БЕЛАРУСКІЯ ЛЕТАПІСЫ: СУЧАСНАЕ ПРАЧЫТАННЕ І ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ

Хай тыя ведаюць, што з’явяцца па нас,

ўсю праўду пра жыццё у наш і прошлы час…

(Максім Багдановіч)

 

24 лістапада 2022 года ў бібліятэцы імя Янкі Купалы ладзілася чарговая сустрэча чытачоў з супрацоўнікамі «Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі». Перад навучэнцамі гімназій і школ Мінска з паведамленнем пра беларускія летапісы выступіла галоўны навуковы супрацоўнік, доктар філалагічных навук, прафесар Мароз Валянціна Канстанцінаўна. Лейтматывам дыялогу сталі радкі Янкі Купалы: «Пад нашэпты пушчаў-бораў, // Пад напевы завірухаў // Летапісец творыць творы, // А ты слухай, шчыра слухай».

Перад слухачамі паўстала эпоха беларускай пісанай гісторыі на паўтысячы гадоў. Пачыналася яна з Полацкага летапісу XII ст., мела прадаўжэнне ў Смаленску ў познім Сярэднявеччы і дасягнула свайго росквіту ў ХV–ХVI стст. ва ўмовах палітычнай магутнасці і найвышэйшага міжнароднага аўтарытэту Вялікага Княства Літоўскага. Летапісным помнікам, у якім адбіліся канкрэтна-гістарычныя патрэбы гэтай эпохі з апісаннем палітычнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага за перыяд ад смерці вялікага князя Гедзіміна (1341 г.) да смерці вялікага князя Вітаўта (1430 г.), выступае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». Напісаны старажытнай беларускай моваю напрыканцы XIV cт. у асяроддзі вялікага князя Вітаўта, ён стаў асновай І–ІІІ беларускіх летапісных зводаў («Беларуска-літоўскага летапісу 1446 г.», «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі Быхаўца») і захаваўся ў складзе спісаў Акадэмічнага, Слуцкага, Супрасльскага, Альшэўскага, Еўраінаўскага, Археалагічнага таварыства, Красінскага, Рачынскага, Румянцаўскага, Хронікі Быхаўца і інш.

«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» – літаратурны помнік, у якім аб’яднаны блізкія паводле агульнай скіраванасці, але адрозныя па сваіх жанравых вытоках летапісныя фрагменты. Пepшaя яго частка пад умоўнай назвай уласна «Летапісец» стваралася прыкладна ў 1382–1392 гг. у перыяд падрыхтоўкі да каранацыі вялікага князя Вітаўта. Асноўны матыў уласна «Лeтaпicцa вялікіх князёў літоўскіх» – апicaннe дзeйнacцi вялікага князя Вiтaўтa па ўмацаванні Вялікага Княства Літоўскага. Наступная чacткa пад умоўнай назвай «Смаленская хроніка» ўтрымлівае летапісныя звесткі за 1427–1446 гг. пpa жaнiцьбy i кapaнaцыю ў Кpaкaвe Ягaйлы, жaнiцьбy мacкoўcкaгa князя Вaciлiя Дзмiтpaвiчa з дaчкoй Вiтaўтa Сoф’яй, cмepць князя Скipгaйлы і інш. Шэpaг такіх acoбныx aпaвядaнняў, мяркуецца, са Смаленскага летапісу, які вёўся ад канца XII да пачатку XV ст. Урыўкі з гэтага летапіснага помніка, якія захаваліся ў беларускіх летапісных зводах XV–XVI стст., прысвечаны пераважна гісторыі Смаленскай зямлі і часткова Вялікаму Княству Літоўскаму: у іх падаюцца звесткі пра паход князя Альгерда і Святаслава Смаленскага на Маскву ў 1370 г., пра бітву літоўскіх і смаленскіх князёў пад Мсціславам у 1386 г., бітву князя Вітаўта з татарамі на рацэ Ворскле ў 1399 г., пра вяртанне ў Смаленск князя Юрыя Святаслававіча і яго смерць у 1407 г. Паводле В. Чамярыцкага, «Смаленская хроніка» была створана верагодней за ўсё ў канцы 1420 – пачатку 30-х гадоў у Смаленску ў асяроддзі праваслаўнага духавенства, дзе ўзнікла і «Пахвала Вітаўту» і дзе складаўся Беларуска-літоўскі летапіс.

Ацэнка летапіснай спадчыны ў лекцыі была пададзена з улікам грамадскай значнасці гэтага кампанента ў духоўнай культуры беларускага народа: «Думкі мудрыя ён піша, Нібы пацеркі з бурштынаў, – Як пазбыцца лішніх крыжаў, Як падняць дабро краіны». Увага акцэнтавалася на тым, што менавіта матэрыял шматлікіх беларускіх летапісаў быў выкарыстаны першым гістарыёграфам Вялікага Княства Літоўскага, прадаўжальнікам працы летапісцаў Мацеем Стрыйкоўскім пры напісанні «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» (1582 г.).

Асабліва было падкрэслена, што стварэнне пісанай гісторыі ляжыць у падмурку нацыянальнага станаўлення і развіцця кожнага народа. Гэты тэзіс быў пацверджаны цытатай з прэамбулы да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе сцвярджаецца, што беларуская дзяржаўнасць мае шматвяковую гісторыю развіцця: «Мы, народ Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з адказнасці за сучаснасць і будучыню Беларусі, усведамляючы сябе паўнапраўным суб'ектам сусветнага супольнiцтва i пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей, грунтуючыся на сваiм неад'емным праве на самавызначэнне, абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, імкнучыся зацвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладдзя і прававой дзяржавы, прымаем гэтую Канстытуцыю - Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь».

Пра шырыню паказу гістарычных падзей у летапісах дае ўяўленне адпаведны ахоп геаграфічных аб’ектаў. Так, ва ўказальніках да т.т. 32 ПСРЛ па колькасці ўжывання ў летапісных тэкстах вылучаюцца такія гарады, як Вильно (Вилня, Wilno, Wilnia) –да 75 разоў, Витебск (Витебско, Witebsk) – да 45 разоў, Смоленск (Smolensk) – да 45 разоў і інш. Такія фармальныя падлікі паказваюць не толькі ўключанасць гэтых аб’ектаў у грамадска-палітычнае жыццё Вялікага Княства Літоўскага, але і нясуць значны аб’ём летапіснай інфармацыі па гісторыі дзяржавы ў пэўным гістарычным перыядзе. Навучэнцам нашай сталіцы было цікава азнаёміцца з адлюстраваннем тапоніма Минск / Менск / МЂнск / МЂнско (Мinsk / Мiensk / Mensk) у геаграфічнай прасторы летапіснага тэксту.

Не было абыдзена і пытанне адукацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Сапраўдным адкрыццём для слухачоў стала інфармацыя з Баркулабаўскага летапісу (канец XVI ст.) пра педагога-гуманіста, царкоўнага дзеяча, мовазнаўцу Лаўрэна Зізанія і рэлігійнага і педагагічнага дзеяча Мялеція Сматрыцкага (Максіма Герасімавіча Сматрыцкага): «Року 97. Во великий пост его м(и)л(ость) князь Богдан именем Исакий у месте Баркулабове почал учитися по руску грамоте и по кгрецку; а был бакаларем пан Лаврентий Зизаний, человек навченый, з места Виленского прибавленый. А родился его м(и)л(ость) князь Богдан в року 88»; «Року 1600. Того року была зима люта и снежная. Благовещение было на святой недели в [пя]ток. Почали орати по святе на четвертой недели. Того ж року, месеца апреля у понеделок на святого Мартина папы римского, взявши з науки от Лаврентия зараз дано до науки латинския, до пана Максима Герасимовича Смотрицкого».

Завяршэнне сустрэчы ў бібліятэцы імя Янкі Купалы было пазначана крылатымі словамі Народнага Паэта: «Зручна жыць на свеце будзе, // Калі ёсць свой летапісец!».

 

В.К. Мароз

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы