За што я люблю родную зямлю

26 сакавіка ў Прэзідыуме НАН Беларусі прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае ўшанаванню пераможцаў Першага рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”. Конкурс быў абвешчаны па ініцыятыве Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі У.Р. Гусакова і прымеркаваны да завяршэння трылогіі Года малой радзімы. Арганізатарамі выступілі Цэнтр даследаваняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Аб’яднаная галіновая прафсаюзная арганізацыя работнікаў НАН Беларусі. Мэта конкурсу – падрыхтоўка жыхарамі нашай краіны творчых прац, у якіх адлюстроўваюцца дасягненні ў развіцці рэгіёнаў, увасабляецца пачуццё гонару за сваю малую радзіму, любоў да яе гераічнага мінулага і славутага цяперашняга. Такое агульнарэспубліканскае мерапрыемства скіравана на павышэнне ўзроўню духоўнай культуры, развіццё творчага патэнцыялу, абуджэнне цікавасці да вывучэння роднай мовы, літаратуры, гісторыі і культуры, захаванне і перадачу культурна-гістарычнай спадчыны будучым пакаленням, дэманстрацыю і папулярызацыю дасягненняў нашага народа. Ставілася задача даць магчымасць кожнаму аўтару выявіць сваю любоў да бацькаўшчыны. У конкурсе прынялі ўдзел 840 чалавек, узроставы дыяпазон удзельнікаў ад 6 гадоў (Зеньчык Цімафей з горада Вілейка Мінскай вобласці) да 91 года (Цюлюнова Ірэна Уладзіміраўна з вёскі Фальваркі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці), сацыяльны статус таксама розны – вучні, настаўнікі, студэнты, выкладчыкі ВНУ, урачы, бібліятэкары, вучоныя, вайскоўцы, журналісты, пенсіянеры.

Работы былі дасланы з розных рэгіёнаў краіны. Найбольшую актыўнасць праявілі жыхары Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, Столінскага, Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці, Свіслацкага, Навагрудскага раёнаў Гродзенскай вобласці, Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці і горада Мінска. Творчыя работы былі напісаны на беларускай і рускай мовах. Асаблівую ўвагу членаў конкурснай камісіі прыцягнула праца Мартынчука Міхаіла Пятровіча з вёскі Нова-Лышчыцы Брэсцкага раёна, напісаная на заходнепалескай гаворцы. Працы ўдзельнікаў конкурсу былі вельмі разнастайныя па жанрах: эсэ, нарысы, апавяданні, аповесці, вершы, паэмы, навуковыя даследаванні, электронныя 3D рэканструкцыі і гульні, невялікія кінастужкі з арыгінальнымі тэкстамі. У сваіх творах аўтары ў вобразнай форме імкнуліся асэнсаваць рысы беларускага нацыянальнага характару, захапляліся прыродай, прызнаваліся ў любові да мілагучнай беларускай мовы, апісвалі падзеі гісторыі, апавядалі пра сваю родную вёску або радавод. Журы, створанае з аўтарытэтных вучоных Цэнтра даследаванняў, у выніку няпростай, карпатлівай працы адабрала 200 работ, 40 з іх былі адзначаны дыпломамі першай, другой і трэцяй ступені, астатнія ўдзельнікі сталі пераможцамі ў намінацыях “Магутная сіла паэзіі”, “Натхняе родная зямля”, “Мова маёй Радзімы”, “З легендаў і казак былых пакаленняў”, “Краязнаўчы далягляд”, “Замілаванне родным краем”, “Родныя краявіды”, “Мінулае і сучаснасць”, “Старонкі мінулага”, “Скарбонка ўспамінаў”, “Маладыя галасы”, “Скарбы роднай зямлі”.

Прыемна адзначыць, што адной з найлепшых работ прызнана эсэ галоўнага рэдактара газеты “Навука” Сяргея Дубовіка, у якім аўтар праз арыгінальны творчы падыход – слайды памяці – перадаў цёплыя пачуцці да сваёй малой радзімы – Уздзеншчыны. Незвычайным па форме і змесце з’яўляецца даследаванне старшыні праўлення асацыяцыі экспертаў і сюрвеераў на транспарце Юрыя Важніка “Тапапінімічны космас Пухавіччыны”, у якім аўтар імкнуўся паказаць тапонімы аднаго раёна як жывы арганізм са сваім лёсам і гісторыяй. Вялікую сацыяльную і навуковую важнасць мае калектыўная праца вучняў Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна. Школьнікі сабралі назвы дробных геаграфічных аб’ектаў на тэрыторыі свайго пасялковага савета, сістэматызавалі і навукова апісалі. Тым самым дзеці захавалі каштоўны пласт гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, які па аб’ектыўных прычынах знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Прыняў удзел у конкурсе і выкладчык з Узбекістана Цімур Адзінаеў, які зараз праходзіць навучанне ў аспірантуры Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Ён распавёў кранальную гісторыю пра свайго прадзеда Альмеева Гафіята, які па волі лёсу ў цяжкія часы 20-х гадоў мінулага стагоддзя апынуўся ў Беларусі. Сям’і пагражала смерць ад голаду і хвароб, але дзякучы дапамозе шчырых, добрых, спагадлівых беларусаў удалося выжыць. Памяць пра беларусаў, нашу прыроду, а таксама падораную вышыванку Гафіят захоўваў усё жыццё. Відаць, гэта акалічнасць і абумовіла выбар праўнукам нашай краіны ў якасці месца навучання.

 Асноўнымі  крытэрыямі адбору лепшых работ былі іх актуальнасць і навізна, эстэтычная і мастацкая якасць, вобразнасць мовы, факталагічная дакладнасць, арыгінальнасць, змястоўнасць і мастацкі падыход, адпаведнасць нормам літаратурнай мовы.

Пераможцаў ушанавалі і ўручылі ўзнагароды кіраўнікі інстытутаў Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў і Акадэмік-сакратар Аддзялення Аляксандр Каваленя, прадстаўнікі ВНУ краіны, грамадскіх арганізацый. Дыпломы першай ступені ўручыў акадэмік У.Р. Гусакоў. У сваім выступленні  Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі адзначыў, што “конкурс не толькі адлюстраваў пачуцці глыбокай любові да роднага краю, але і дазволіў нам убачыць па-новаму сваё ранейшае і цяперашняе, выявіў надзвычайную цеплыню і вялікі гонар кожнага за сваю малую радзіму, праз прызму якой бачыцца нам і Радзіма вялікая, якой мы па праву ганарымся”. Уладзімір Рыгоравіч таксама акцэнтаваў увагу на тым, што “ ў няпросты гістарычны час, калі наша грамадства выпрабоўвалі на трываласць эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя, эпідэміялагічныя фактары, нашы людзі здолелі тварыць, марыць, увасабляць свае пачуцці ў мастацкай творчасці, што надае творчым работам асаблівае эмацыянальнае гучанне і нават напаўняе іх своеасаблівым патрыятычным пафасам”. У заключэнне свайго выступлення Старшыня Прэзідыума ініцыяваў правядзенне новага конкурсу творчых работ, прысвечанага Году народнага адзінства.

Пераможцы конкурсу выказалі шчырыя словы ўдзячнасці кіраўніцтву НАН Беларусі і арганізатарм. Прыезд у храм беларускай навукі на ўрачыстасць  стаў для іх сапраўднай падзеяй, уражаннямі ад якой яны шчыра падзяліліся, вярнуўшыся дадому.

Правядзенне конкурсу мае важнае навукова-асветніцкае і грамадскае значэнне: ён выявіў шмат талентаў з самых розных куткоў Беларусі, у чарговы раз паказаў, наколькі наш народ любіць і цэніць нашу гісторыю, мову, літаратуру, культуру, фальклор. А галоўнае, што пераважную колькасць удзельнікаў склала моладзь, якой і прымаць эстафету па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны і традыцый беларускага народа.

 

 

Старшыня журы конкурсу,

дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа

Ігар Капылоў

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы