Язэп Драздовіч і Яфім Часнякоў: творчая і духоўная еднасць прадстаўнікоў беларускага і рускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. (з навуковай камандзіроўкі)

На працягу 20–25 мая беларуская навуковая дэлегацыя ў складзе І.Л. Капылова, дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, В. М. Курцовай, загадчыка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, І. М. Скварцовай, загадчыка аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і І.У. Будзько, загадчыка кафедры беларускай і рускай моў факультэта міжнароднага супрацоўніцтва Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, наведалі Кастрамскі дзяржаўны ўніверсітэт. Паездка была прысвечана вырашэнню некалькіх практычных задач. Галоўнымі сярод іх былі, па-першае, сустрэча з прадстаўнікамі кіраўніцтва Кастрамской вобласці па міжнародных сувязях і супрацоўніцтве і прадстаўнікамі рэктарата Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта, па-другое, удзел у Міжнародным круглым стале “Е. В. Честняков и Я. Н. Дроздович как представители культурного ренессанса начала ХХ века” і іншых мерапрыемствах, што праводзіліся ў гэты час у Кастрамскім універсітэце ў рамках Міжнароднага тыдня нацыянальных моў і культур, прысвечанага 225-годдзю з дня нараджэння А. С. Пушкіна, Дню славянскай пісьменнасці і культуры і Міжнароднаму дню філолага.

Вялікае значэнне для рэалізацыі сумесных праектаў у галіне міжнароднага супрацоўніцтва мела сустрэча з прадстаўнікамі кіраўніцтва Кастрамской вобласці па міжнародных сувязях і супрацоўніцтве і рэктарам Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта Дзянісам Вітольдавічам Чайкоўскім, а таксама яго намеснікамі. На сустрэчы абмяркоўваліся канкрэтныя мерапрыемствы, уключаныя ў план перспектыўных сумесных праектаў навукова-даследчай праграмы Саюзнай дзяржавы “Гуманітарная прастора Саюзнай дзяржавы”. З прадстаўнічага спіса магчымых праектаў, прапанаваных двума бакамі, былі выбраны тыя, якія рэальна могуць ажыццявіць Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Кастрамскі дзяржаўны ўніверсітэт, каб атрымаць практычны вынік. Галоўнае зараз не спыняцца, не ставіць кропку на дамоўленасцях, а прыкласці намаганні і ўвасобіць у жыццё ўзгодненыя навукова-даследчыя тэмы.

Іншая частка праграмы візіту беларускіх даследчыкаў, адным з аспектаў якой быў удзел у Міжнародным круглым стале “Е. В. Честняков и Я. Н. Дроздович как представители культурного ренессанса начала ХХ века”, аказалася надзвычай насычанай. Акрамя круглага стала, адбылося выязное пасяджэнне беларускай дэлегацыі разам з выкладчыкамі Кастрамскога ўніверсітэта ў Калагрыўскі краязнаўчы музей імя Г. А. Ладыжанскага, наведванне мясцін, звязаных з жыццём Яфіма Часнякова – вёскі Шаблава Калагрыўскага раёна Кастрамской вобласці, дзе працуе Дом-музей Яфіма Часнякова, сустрэча з грамадскасцю г. Калагрыва.

Міжнародны круглы стол быў вельмі прадстаўнічым. На імпрэзе з вітальным словам выступілі рэктар Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта  Д. В. Чайкоўскі, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа               І. Л. Капылоў, член-карэспандэнт Расійскай акадэміі навук С. А. Мызнікаў, былы рэктар Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта, ганаровы грамадзянін Кастрамской вобласці М. М. Рассадзін. Усе выступоўцы адзінагалосна падкрэслівалі важнасць мерапрыемстваў такога тыпу як рэальнага кроку на шляху да пазнання асаблівасцей нацыянальных культур розных народаў, якія дазваляюць праз лёс яе асобных прадстаўнікоў, іх гістарычнай місіі ўбачыць агульнае і адрознае ў культуратворчым працэсе.

Міжнародны круглы стол сабраў вялікую колькасць даследчыкаў, якія вывучаюць найперш творчую спадчыну Яфіма Васільевіча Часнякова, адметнага прадстаўніка рускай нацыянальнай культуры, які прыйшоў у яе ў час нацыянальнага рэнесансу ў пачатку ХХ ст. З дакладамі рознай тэматыкі выступілі вядомыя расійскія даследчыкі творчай спадчыны Я. В. Часнякова: Н. С. Ганцоўская, Г. Д. Няганава, Н. Ф. Басава, Н. Ю. Скорык, Н. В. Ціхамірава, І. В. Рогаў, А. Г. Весялова, В. А. Абразцова, Т. У. Асіпенка, С. У. Акулоўская.


У час адкрыцця Міжнароднага круглага стала. Злева направа: Д. В. Чайкоўскі, І. Л. Капылоў, М. М. Рассадзін і іншыя ўдзельнікі

 

Пра асобу Язэпа Нарцызавіча Драздовіча, жыццёвы і творчы лёс якога мае шмат паралелей, падабенства з лёсам Я. В. Часнякова, арганізатарам мерапрыемства расказалі беларускія даследчыкі. І. Л. Капылоў, распавядаючы пра слыннага беларуса, падкрэсліў шматграннасць яго таленту як даследчыка гісторыі, культуры, духоўных багаццяў беларускага краю.

 

Выступае І. Л. Капылоў

В. М. Курцова інфармавала пра Язэпа Драздовіча як збіральніка моўных скарбаў беларусаў, пазнаёміла з лексічнымі словазборамі, падрыхтаванымі творцам, адзначыла іх асаблівыя рысы ў параўнанні з лексікаграфічнымі выданнямі 1920-х гадоў і пасляваеннага часу.

 

Выступае В. М. Курцова

І. М. Скварцова прадставіла Я. Н. Драздовіча як сапраўды беларускага нацыянальнага мастака, якога вызначала рознабаковасць мастацкага асэнсавання свету, разнастайнасць творчага амплуа, распавяла пра асаблівасці яго манеры пісьма як прадстаўніка так званага “наіўнага” мастацтва.

 

Выступае І. М. Скварцова

Знаёмства прысутных з асобай Я. Н. Драздовіча дазволіла вядучым Міжнароднага круглага стала С. А. Мызнікаву і Н. С. Ганцоўскай пры яго завяршэнні адзначыць: выглядае неверагодным, нават дзіўным, што ў двух відных прадстаўнікоў культурнага адраджэння пачатку ХХ ст. рускага творцы Я. В. Часнякова і беларускага Я. Н. Драздовічы столькі многа агульнага. Іх яднае не толькі шматграннасць таленту, але і неўтаймаваная прага служыць свайму народу, роднай Бацькаўшчыне. Яны сапраўдныя сыны сваёй зямлі, імёны якіх вартыя ўшанавання і далейшага навуковага вывучэння.

Працягам круглага стала было выязное мерапрыемства ў горад Калагрыў. Паездка беларускай дэлегацыі разам з выкладчыкамі Кастрамскога дзяржаўнага ўніверсітэта Г. Д. Няганавай, Т. У. Асіпенка, членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі навук С. А. Мызнікавым і супрацоўнікам Кастрамскога дзяржаўнага гісторыка-архітэктурнага і мастацкага музея-запаведніка А. Г. Весяловай у г. Калагрыў адбылася дзякуючы практычнай падтрымцы і асабістай зацікаўленасці рэктарата Кастрамскога ўніверсітэта.

Калагрыў  у Кастрамскім рэгіёне славіцца тым, што з горадам цесна звязана жыццё і творчая праца Я. В. Часнякова. Акрамя гэтага тут  знаходзіцца мясцовы краязнаўчы музей, які носіць імя  мастака Г. А. Ладыжанскага, ураджэнца тутэйшых мясцін. Вядомы Г. А. Ладыжанскі не толькі як мастак, ён меў славу дасведчанага калекцыянера. Творца сабраў багатую калекцыю заходнееўрапейскага мастацтва і антыкварыяту, якую завяшчаў пасля сваёй смерці роднаму гораду. Калекцыя Г. А. Ладыжанскага знакамітая тым, што акрамя мастацкіх палотнаў у ёй знаходзіцца збор старадрукаў. Сярод іх ёсць і выданні на старабеларускай мове. Спраўдзіць інфармацыю пра беларускія старадрукі даўно марылі лінгвісты. Мара моваведаў здзейснілася, мы наведалі музей Г. А. Ладыжанскага і зразумелі, што беларускіх вучоных тут чакае шмат цікавай навуковай працы.

У г. Калагрыве ў раённай бібліятэцы даследчыкі сустрэліся з гараджанамі, якія прыйшлі даведацца пра шматгранную творчую асобу Я. Н. Драздовіча. Перад прысутнымі калагрыўцамі выступілі І. Л. Капылоў, І. У. Будзько, І. М. Скварцова, В. М. Курцова. Агульнасць у лёсах Я. Н. Драздовіча і Я. В. Часнякова надзвычай уразіла гараджан, сустрэчу суправаджала атмасфера шчырай зацікаўленасці і ўдзячнасці выступоўцам.

 

Адметны падарунак беларускай дэлегацыі калагрыўцам з нагоды сустрэчы

Важнасць наведвання навукоўцамі г. Калагрыва і яго наваколля падмацавала іх сустрэча з кіраўніком Калагрыўскага муніцыпальнага раёна Сяргеем Віктаравічам Данілавым. Яна прадэманстравала відавочную карысць такіх папулярызатарскіх мерапрыемстваў як адной з неабходных умоў па ўмацаванні навуковых і культурных кантактаў паміж славянскімі народамі.

 

В. М. Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы