Прэзентацыя кнігі «Г. З. Шкляр. Выбраныя працы. Моўная спадчына»

16 лютага ў межах Тыдня роднай мовы ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылася прэзентацыя новага акадэмічнага выдання «Г. З. Шкляр. Выбраныя працы. Моўная спадчына» (2020). Гэта кніга, прысвечаная жыццю і навуковай дзейнасці лінгвіста Герцаля Залманавіча Шкляра, мае крыху незвычайны лёс. Яна падрыхтавана да друку ў рамках міжнароднага навуковага супрацоўніцтва на падставе Дамовы, заключанай у 2017 г. паміж Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры і Кастрамскім дзяржаўным універсітэтам. Таму працавалі над ёй два бакі – беларускі і расійскі. Укладальнікамі ад Беларусі былі Вераніка Мікалаеўна Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, і Ігар Лявонавіч Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. З расійскага боку рукапіс рыхтавалі прафесар Кастрамскога ўніверсітэта Ніна Сямёнаўна Ганцоўская і кандыдат культуралогіі Галіна Дзмітрыеўна Няганава. Публікацыя ўбачыла свет у выдавецтве «Беларуская навука».

З улікам таго, што ў падрыхтоўцы выдання былі задзейнічаны беларускія і расійскія даследчыкі, то і прэзентацыя кнігі стала міжнародным мерапрыемствам. Вельмі адметна, што перад прысутнымі праз сродкі відэасувязі выступілі многія прадстаўнікі расійскага боку. Сярод іх рэктар Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Рудольфавіч Навумаў, які павіншаваў усіх, хто працаваў над выданнем, выказаўшы ім шчырыя словы ўдзячнасці. Асаблівую ўвагу выступоўца акцэнтаваў на важнасці публікацыі для дзвюх устаноў – Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта. З выхадам кнігі вяртаецца да жыцця не толькі памяць аб таленавітым даследчыку, які шмат зрабіў у галіне беларусазнаўства і рускай дыялекталогіі, але і яго працы, фактычна не вядомыя ў славянскай філалогіі. Аляксандр Рудольфавіч выказаў таксама надзею, што бліскучы пачатак плённага міжнароднага супрацоўніцтва будзе працягнуты і далей.

Відэасувязь. Выступае рэктар Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта А. Р. Навумаў

 

Ніна Фёдараўна Басава, бібліёграф Кастрамской абласной навуковай бібліятэкі, асабіста ведала сям’ю Шкляраў, сябравала з іх дачкой. Таму яе выступленне было адметным. Прыватныя ўспаміны пра Г. З. Шкляра – гэта яшчэ адна дадатковая магчымасць атрымаць больш шырокія веды пра яго як асобу, бацьку.

Шмат цікавага пра працу над кнігай расказалі прысутным Н. С. Ганцоўская і Г. Д. Няганава. Асабліва запамінальным стаў аповед прафесара Ніны Сямёнаўны Ганцоўскай. Студэнтка Ніна Ганцоўская слухала лекцыі выкладчыка Г. З. Шкляра. Захапленне лектара жывой мовай, гаворкамі Кастрамскога краю, перайшло ад выкладчыка да слухача. Ніне Сямёнаўне, як некалі настаўніку, прыйшлося самой не раз прайсці сцежкамі Г. Шкляра. Гэта было і калі выкладчыкі разам са студэнтамі збіралі матэрыялы для дыялекталагічнага атласа рускай мовы, і калі назапашваліся матэрыялы для ўласнай даследчай працы пры напісанні доктарскай дысертацыі. Дзякуючы асабістаму знаёмству з дачкой Г. З. Шкляра, Н. С. Ганцоўская атрымала на памяць манаграфічнае даследаванне, падрыхтаванае моваведам і ўпершыню пасля карпатлівай працы над ім апублікаванае ў выдадзенай кнізе.

Відэасувязь. Выступаюць Н. С. Ганцоўская і Г. Д. Няганава

 

Шчырыя, цёплыя ўспаміны кастрамічоў толькі абвастрылі цікавасць да асобы Герцаля Залманавіча Шкляра як лінгвіста, да ягонай моўнай спадчыны.

На важнасці кнігі «Г. З. Шкляр. Выбраныя працы. Моўная спадчына», якае вяртае з небыцця фактычна новае для беларускага мовазнаўства імя, а тым самым раскрывае малавядомыя для сучасных філолагаў старонкі акадэмічнай гісторыі ў трагічны для яе час, 30-я гады 20-га ст., засяродзілася ў сваім выступленні прафесар І. А. Гапоненка.

Выступае І. А. Гапоненка

 

Лёс моваведа насамрэч поўны загадак і таямніц. Пра навукоўца Г. С. Шкляра і пра тое, што ўдалося даведацца пра яго пры падрыхтоўцы кнігі да выдання, расказала прысутным В. М. Курцова.

Г. З. Шкляр – таленавіты лінгвіст, вучоны, які шмат зрабіў у беларускім мовазнаўстве і гебраістыцы ў 1930-я гады ХХ ст., у расійскай лінгвістыцы ў 1940–50-я гады. Аднак, чым канкрэтна займаўся Г. З. Шкляр, працуючы ў Акадэміі навук, куды быў залічаны пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, да выхаду кнігі амаль нічога не было вядома. Паказальны з гэтага боку наступны факт. У хрэстаматыі «Гісторыя беларускага мовазнаўства (1918–1941)», уключаныя публікацыі якой суправаджаюцца інфармацыйна-даведачнымі звесткамі пра аўтараў, пры прозвішчы Г. З. Шкляра напісана: «Дакладных звестак аб жыцці і дзейнасці Г. З. Шкляра не выяўлена». Персанальным артыкулам імя даследчыка і яго працы не адзначаны ні ў бібліяграфічных, ні ў іншых інфармацыйных крыніцах. І толькі ў электронным рэсурсе «Российская еврейская энциклопедия» змяшчаюцца наступныя сціслыя звесткі: «ШКЛЯР Г. (? – ?), лингвист. Работал в еврейском отд-нии АН БССР. Публиковал науч. ст. в журн. и сб-ках, участвовал в дискуссиях о яз. идиш. Автор работ : “Идише диалектология” (сб. “Цум 15-тн Йортог Октябер революцие”. Минск, 1932), “Кегн нацдемизм ин дер советишер идишер шпрах-бойунг” (“Против нацдемизма в советском языковом строительстве”. “Юнгер арбетор”. Минск, 1934) и др. Опубликовал совм. с С. Рохкинд “Идиш-русишер вертербух” (“Еврейско-рус. Словарь”. Минск, 1940)”». Імя Герцаля Шкляра можна таксама сустрэць у артыкуле П. А. Дружыніна «Филологический факультет Московского университета в 1949 году. Избранные материалы», які змяшчаецца ў адным з электронных рэсурсаў. У згаданым артыкуле яно называецца ў сувязі з сумна вядомымі падзеямі «барацьбы з касмапалітызмам», што абвастрылася ў 1949 г. Гэта, лічы, усё. Таму вельмі важна, што Уладзімір Канстанцінавіч Смарчкоў, кастрамскі філолаг-краязнаўца, гісторык, які, на жаль, не дачакаўся публікацыі кнігі, падрыхтаваў асабовую справу Г. З. Шкляра, сабраўшы па крупінках усё, што змог знайсці ў горадзе. Дзякуючы руплівасці В. К. Смарчкова і Н. С. Ганцоўскай з’явіліся ў расійскім друку першыя публікацыі пра выкладчыка, лінгвіста, дыялектолага Г. З. Шкляра.

Пра навуковую дзейнасць Г. З. Шкляра ў мінскі перыяд атрымалася даведацца са звестак, якія зберагліся ў Цэнтральным навуковым архіве НАН Беларусі як біяграфічныя факты-расповеды пра навуковае жыццё моваведа. Супрацоўнікі архіва К. В. Сыцько і Д. А. Крэнт адфатаграфавалі наяўныя ў справе Г. З. Шкляра артэфакты і даслалі іх для працы над кнігай. Прысутны на прэзентацыі Д. А. Крэнт падзяліўся інфармацыяй аб дакументах, якія захоўваюцца сёння ў архіве, і аб магчымасці працаваць над імі ў будучым.

Выступае Д. А. Крэнт

 

Важным архіўным артэфактам для ўкладальнікаў кнігі стаў таксама і яшчэ адзін унікальны дакумент. Гэта ліст Г. З. Шкляра віцэ-прэзідэнту АН БССР Якубу Коласу, які захоўваецца ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

З Якубам Коласам Герцаль Залманавіч Шкляр меў цесныя навуковыя стасункі ў мінскі і ў ваенны перыяды сваёй дзейнасці (тады ён знаходзіўся ў Кастраме). Лінгвіст разам з Якубам Коласам, а таксама з К. І. Гурскім рэдагавалі падручнік для ВНУ «Сінтаксіс беларускай мовы». Відаць, пытанням ролі і месца Якуба Коласа ў нацыянальным моватворчым працэсе, калі меркаваць па назве, была прысвечана падрыхтаваная Г.  З.  Шклярам праца «Я. Колас у гісторыі беларускай мовы». Ёсць таксама нашы асабістыя думкі, пакуль яшчэ не падмацаваныя дакументальна, што даследчык Г.  Шкляр, які быў залічаны ў склад навуковых супрацоўнікаў АН БССР на ваенны час з гарантаванай аплатай, аказаўся там не без падтрымкі віцэ-прэзідэнта.

Зусім невыпадкова, што Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, унучка Якуба Коласа па бацькавай лініі, адзначыла ў сваім выступленні важнасць з’яўлення кнігі «Г. З. Шкляр. Выбраныя працы. Моўная спадчына», бо з яе публікацыяй адкрываецца яшчэ адна старонка пра навуковы бок дзейнасці Якуба Коласа.

В. М. Курцова і М. М. Міцкевіч

 

Прэзентуючы кнігу, В. М. Курцова расказала і пра тое, як пакрысе ўдалося сабраць звесткі пра даследчыка, праўда, досыць абмежаваныя.

 

З біяграфічных матэрыялаў вядома, што Г. З. Шкляр нарадзіўся ў г. Барысаве. Яго бацька, саматужнік-сталяр, карыстаўся ў мясцовым асяроддзі славай дасведчанага, разумнага чалавека. Лёс сям’і аказаўся тыповым для тысяч яўрэяў Беларусі, якія засталіся ў акупацыйнай зоне. Сям’ю расстралялі.

 

  

 

Сярод архіўных дакументаў збераглася заява Г. З. Шкляра аб залічэнні яго на працу ў Акадэмію навук.

 

 

Выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у якім ён потым працаваў па сумяшчальніцтве, быў залічаны навукова-тэхнічным працаўніком яўрэйскага сектара ў канцы 1930 г. Пачатак працы Г. З. Шкляра ў Беларускай акадэміі навук (з 1936 г. АН БССР) прыпадае на трагічны перыяд яе функцыянавання. Вясной–летам 1930 г. у Акадэміі навук былі арыштаваны звыш 30 чалавек. У канцы 1930 г. са складу акадэмікаў былі выключаны моваведы Я. Ю. Лёсік, С. М. Некрашэвіч, В. Ластоўскі. У 1933 г. адбылася атэстацыя работнікаў Акадэміі за 1932 г. У спісе прадстаўнікоў Інстытута яўрэйскай пралетарскай культуры, падлеглых атэстацыі, засведчана таксама прозвішча Герцаля Шкляра. Па выніках праверкі ён быў ахарактарызаваны «правераным навуковым работнікам».


Ведаць гэтыя факты з біяграфіі Г. З. Шкляра неабходна па той прычыне, што яны дазваляюць зразумець у наступным метамову яго навуковых тэкстаў, напісаных у мінскі перыяд жыцця.

У яўрэйскім сектары Г. З. Шкляр разам з іншымі даследчыкамі займаўся ўкладаннем Тлумачальнага слоўніка яўрэйскай мовы. Праца працягвалася да 1936 г. Яна засталася незавершанай. Пасля наступнай хвалі арыштаў у Акадэміі ў 1936–1937 гг. у яўрэйскім сектары засталіся, як успамінала С. Л. Рохкінд, толькі яна і Герцаль Шкляр. Працаваць над слоўнікам не было каму. З-за гэтых акалічнасцей на базе матэрыялаў тлумачальнага слоўніка Г. З. Шкляр і С. Л. Рохкінд падрыхтавалі перакладны “Яўрэйска-рускі слоўнік”. Ён выйшаў у канцы 1940 г. (на вокладцы пазначаны 1941 г.).

 

Прыкладна ў гэты ж часавы прамежак Г. З. Шкляру даручалася даследаваць лексічны склад ідыш ХVII–ХVIIІ стст. на тэрыторыі Польшчы і Беларусі. Вывучэнне лексічнай сістэмы планавалася правесці на працягу 1936 г., інакш кажучы, на завяршальным этапе працы над слоўнікам.

Мабыць, пасля 1936–1937 гг. Г. З. Шкляр не займаўся новымі навуковымі даследаваннямі ў галіне гебраістыкі, у любым выпадку дакументальныя пацверджанні наконт гэтага адсутнічаюць.

Архіўныя, а таксама біяграфічныя матэрыялы, змешчаныя ў кнізе, сведчаць, што з 1937–1940 гг. даследчык інтэнсіўна працаваў у галіне беларусістыкі. Ён укладаў беларуска-рускі і руска-беларускі слоўнікі (пра ўдзел у складанні слоўнікаў Г. Шкляр узгадвае ў аўтабіяграфіі), яму таксама даручалася даследаванне паланізмаў у беларускай мове, праца над дзейным беларускамоўным правапісам. У гэты ж час ім было напісана даследаванне «Я. Колас у гісторыі беларускай мовы». Публікацыя рыхтавалася да друку ў спецыяльным зборніку АН БССР у 1941 г.

Акрамя таго, разам з іншымі моваведамі даследчык працаваў над падрыхтоўкай падручнікаў «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939), «Курс сучаснай беларускай мовы (фанетыка, марфалогія, лексіка)» (1940).

Мінскі перыяд дзейнасці Г. З. Шкляра характарызуецца яшчэ адным адметным фактам. У час працы ў Акадэміі лінгвіст падрыхтаваў дысертацыйнае даследаванне «Асаблівасці мовы Літоўскага статута”. Абарона не адбылася з-за пачатку вайны. У архіўных крыніцах рукапіс пакуль што не знайшоўся.

Пераклік зробленага Герцалем Залманавічам Шклярам у АН БССР сведчыць, што гэта быў перыяд надзвычай актыўнай навуковай дзейнасці, плённы і багаты па сваіх выніках. Вайна перапыніла яго.

У чэрвені 1941 г. разам з сям’ёй Г. З. Шкляр здолеў дабрацца да г. Яраслаўля, а потым пераехаць на сталае жыхарства ў г. Кастраму. Тут ён жыў з сям’ёй да 1966 г.

З сярэдзіны жніўня 1941 г. лінгвіст быў залічаны на працу ў Кастрамскі настаўніцкі інстытут (з 1949 г. педагагічны інстытут). Пачаўся новы этап у жыцці Герцаля Залманавіча Шкляра.

Слайды з прэзентацыі Г. Д. Няганавай, старшага навуковага супрацоўніка вучэбна-навуковай даследчай лабараторыі «Лексікалогія і лексікаграфія» КДУ. Дэманстраваліся падчас відэасувязі

Асаблівую старонку ў навуковай біяграфіі Г. Шкляра ў ваенным кастрамскім перыядзе складае яго праца ў АН БССР. Захаваныя дакументальныя факты расказваюць пра наступнае.

Г. Шкляр быў прызначаны кіраўніком дадатковай тэмы з гарантаванай аплатай. Якой канкрэтна, у даступных нам архіўных дакументах не засведчана. Але ў лісце Якубу Коласу, датаваным 6 мая 1943 г., даследчык пісаў, што чатыры месяцы назад на адрас Акадэміі навук ён паслаў бандэроль з рукапісам працы «Происхождение и лексический состав белорусского языка». Магчыма, Г. З. Шкляр якраз і займаўся гэтым даследаваннем. Дакладна вядома, што прозвішча лінгвіста не пералічваецца сярод навуковых супрацоўнікаў, якія працавалі ў складзе аўтарскіх калектываў пад кіраўніцтвам акадэмікаў ці членаў-карэспандэнтаў. Дарэчы, у спісе кіраўнікоў даследчых тэм, зацверджаных загадам №1 па Акадэміі навук Беларускай ССР ад 7 ліпеня 1942 г. «Аб залічэнні ў штат АН БССР навуковых работнікаў» прозвішчы К. К. Крапівы, М. Ц. Лынькова, П. Ф. Глебкі не называюцца. Гэта інфармацыя важная ў будучым для таго, каб высвятляць гісторыю стварэння перакладнога беларуска-рускага слоўніка. У 1943 г., як можна даведацца з таго ж пісьма Якубу Коласу, Г. З. Шкляр распрацоўваў тэму «Янка Купала ў гісторыі беларускай мовы». Пра лёс даследавання інфармацыі няма.

 

З-за адсутнасці адпаведных звестак нельга адназначна сказаць, ці працаваў Г. З. Шкляр, знаходзячыся ў Кастраме, над перакладным беларуска-рускім слоўнікам. Паводле аўтабіяграфічных звестак і архіўных крыніц вядома: на яго было ўскладзена кіраванне  падрыхтоўкай лексікаграфічнай працы ў перадваенныя гады. Ці паспелі падрыхтаваць, гэта застаецца загадкай, якую яшчэ трэба разгадаць. Адно можна сцвярджаць беспамылкова: Герцаль Залманавіч Шкляр быў той асобай, якая ведала ўсю гісторыю стварэння вялікага перакладнога беларуска-рускага слоўніка з перадваеннага часу і часоў вайны.

Беларускай тэматыкай Г. З. Шкляр займаўся таксама, калі працаваў у Кастрамскім інстытуце. Прынамсі, тут ім было падрыхтавана новае дысертацыйнае даследаванне «Польские элементы в современном белорусском языке». Напісаў яго мовавед, можа, у вайну, магчыма пасля вайны. Дакладна ўстаноўлена, што ў 1948 г. прафесар А. Міртаў даслаў на работу станоўчы водгук. Абарона не адбылася па многіх прычынах, у тым ліку і з-за падзей з так званай «барацьбой з касмапалітызмам».

Яшчэ адна публікацыя Г. З. Шкляра па беларускай праблематыцы – гэта грунтоўны артыкул, прысвечаны зваротку.

Надрукаваныя працы кастрамскога перыяду ў галіне рускай мовы маюць пераважна дыялекталагічны змест. Сярод іх грунтоўныя артыкулы «К вопросу о происхождении народных говоров Костромской области», «Особенности говоров Костромской области и задачи преподавателей русского языка», «Словарные особенности говоров Костромской области и их отражение в языке произведений писателей-костромичей (по материалам картотеки костромского областного словаря)» і інш. Але асабліва вялікі ўклад даследчык зрабіў у стварэнне факталагічнай базы дыялекталагічнага атласа рускай мовы. Пад яго кіраўніцтвам і непасрэдным удзеле на працягу 1944–1947 гг. былі праведзены чатыры экспедыцыі, за час якіх абследавана 8 раёнаў Кастрамской вобласці. Падчас экспедыцый адначасова з назапашваннем матэрыялаў для атласа збіраліся таксама матэрыялы для 
слоўніка кастрамскіх гаворак.

Асобны, самастойны раздзел у кнізе «Г. З. Шкляр. Выбраныя працы. Моўная спадчына» займае адаптаванае для яе Н. С. Ганцоўскай манаграфічнае даследаванне «Белорусско-польские словарные отношения (к вопросу о языковом родстве славянских наций)», завершанае Г. З. Шклярам у 1953 г.

Відавочна, што гэта быў хутчэй за ўсё удакладнены, перапрацаваны ці хоць бы зроблены на аснове папярэдняй дысертацыйнай працы «Польские элементы в современном белорусском языке» варыянт. Наколькі актуальны змест гэтага даследавання сучасным лінгвістам, у першую чаргу тым, хто займаецца кампаратывістыкай, можна даведацца, непасрэдна пазнаёміўшыся з ім. Як нам падалося, там ёсць на чым засяродзіцца.

Кніга «Г. З. Шкляр. Выбраныя працы. Моўная спадчына» сапраўды дыхтоўнае, прыгожа аформленае выданне. Для надання ёй такога віду шмат працавалі работнікі выдавецтва «Беларуская навука», але асабліва вялікія намаганні прыклала выдавецкі рэдактар Вольга Аляксандраўна Рахуба.

В. А. Рахуба і В. М. Курцова

Думаецца, што, дзякуючы выданню кнігі, у гісторыі нацыянальнай навукі як у галіне беларусазнаўства, так і ў галіне гебраістыкі будзе адноўлена яшчэ адно імя таленавітага даследчыка. Ім з’яўляецца Герцаль Залманавіч Шкляр.

 

В. М. Курцова

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы