Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове, прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы і праведзеная Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай НАН Беларусі заняла асаблівае месца сярод іншых мерапрыемстваў навуковай установы.
Мерапрыемства аб’яднала аматараў роднага слова незалежна ад месца пражывання, узросту і сферы дзейнасці. У гэтым годзе ў дыктоўцы прынялі ўдзел больш за тысячу чалавек не толькі з родных куткоў Беларусі, але і з замежжа. Ахапіць такую вялікую аўдыторыю ўдалося дзякуючы сучасным тэхнічным сродкам. Дыктоўка праводзілася на платформе ZOOM, а таксама трансліравалася на YouTube-канале Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Трансляцыя мерапрыемства на канале «Культура» Беларускага радыё ў прамым эфіры дазволіла яшчэ больш пашырыць кола ўдзельнікаў гэтай акцыі. А ў інфармацыйна-выставачнай зале Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі можна было напісаць дыктоўку ў рэжыме афлайн.
Праверыць сваю моўную кампетэнцыю пажадалі школьнікі ад пятых да адзінаццатых класаў, студэнты, кадэты і курсанты розных навучальных устаноў краіны, настаўнікі і выхавацелі, банкаўскія супрацоўнікі і бухгалтары, менеджары і маркетолагі, інжынеры і IT-спецыялісты, урачы і культуролагі, кандытары і кіроўцы, журналісты і навуковыя работнікі, асобы ў дэкрэтным водпуску і на заслужаным адпачынку.
Як адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў, які адкрыў гэта мерапрыемства, мова заўсёды была побач з беларусамі ў цяжкія моманты нашай гісторыі. Было вырашана прымеркаваць тэкст дыктоўкі да года гістарычнай памяці, таму ў якасці тэксту быў абраны ўрывак паводле Тараса Хадкевіча «Багацце роднай зямлі». Яго змест блізкі і зразумелы кожнаму беларусу, дазваляе адчуць гонар за сваю краіну, убачыць яе прыгажосць.
Пасля дыктоўкі арганізатары прапанавалі ўдзельнікам самастойна праверыць тэкст і далі лінгвістычны каментарый, патлумачыўшы некаторыя арфаграмы і пунктаграмы. Лепшых удзельнікаў у афлайн-рэжыме адзначыў дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі Аляксандр Іванавіч Груша, уручыўшы ім сертыфікаты і памятныя кнігі, а ўсе тыя, хто далучыліся да дыктоўкі анлайн, атрымалі электронныя сертыфікаты.
Удзельнікі мерапрыемства адзначылі душэўную атмасферу і незвычайнае адзінства з усімі, хто далучыўся да гэтай акцыі. Будзем спадзявацца, што рэспубліканская дыктоўка стане добрай традыцыяй і з кожным годам будзе аб’ядноўваць усё большую колькасць аматараў роднага слова.
І. М. Банько