ЧАЛАВЕК, ЯКІ АПЯРЭДЗІЎ ЧАС

Круглы стол “В.У. Мартынаў – заснавальнік акадэмічнай славістычнай школы”, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Віктара Уладзіміравіча МАРТЫНАВА, прайшоў 30 студзеня ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа.
 
В.У. Мартынаў – доктар філалагічных навук (1969), прафесар (1971). Занесены ў «Кнігу гонару» ЗША (1989). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1990). Стаў чалавекам стагоддзя і атрымаў узнагароду ХХ ст. Брытанскага біяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы (1993).
 
Віктар Уладзіміравіч Мартынаў нарадзіўся 25 студзеня 1924 г. З 1962 г. па 1990 г. ён узначальваў аддзел агульнага і славянскага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (цяпер – аддзел славістыкі і тэорыі мовы). Навуковая дзейнасць даследчыка мела выключнае значэнне для беларусістыкі, славістыкі, этымалогіі, а таксама кампаратывістыкі, фармалізацыі семантыкі і лінгвістычных аспектаў праблем штучнага інтэлекту. Аддзел, які ўзначальваў знаны вучоны, ушанаваў памяць В.У. Мартынава падчас навуковага мерапрыемства.

 

Віктар Уладзіміравіч Мартынаў – загадчык кафедры замежных моў Адэскага ўніверсітэта, 1952 – 1960 гг.
 
На круглым стале выступіла дачка Віктара Уладзіміравіча – Таццяна Віктараўна Паплаўская, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры маўлення і міжкультурнай камунікацыі МДЛУ. Яна падзялілася фотаздымкамі з сямейнага архіва, расказала пра бацьку, пра цесныя цёплыя ўзаемаадносіны ў сям’і, пра яго навуковую дзейнасць, якая так ці інакш уплывала на сямейнае жыццё.
 
 
В.У. Мартынаў нарадзіўся ў Адэсе, звычайным радавым прайшоў Вялікую Айчынную вайну, удзельнічаў у баявых дзеяннях у Малдове, Югаславіі, Аўстрыі, Румыніі, Балгарыі, Венгрыі. Але, як адзначыла Таццяна Віктараўна, вайну ўспамінаць не любіў, мог згадаць толькі некаторыя эпізоды. У зборніку “В центре сознания человека” (Мінск, 2009) апублікавана апавяданне “Тры дні вайны” яго аўтарства.
 
З 1960 жыццё Віктара Уладзіміравіча звязана з Беларуссю. З гэтага часу вучоны ўзначальваў створаны ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа сектар, а пазней аддзел агульнага і славянскага мовазнаўства. Пра гэты перыяд дзейнасці падзяліліся ўспамінамі калегі Генадзь Апанасавіч Цыхун, доктар філалагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы, і Раіса Мікалаеўна Малько, кандыдат філалагічных навук, былы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы. 
 
 

Менавіта ў гэты час быў распрацаваны праспект “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы”, распачаты збор матэрыялаў, стварэнне картатэкі слоўніка. В.У. Мартынаў з’яўляўся сааўтарам і галоўным рэдактарам першых васьмі тамоў “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы” (1978–1993 гг.). У межах дзейнасці аддзела праводзіліся славістычныя даследаванні розных кірункаў, у тым ліку па праблемах лакалізацыі прарадзімы славян. Наватарская праца В.У. Мартынава 1963 г. “Славяно-германское лексическое взаимодействие древнейшей поры: к проблеме прародины славян”, прысвечаная найстаражытнейшым славяна-германскім лексічным стасункам, была першай кнігай з серыі яго манаграфій 1963–1988 гг. па гэтай фундаментальнай славістычнай праблеме.

Упершыню з асвятленнем кагнітыўных аспектаў перакладазнаўства ў літаратуразнаўчых працах В.У. Мартынава выступіла Лапцёнак Ірына Браніславаўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскай лабараторыі гісторыка-культурнай спадчыны Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

 
Віктар Уладзіміравіч з калегамі з Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа
 
 В.У. Мартынаў у час адной з палескіх палявых экспедыцый на чале з М.І. Талстым.
 
Адзін з важнейшых напрамкаў дзейнасці ў аддзеле на чале з Віктарам Уладзіміравічам – аўтаматызацыя лінгвістычных даследаванняў, для чаго была створана адмысловая група, адна частка якой працавала над канкардансамі беларускай мовы, іншая – займалася распрацоўкай універсальнага семантычнага коду (УСК). Пра працу над канкардансамі расказала Ніна Міхайлаўна Сянкевіч, навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы, якая і распачынала гэтую працу ў 1979 г. У 1985 г. выйшла публікацыя ў газеце “За передовую науку” (цяпер “Навука”) пра падрыхтоўку канкарданса беларускай мовы ХІХ ст.
 
 
 З часам змянілася тэхналагічнае абсталяванне і інавацыйныя тэхналогіі, з-за чаго падрыхтаваная частка канкардансаў была страчана. Аднак у пачатку 2000-х гг. Ніна Міхайлаўна аднавіла гэтую працу. І ў 2011 г. на дыску быў выдадзены “Канкарданс Кандрата Крапівы”, які дае поўную інфармацыю пра мову пісьменніка за ўвесь перыяд яго творчай і навуковай дзейнасці. У 2015 г. быў выдадзены таксама “Канкарданс беларускай мовы XIX стагоддзя” (Аўтар-складальнік Н. М. Сянкевіч. – Мінск: “Беларуская навука”, 2015.), а ў 2019 г. пабачыла свет яго другое, дапоўненае, выданне.
 
 
Дзейнасць іншай часткі групы аўтаматызацыі была прысвечана распрацоўцы УСК – мовы прадстаўлення ведаў і пабудовы дыялогу “чалавек – камп’ютар”. Пра гэту працу расказалі супрацоўнікі аддзела таго перыяду Казлоўскі Сяргей Усеваладавіч, Фурс Сяргей Мікалаевіч і Бойка Ігар Міхайлавіч.
 
 
Як адзначыў С.У. Казлоўскі са спасылкай на колішнія словы В.У. Мартынава, “у мове важны узус – выкарыстанне некаторых устойлівых канструкцый з усіх, якія ў прынцыпе магчымыя”. Далей выступоўца патлумачыў простымі словамі, чаму распрацоўка УСК В.У. Мартынава – унікальная з’ява: “Нейрасеткі зараз выкарыстоўваюць гатовыя шаблоны. Але мова як камбінаторная сістэма значная багацейшая… Ніякая логіка, матэматыка не могуць апісаць свет у цэлым, як мы яго бачым. Гуманітарыі ў гэтым сэнсе бачаць па-іншаму, у параўнанні, напрыклад, з матэматыкамі. І гэта правільна. Толькі спалучэнне двух падыходаў, а менавіта, абагульняючыя правілы і сукупнасць ведаў аб узусе, тое, што сапраўды рэалізавана ў маўленні, рэальным свеце, дае дастаткова поўную карціну свету і нясе той сэнс, якога не хапае камп’ютарам да гэтага часу. І яшчэ не будзе хапаць дастаткова доўга. Стварэнне УСК прыпадае на 80-ыя гг. ХХ ст., але, паводле ўзроўню, гэта распрацоўка канца ХХІ ст. Віктар Уладзіміравіч Мартынаў гадоў прыблізна на сто апярэдзіў свой час. Яго працы абавязкова будуць запатрабаваныя”.
 
У 1989 г. В.У. Мартынаў удзельнічаў ва Устаноўчым сходзе Савецкай асацыяцыі штучнага інтэлекту (САИИ – Советская ассоциация искусственного интеллекта) у г. Каломна (на фота).
 
 
Успамінамі пра Віктара Уладзіміравіча падзяліліся і пра супрацоўніцтва з ім расказалі таксама яго калегі: Ніна Барысаўна Мячкоўская, доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, і Зінаіда Андрэеўна Харытончык, доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры тэарэтычнага і прыкладнога мовазнаўства Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.
 
У цэлым, па выніках круглага стала відавочна, што спадчына Віктара Уладзіміравіча Мартынава яшчэ чакае свайго поўнага асэнсавання, а яго распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту апярэдзілі свой час.
 
Т. Аліферчык, загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы