30 кастрычніка 2024 года падчас Другога міжнароднага навуковага кангрэса “Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы” (да 95-годдзя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа) адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў Рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ “Вы паслухайце родную мову: жаўруковаю песняй звініць…”.
Конкурс быў абвешчаны па сумеснай ініцыятыве Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і рэдакцыі часопіса “Роднае слова”. Мэта конкурсу – захаванне духоўнай спадчыны народа, павышэнне моўнай кампетэнцыі носьбітаў беларускай мовы, грамадзянска-патрыятычнае выхаванне і развіццё навукова-даследчых здольнасцей навучэнцаў і студэнтаў. Такое агульнарэспубліканскае мерапрыемства скіравана на павышэнне цікавасці да навукова-даследчага вывучэння роднай мовы, літаратуры, гісторыі і культуры, павышэнне інтэлектуальнага ўзроўню, захаванне і перадачу культурна-гістарычнай спадчыны будучым пакаленням, дэманстрацыю і папулярызацыю дасягненняў навучэнцаў і іх педагогаў. Конкурс стаў добрай навуковай платформай для моладзі і даследчыкаў, якія імкнуцца паглыбіць свае веды ў галіне мовазнаўства і прадэманстраваць свае дасягненні.
Работы былі дасланы з розных рэгіёнаў краіны. Найбольшую актыўнасць праявілі вучні Добрушскага, Жлобінскага раёнаў Гомельскай вобласці, Асіповічскага, Бабруйскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці, Глыбоцкага, Пастаўскага, Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці, Івацэвіцкага, Кобрынскага, Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Барысаўскага, Маладзечанскага, Стаўбцоўскага раёнаў Мінскай вобласці і горада Мінска. Працы ўдзельнікаў конкурсу былі вельмі разнастайныя па тэматыцы: ад вывучэння гістарычных аспектаў беларускай мовы да сучасных тэндэнцый яе выкарыстання ў лічбавую эпоху.
У конкурсе прынялі ўдзел вучні Х–ХІ класаў, навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і студэнты ВНУ. Лаўрэаты конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі прызамі, а іх даследаванні атрымалі высокую ацэнку журы за арыгінальнасць і ўклад у развіццё мовы, астатнія ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты.
Цырымонія ўзнагароджання пачалася яркім культурным выступленнем заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Сябрынка” (вучні ДУА “Гімназія №25 г. Мінска імя Рымы Шаршнёвай”), Пархоменкі Максіма (3 Г клас, ДУА “Сярэдняя школа №26 г. Мінска імя З.Р. Калабанава”) і саліста Заслужанага калектыву “Берагіня” Кудзіна Кірыла (10 клас, ДУА “Мётчанская сярэдняя школа”, Барысаўскі раён, Мінская вобл.).
Пераможцаў ушанавалі кіраўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры А. І. Лакотка, галоўны рэдактар навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў, першы намеснік дырэктара Цэнтра па навуковай працы А.В. Бараноўскі і загадчыкі аддзелаў Інстытута мовазнаўства. У прывітальным слове арганізатары ўзнагароджання адзначылі важнасць папулярызацыі беларускай мовы і культуры, а таксама неабходнасць падтрымкі маладых даследчыкаў, якія адыгрываюць ключавую ролю ў захаванні моўнай спадчыны. У сваіх выступах прадстаўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і рэдакцыі “Роднае слова” падкрэслілі, што падобныя конкурсы абуджаюць цікавасць да вывучэння роднай мовы і выхоўваюць любоў і павагу да роднага слова.
А экскурсія ў музеі стала для ўдзельнікаў і іх настаўнікаў сапраўднай падзеяй, уражаннямі ад якой яны шчыра падзеляцца, вярнуўшыся дадому.