзельнікаў з Аўстрыі, Беларусі, Грузіі, Польшчы, Расіі, Украіны, якія прадстаўлялі каля 60 ВНУ. Усяго на канферэнцыю было пададзена больш за 100 заявак. Пра значнасць і актуальнасць канферэнцыі сведчыць удзел у ёй не толькі вядомых лінгвістаў-лексікографаў, але і спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій і сумежных навук.

Падчас канферэнцыі вучоныя абмеркавалі фундаментальныя тэарэтычныя і практычныя аспекты лексікаграфіі, пытанні распрацоўкі розных тыпаў і жанраў слоўнікаў, асаблівая ўвага была засяроджана на камп'ютарных і корпусных тэхналогіях у галіне лексікаграфіі.

Пленарнае пасяджэнне пачалося з даклада прафесара кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Л.В. Рычковай «Организационно-научная коммуникация как фактор оптимизации работы над словарем», у якім былі прааналізаваны тыпы навуковай камунікацыі і прапанаваны падыход, які дазволіць зрабіць лексікаграфічную дзейнасць спецыялістаў больш эфектыўнай.

У дакладзе «Уточнения к определению лексических параллелей» прафесар НТУ «Харкаўскі політэхнічны ўніверсітэт» У.У. Дубічынскі і прафесар кафедры славістыкі Клагенфурцкага ўніверсітэта Ц. Ройтэр удакладнілі паняцце знешняга падабенства лексічных паралелей з улікам фанетычнага/фаналагічнага, словаўтваральнага і морфасінтаксічнага аспектаў, што падаецца асабліва важным для перакладазнаўства і супастаўляльнай лексікалогіі.

Лексікаграфічнай апрацоўцы дыялектнай мовы быў прысвечаны пленарны даклад члена-карэспандэнта РАН С.А. Мызнікава «Каузативные глаголы в севернорусских говорах: проблемы лексикографического описания», які акцэнтаваў увагу на працэсах узаемадзеяння розных дыялектных сістэм на лексіка-граматычным узроўні. На думку даследчыка, ужыванне ў паўночнарускіх дыялектах каўзатыўных дзеясловаў са спецыяльным марфалагічным маркерам звязана як з непасрэднымі кантактамі, так і з этнамоўнай асіміляцыяй насельніцтва.

Вялікую зацікаўленасць выклікала выступленне акадэміка НАН Украіны У.А. Шырокава, які сумесна са старшым навуковым супрацоўнікам Украінскага моўна-інфармацыйнага фонду НАН Украіны І.В. Астапавай падрыхтаваў даклад «Парадигма цифрового лексикографического пространства и метод виртуальных лексикографических лабораторий». Вучоныя расказалі аб распрацаванай у гэтым  фондзе тэхналогіі віртуальных лексікаграфічных лабараторый у якасці асноўнага сродку стварэння лексікаграфічных рэсурсаў у лічбавым асяроддзі, вызначылі функцыі віртуальных лабараторый і комплекс інструментальных сродкаў для іх.

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута ўкраінскай мовы НАН Украіны У.М. Труб выступіў з дакладам «Oб активном русско-украинском словаре сочетаемости существительных», апісаў структуру і прынцыпы пабудовы слоўніка, галоўная задача якога – адлюстраванне несвабоднай лексічнай спалучальнасці субстантыўных адзінак. Такі слоўнік мае несумненную навуковую і дыдактычную вартасць, ён разлічаны, як адзначыў аўтар, на любога карыстальніка незалежна ад прафесійнай арыентацыі і ўзросту.

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў у сваім дакладзе «Новы тлумачальны слоўнік беларускай мовы: лексікаграфічная пераемнасць і сучасныя падыходы» паведаміў пра напрацоўкі беларускіх лексікографаў, адзначыў сучасныя падыходы, якія ляглі ў аснову навуковай канцэпцыі новага акадэмічнага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы.

Замежных удзельнікаў асабліва зацікавіла прэзентацыя набыткаў сучаснай беларускай акадэмічнай лексікаграфіі, якая адбылася падчас пленарнага пасяджэння. Беларускія вучоныя расказалі пра ўкладанне зводнага слоўніка беларускіх гаворак і этымалагічнага слоўніка беларускай мовы, а таксама прадставілі такія выданні, як «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» ў 37 выпусках, «Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы», граматычныя слоўнікі дзеяслова, назоўніка, займенніка, прыметніка і лічэбніка, «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы», «Слоўнік мовы "Нашай Нівы"», даведнік «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» і інш.

Праграма навуковага мерапрыемства была вельмі насычаная, уключала працу 12 тэматычных блокаў, прысвечаных розным аспектам лексікаграфічнай дзейнасці: метадалагічныя і лінгвістычныя аспекты лексікаграфіі; камп’ютарная і корпусная лексікаграфія; гістарычная лексікаграфія; тэрмінаграфія, тэрміналагічныя базы і банкі звестак; перакладаная і вучэбная лексікаграфія; ідэаграфічныя, статыстычныя, анамастычныя і іншыя слоўнікі і інш.

У межах тэматычнага блока «Гістарычная лексікаграфія» ўдзельнікі канферэнцыі І.А. Малышава, А.У. Генералава, Т.Д. Коркіна, Я.А. Пянькова і А.Я. Собалева разглядалі пытанні ўкладання і ўдасканалення гістарычных слоўнікаў рускай мовы, пашырэння іх крыніц. Асаблівасцям апісання лексікі ў «Гістарычным слоўніку беларускай мовы» былі прысвечаны даклады І.У. Будзько і Н.В. Паляшчук.

С.С. Волкаў расказаў аб праекце тэрміналагічнага слоўніка «Грамматика М. В. Ломоносова», яго задачах, прынцыпах укладання, крыніцах і структуры слоўнікавага артыкула. Да ранніх славянскіх перакладных слоўнікаў звярнуўся В.В. Шапавал у дакладзе «Об одном типе ранних славянских словарей» і даў іх падрабязнае апісанне. А.К. Шапашнікаў падагульніў задачы, якія стаяць перад укладальнікамі «Этимологического словаря славянских языков. Праславянский лексический фонд».

Н.В. Пятаева прапанавала праект слоўніка новага тыпу – гнездавы дыяхранічны слоўнік, які дазволіць кампактна і наглядна прадэманстраваць развіццё генетычна блізкіх лексем, паказаць іх дэрывацыйныя сувязі ў дыяхраніі.

Праблемы лексікаграфічнага апісання розных тыпаў онімаў былі разгледжаны І.А. Гапоненка, Б.Г. Гасекам, Н.М. Сянкевіч у тэматычным блоку «Ідэаграфічныя, статыстычныя, анамастычныя і іншыя слоўнікі». Зацікавілі ўдзельнікаў канферэнцыі даклады А.А. Юрынай і А.В. Балдавай, прысвечаныя апісанню «Cловаря русской пищевой метафоры», які ўключае ў свой склад словы і выразы, матываваныя найменнямі аб’ектаў гастранамічнай сферы. А.І. Альхоўская звярнулася да антропацэнтрычнай парадыгмы ў лексікаграфіі, выявіла ключавыя палажэнні і значымыя параметры апісання слова ў слоўніку пры такім падыходзе. На аснове аналізу слоўнікавай прадукцыі В.Д. Чарняк адзначыла выразную сацыякультурную накіраванасць сучаснай лексікаграфіі і паказала цесную сувязь назвы слоўніка з яго асноўнымі характарыстыкамі.

Удзельнікі тэматычнага блока «Тэрмінаграфія, тэрміналагічныя базы і банкі звестак» абмеркавалі пытанні функцыянавання тэрмінаадзінак розных галін навукі на сучасным этапе і праблемы іх падачы ў лексікаграфічных выданнях. В.Г. Будыкіна апісала макра- і мікраструктуру аўтарскага двухмоўнага слоўніка тэрмінаў вышэйшай адукацыі. К.П. Любецкая выступіла з дакладам «Праблемы лінгвістычнага ўпарадкавання беларускай анатамічнай тэрміналогіі (на матэрыяле анатамічнай тэрмінаграфіі)». Н.І. Даніліна прапанавала праект гнездавога слоўніка лінгвістычных тэрмінаў грэка-лацінскага паходжання, які дае магчымасць іх рознааспектнага вывучэння. З дакладам выступілі І.У. Кандраценя і В.М. Нікалаева, якія расказалі пра адметнасці функцыянавання грамадска-палітычнай і юрыдычнай тэрміналогіі.

На тэматычным блоку «Перакладная і вучэбная лексікаграфія» ўвага даследчыкаў была скіравана на вызначэнне ролі і месца лексікаграфічных выданняў у працэсе навучання. Н.В. Папова і В.У. Зіноўева прапанавалі  комплекс заданняў з выкарыстаннем анлайнавых слоўнікаў Multitran, Abbyy Lingvo і Collins Cobuild для аптымізацыі навучання студэнтаў, а М.М. Раманкевіч разгледзела магчымасць прымянення асацыятыўных слоўнікаў. Выклікаў значную цікавасць даклад Ю.В. Крышнёва «Да пытання ўкладання слоўніка тэрмінаў радыёэлектронікі і інфармацыйна-вымяральнай тэхнікі». На спецыфіку падачы семантыкі экзатызмаў у слоўніку звярнула ўвагу М.А. Кузіна ў дакладзе «Лексикографическое описание экзотизмов: баланс лингвистической и энциклопедической информации».

У межах тэматычнага блоку «Новыя слоўнікавыя праекты» М.Л. Аляксеева апісала новы тып двухмоўных слоўнікаў – дыяхранічны перакладны слоўнік-даведнік, распрацаваны на аснове корпусаў паралельных перакладаў, зробленых у розныя часавыя перыяды. В.М. Карчажкіна выступіла з праектам інтэрактыўнага суфіксальнага слоўніка англійскай мовы, які мае ў першую чаргу практычную значнасць – падрыхтоўка рускіх школьнікаў да адзінага дзяржаўнага экзамена па англійскай мове. В.У. Уласевіч у сваім дакладзе «Беларуская акадэмічная неаграфія: сучасны стан і перспектывы развіцця» апісала асноўныя дасягненні беларускай акадэмічнай неаграфіі, вызначыла асноўныя тэндэнцыі і некаторыя  праблемы ў апісанні новых слоў.

У тэматычным блоку «Метадалагічныя і лінгвістычныя аспекты лексікаграфіі. Камп'ютарная і корпусная лексікаграфія» асаблівую цікавасць выклікаў даклад У.А. Кошчанкі і А. Булойчыка, прысвечаны камп’ютарнай праграме па ўкладанні слоўнікаў. Аўтары далі яе падрабязнае апісанне, прадэманстравалі магчымасці стварэння розных тыпаў слоўнікаў. З цікавасцю слухалі даклад А.Ю. Станкевіч «Система ссылок на источники в корпусе контекстов для словаря социально значимой специальной лексики». Н.А. Снігірова, А.М. Лапцёнак, С.В. Ліпніцкая закранулі некаторыя тэарэтычныя  пытанні канцэпцыі новага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы.

У межах тэматычнага блоку «Аўтарская лексікаграфія» даследчыкі прааналізавалі розныя лексіка-граматычныя катэгорыі на прыкладзе аўтарскіх слоўнікаў. Індывідуальна-аўтарскія ўтварэнні на прыкладзе твораў І. Дзюбы апісала І.А. Самойлава. Ландшафтная лексіка на матэрыяле частотнага слоўніка мовы А.М. Астроўскага прыцягнула ўвагу  Н.С. Ганцоўскай і Г.Д. Няганавай. Такія нацыянальна адметныя адзінкі мовы, як гукаперайманні і выклічнікі, сталі прадметам аналізу І.У. Галузы, якая звярнулася да творчай спадчыны Язэпа Драздовіча. Л.Л. Шастакова прадэманстравала, як вырашаецца пытанне стылістычнай маркіроўкі лексікі ў сучасных аўтарскіх слоўніках. Даследчыца прыйшла да высновы, што стылістычныя паметы служаць у тым ліку і для эксплікацыі рыс індывідуальнага стылю пісьменніка.

Пытанні лексікаграфавання дыялектнай лексікі сталі прыярытэтнымі на тэматычным блоку «Лексікаграфічнае апісанне дыялектаў, сацыялектаў, жаргонаў і іншых камунікатыўных варыянтаў моў». І.П. Вярба выступіла з дакладам «Словарь русского народного языка А Н. Островского: принципы составления, лексикографические приемы», Л.П. Кунцэвіч апісала некаторыя лексікаграфічныя і этнаграфічныя крыніцы, якія былі выкарыстаны пры ўкладанні Зводнага слоўніка беларускіх гаворак. Праект ідыялектнага слоўніка прадставіла Г.М. Старыкава, даследчыца апісала яго лексічны склад і структуру.

У рамках канферэнцыі быў праведзены круглы стол памяці выдатнага рускага лексікографа А.С. Герда (1936–2016), падчас якога адбылося абмеркаванне творчых набыткаў рускага вучонага, асэнсаванне яго ролі ў развіцці рускай лексікаграфіі, удзельнікі таксама падзяліліся асабістымі ўспамінамі пра навукоўца.

Асаблівай увагі заслугоўвае і круглы стол, прысвечаны 40-годдзю выхаду першага тома «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы». Удзельнікаў круглага стала віталі дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры А.І. Лакотка, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра, акадэмік НАН Беларусі А.А. Лукашанец, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў, якія падкрэслілі выключную ролю «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» ў айчыннай лексікаграфіі. Сярод гасцей прысутнічалі аўтары-ўкладальнікі слоўніка, ветэраны Інстытута А.К. Усціновіч, Г.Ф. Вештарт, Н.М. Лявончык і А.В. Цімашкова, якім былі ўручаны ганаровыя граматы. Шаноўныя  госці падзяліліся вопытам работы над першым у беларускім мовазнаўстве фундаментальным акадэмічным тлумачальным слоўнікам.

Абмеркаваныя на форуме даклады сведчаць пра высокі творчы патэнцыял удзельнікаў канферэнцыі, шырыню іх навуковых інтарэсаў, актуальнасць прадстаўленых даследаванняў, што паспрыяе далейшаму развіццю лексікаграфічнай навукі.

Не менш насычанай была і культурная праграма канферэнцыі, якая пачалася з экскурсіі ў Музей старабеларускай культуры НАН Беларусі, мела працяг у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа і завяршылася наведваннем Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу і замкавага комплексу Мір.

 

А.М. Лапцёнак

 

 


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы