20–21 лістапада 2024 г. у «Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку» адбылася VI Міжнародная навуковая канферэнцыя «Сімяон Полацкі: светапогляд, грамадска-палітычная і літаратурная дзейнасць», прысвечаная 395-годдзю з дня нараджэння Сімяона Полацкага і 30-годдзю Музея-бібліятэкі Сімяона Полацкага.
Канферэнцыя традыцыйна праводзіцца кожныя 5 год і прысвечана даследаванням жыцця і творчасці Сімяона Полацкага ў кантэксце эпохі, аналізу ўплыву яго дзейнасці на сучасную культуру; праблемам этнаканфесійнага і сацыякультурнага развіцця Беларускага Падзвіння ў ХVI–ХVIII стст.; пытанням захавання, прэзентацыі і інтэрпрэтацыі помнікаў кніжнай культуры Беларусі ў музеях, бібліятэках і прыватных зборах.
На працягу двух дзён гучалі даклады гісторыкаў, археолагаў, культуролагаў, філосафаў, этнолагаў, філолагаў, мастацтвазнаўцаў і кнігазнаўцаў з Беларусі і Расіі.
Удзел у рабоце канферэнцыі прынялі загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Наталля Вікенцьеўна Паляшчук і вядучы навуковы супрацоўнік, кандыдат філалагічных навук Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка. Н.В. Паляшчук пазнаёміла прысутных са станам і перспектывамі вывучэння дзелавой пісьменнасці Полаччыны, расказала аб асаблівасцях выдання грамат, тастаментаў і інш., разгледзела працы айчынных і замежных вучоных, прысвечаных даследаванню дзеравой рукапіснай спадчыны Полацкай зямлі. У дакладзе Э.В. Ярмоленка, прысвечаным Статуту Полацкага брацтва (1651 г.), былі адзначаны не толькі моўныя асаблівасці маладаследаванага помніка старабеларускай пісьменнасці сярэдзіны XVI стагоддзя, але і разгледжаны яго змест і структура.
Першы дзень канферэнцыі закончыўся экскурсіяй у Сафійскі сабор, дзе ўдзельнікі канферэнцыі праслухалі арганны канцэрт у выкананні Ксеніі Пагарэлай, другі – наведваннем Музея беларускага кнігадрукавання, Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра і Мастацкай галерэі.
Н. Паляшчук, Э. Ярмоленка