Круглы стол адбыўся 28 лютага 2024 на базе філалагічнага факультэта БДУ. Навуковае мерапрыемства было арганізавана аддзелам славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа сумесна з кафедрай тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта.
Круглы стол быў скіраваны на прафесійную арыентацыю студэнтаў, падтрымку іх цікавасці да навуковых даследаванняў, фарміраванне адказнага стаўлення да навуковай дзейнасці, выхаванне патрыятызму праз разуменне ўнікальнасці беларускай нацыянальнай мовы і культуры.
З прывітальным словам выступіў загадчык кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства, д.ф.н., дацэнт А.А. Барковіч.
На сустрэчы навукоўцаў, выкладчыкаў і студэнтаў загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы, к.ф.н., дацэнт Т.М. Аліферчык і супрацоўнікі сектара этналінгвістыкі і фальклору А.М. Боганева і к.ф.н. Г.В. Алексяевіч пазнаёмілі прысутных з асноўнымі кірункамі дзейнасці структурных падраздзяленняў, а таксама расказалі пра асноўныя дасягненні славістыкі і этналінгвістыкі. Загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору А.М. Боганева на прыкладзе картаграфавання асноўных матываў беларускіх вераванняў пра ваўкалакаў адзначыла ў цэлым магчымасці картаграфавання элементаў традыцыйнай культуры на шырокім славянскім фоне. Старшы выкладчык кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Н.А. Кахновіч выступіла з дакладам “Канцэпт ПАВАГА ў старабеларускай і ў сучаснай беларускай літаратурнай мовах”, у межах якога прадэманстравала магчымасці аналізу адпаведнага канцэпту паводле методыкі, распрацаванай прадстаўнікамі Люблінскай этналінгвістычнай школы.
Падчас мерапрыемства выступілі студэнты з навуковымі дакладамі, падрыхтаванымі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства: К.В. Ісаенкава (студэнтка 4 курса спецыяльнасці «Славянская філалогія»; навуковы кіраўнік – к.ф.н., дацэнт А.М. Калюта), А.А. Някрэвічус (студэнтка 4 курса спецыяльнасці «Славянская філалогія»; навуковы кіраўнік – старшы выкладчык М.А. Фамянкова), К.С. Рудзько (студэнтка 2 курса спецыяльнасці «Славянская філалогія»; навуковы кіраўнік – к.ф.н., дацэнт Л.А. Казлоўская). Асобна хочацца падкрэсліць выдатную філалагічную падрыхтоўку і высокі ўзровень даклада К.С. Рудзько, якая на матэрыяле беларускай і славацкай моў прааналізавала транспазіцыю часавых форм дзеяслова.
Такі фармат навуковай сустрэчы аказаўся надзвычай удалым для знаёмства з патэнцыйнымі маладымі навукоўцамі, якія з часам маглі б працягнуць даследаванні ў галіне славістыкі і этналінгвістыкі.
Таццяна Аліферчык