З любоўю да роднай Бацькаўшчыны і яе гісторыі

25 верасня ў г. Астраўцы Гродзенскай вобласці прайшла Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Астравецкія чытанні – 2025». Гэта мерапрыемства было арганізавана Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі разам з Астравецкім раённым выканаўчым камітэтам. Непасрэдным арганізатарам рэгіянальнага навуковага форума стала Астравецкая раённая бібліятэка. На яе пляцоўцы якраз і прайшла канферэнцыя.

 

Удзельнікі канферэнцыі

Слухачы канферэнцыі

Сёння Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі ладзіць шмат рэгіянальных науковых канферэнцый. Гэта робіцца як для ўмацавання сувязі акадэмічнай навукі з рэгіёнамі, так і для заахвочвання навуковай краязнаўча-пошукавай дзейнасці на месцах. Без раскрыцця рэгіянальнай гісторыка-культурнай адметнасці кожнага кутка Беларусі, без ведання імёнаў людзей, якія жылі і пакінулі адметны след на гэтай зямлі, без захаплення сваёй зямлёй сфарміраваць асобу, улюбёную у родны край, нельга. Важнасць такой выхаваўча-асветніцкай працы надзвычай добра ўсведамляюць у Астравецкім раёне, таму нягледзячы на любыя абставіны імкнуцца правесці статуснае для рэгіёна мерапрыемства і непасрэдна паўдзельнічаць у ім. Так было і на гэты раз. На канферэнцыі з вітальным словам, з ацэнкай яе значнасці для раёна выступілі Генадзь Паўлавіч Бычко, старшыня Астравецкага раённага Савета дэпутатаў, Ангеліна Чаславаўна Навасельская, загадчык сектара культуры Астравецкага райвыканкама, Наталля Уладзіміраўна Ачарэтава, дырэктар Астравецкай раённай бібліятэкі, Ігар Лявонавіч Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.

Выступае Г. П. Бычко.

Выступае А. Ч. Навасельская

Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Астравецкія чытанні – 2025» праходзіць ужо не першы раз, і не першы раз менавіта органы мясцовага кіравання – Астравецкі раённы выканаўчы камітэт і Астравецкі раённы Савет дэпутатаў – праяўляюць зацікаўленасць у тым, каб канферэнцыя адбылася, вырашаюць усе арганізацыйныя пытанні, датычныя яе правядзення. Таму ўсе ўдзельнікі навуковага форуму выказваюць словы шчырай удзячнасці кіраўніцтву Астравецкага раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёй Сяргеем Тадэвушавічам Мядзвецскасам, Астравецкаму раённаму Савету дэпутатаў, які ўзначальвае Генадзь Паўлавіч Бычко, намесніку старшыні Астравецкага райвыканкама Вользе Віктараўне Баяровіч, загадчыку сектара культуры Астравецкага райвыканкама Ангеліне Чаславаўне Навасельскай. Самыя шчодрыя словы падзякі мы адрасуем калектыву Астравецкай раённай бібліятэкі і асабіста Наталлі Уладзіміраўне Ачаротавай. Дзякуючы яе высокаму прафесіяналізму, любові да справы, уменню гартаваць вакол сябе аднадумцаў, канферэнцыя прайшла на высокім навуковым узроўні, зладжана і арганізавана.

Каб прыцягнуць мясцовае насельніцтва да ўдзелу ў вывучэнні рэгіянальнай гісторыі, быў абвешчаны і праведзены конкурс “Астравеччына: натхненне ў фарбах”. У конкурсе прынялі ўдзел 60 чалавек, 10 з іх сталі пераможцамі. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў прайшло перад пачаткам навуковай часткі канферэнцыі. Годна былі ўшанаваны і мясцовыя рупліўцы – даследчыкі і тыя, хто браў актыўны ўдзел у правядзенні творчага конкурсу. Гэта Л. У. Саўко, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства ДУА “Альхоўская сярэдняя школа”, А. Г. Ярашэвіч, галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя газеты “Астравецкая праўда””, В. К. Варановіч, загадчык мастацкага аддзялення ДУА “Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў”.

Граматай узнагароджваецца В. К. Варановіч.

Граматай узнагароджваецца А. Г. Ярашэвіч.

Узнагароджанне пераможцаў конкурсу

 

У канферэнцыі “Астравецкія чытанні – 2025” бралі ўдзел даследчыкі Нацыянальнай акадэміі навук, Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, мясцовыя краязнаўцы, вучні школ раёна.

Пра адметны мясцовы праект “Сцяжынка да школьнага парога: гісторыя і сучаснасць”, прысвечаны гісторыі школ раёна, многіх з якіх ужо няма на карце раёна, расказала А. Г. Ярашэвіч, як склаўся творчы лёс тых, хто пачынаў сваю сцяжыну ў прыгожае пісьменства ў раённай газеце, паведаміла Н. А. Рыбік, пра змрочныя старонкі гісторыі, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, прысутныя даведаліся з выступлення вучаніцы 11 класа Альхоўскай сярэдняй школы А. У. Ляховіч.

Выступае Н. А. Рыбік

Выступае А. У. Ляховіч

 

Надзвычай разнастайнымі па змесце былі даклады навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук. Археолаг Інстытута гісторыі НАН Беларусі Д. В. Партноў, які займаецца стварэннем зводнага каталога археалагічных помнікаў Астравецкага раёна і прылеглых тэрыторый, паказаў, дзе знаходзяцца найбольш важныя археалагічныя помнікі раёна, распавёў, як у гэтых адносінах вывучана тэрыторыя Астравеччыны.

Вынікі навукова-даследчай працы дэманструе Д. В. Партноў

 

Пра знакавых асоб у галіне нацыянальнай літаратуры, лёс якіх быў звязаны з Віленшчынай, Астравецкай зямлёй, прысутныя даведаліся з дакладаў вучоных Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы І. Э. Багдановіч, А. В. Трафімчыка. Як ідзе праца над новым 12-томным навукова-каментаваным выданнем спадчыны класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага і як знакаміты аўтар спрычыніўся да Астравеччыны на канферэнцыі расказала А. А. Васілевіч. Пра малавядомую, а для большасці і зусім невядомую ў культурна-асветніцкім асяродку Астравеччыны асобу Аўраама Доў-Бэра Лебенсона распавёў на пасяджэнні загадчык аддзела навукова-даследчай і экспазіцыйна-выставачнай работы Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі А. У. Ціхаміраў.

Выступае І. Э. Багдановіч

Выступае А. У. Ціхаміраў

 

Насычанай і тэматычна разнастайнай была мовазнаўчая частка канферэнцыі. Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І. Л. Капылоў раскрыў таямніцы паходжання прозвішчаў жыхароў Астравеччыны, паказаў, якія з іх з’яўляюцца адметнымі, характэрнымі толькі для гэтага рэгіёна, а якія вядомы і ў іншых кутках Беларусі. Якімі мянушкамі надзелены мясцовыя жыхары даведаліся ўдзельнікі канферэнцыі з даклада Н. У. Ачарэтавай. Ці шмат вядомых астравецкіх слоў, зафіксаваных у розных слоўніках, увайшлі ў нарматыўны нацыянальны лексікон, і наогул, якія па паходжанні словы вызначаюць моўны партрэт насельнікаў раёна, расказала дыялектолаг В. М. Курцова.

Выступае І. Л. Капылоў

Выступае Н. У. Ачарэтава

 

Блок дакладаў пра мясцовыя этнакультурныя традыцыі не быў на гэты раз колькасна вялікім. Пра тое, як праз слова, замовамі лекаваліся тутэйшыя людзі і наколькі багата сабраны і вывучаны гэтыя віды медыцынскіх практык, распавяла фалькларыст Т. В. Валодзіна. Яе калега па навуковых занятках, ураджэнец Астравеччыны, Ю. І. Внуковіч праз дэманстрацыю архіўнай спадчыны паказаў, як даследаваўся Астравецкі край М. Я. Грынблатам.

Выступае Т. В. Валодзіна

Выступае Ю. І. Внуковіч

 

Асаблівай старонкай пры правядзенні канферэнцыі стала знаёмства прысутных з кнігай “Беларуская мова ад А да Я” (2024), якая з’яўляецца па сваім змесце своеасаблівай міні-энцыклапедыяй беларускай мовы. У кнізе ў навукова-папулярнай форме падаюцца разнастайныя моўныя факты. Пра выданне расказаў І. Л. Капылоў.

Выступае І. Л. Капылоў

 

В. М. Курцова

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы