
29 кастрычніка 2025 года адбыўся круглы стол “Моўная інтэрферэнцыя як праблема культуры беларускай і рускай моў ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму”, арганізаваны аддзелам беларуска-рускіх моўных сувязей Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. У ім прынялі ўдзел выкладчыкі ВНУ і супрацоўнікі іншых аддзелаў інстытута.

На пачатку мерапрыемства выступіла загадчык аддзела к.ф.н., дацэнт І.У. Ялынцава, якая ў сваім выступленні раскрыла сутнасць паняцця “інтэрферэнцыя” ў адносінах да лінгвістыкі, сувязь гэтай лінгвістычнай з’явы з моўнай сітуацыяй у нашай краіне, што характарызуецца як беларуска-рускае дзяржаўнае блізкароднаснае двухмоўе. Яна падкрэсліла, што менавіта паралельнае функцыянаванне беларускай і рускай моў – аснова самых разнастайных моўных з’яў, у тым ліку і інтэрферэнцыі, звязанай з праблемай культуры беларускай і рускай моў ва ўмовах білінгвізму. І.У. Ялынцава расказала пра гісторыю і стан даследавання актуальных пытанняў двухмоўя і інтэрферэнцыі як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Яна засяродзіла ўвагу прысутных на працах, у якіх знайшлі сваё адлюстраванне вынікі вывучэння праблем білінгвізму і абумоўленых ім парушэнняў у сістэмах кантактуючых моў, што праводзілася супрацоўнікамі аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей у 80–90 гады ХХ стагоддзя; узгадала імёны тых вучоных, хто ўнёс важкі ўклад у распрацоўку дадзенай праблемы.
Пра вынікі даследавання інтэрферэнцыі ў 70-я гады д.ф.н. прафесарам М.Г. Булахавым, сутнасць яго прац, удзел у навуковых форумах, прысвечаных непасрэдна праблеме інтэрферэнцыі як у нашай краіне, так і за яе межамі, паведаміла вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей к.ф.н. В.М. Нікалаева.

Праявы фанетычнай інтэрферэнцыі як найбольш прыкметнага і сацыяльна значнага маркера білінгвізму паказала загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа д.ф.н. прафесар В.П. Русак.


Пра інтэрферэнцыю на акцэнтным узроўні расказала вядучы навуковы супрацоўнік аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа к.ф.н. Л.П. Кунцэвіч. Загадчык кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта БДУ д.ф.н., прафесар І.С. Роўда ў сваім выступленні засяродзіў увагу на лексічнай і словаўтваральнай інтэрферэнцыі.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, д.ф.н., дацэнт Н.В. Якавенка прадэманстравала тыпы інтэрферэнцыі ў перакладах айчынных паэтаў і пісьменнікаў.

Пра ўплыў рускай мовы на беларускі вучэбны дыскурс расказаў Д.В. Дзятко, загадчык кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка, д.ф.н., прафесар.

Як праяўляецца інтэрферэнцыя на сінтаксічным узроўні, паведаміла Н.У. Чайка, д.ф.н., прафесар кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка. А.А. Кірдун, дацэнт кафедры беларускай філалогіі БДТУ, к.ф.н., у сваім выступленні засяродзіла ўвагу на асаблівасцях інтэрферэнцыйных з’яў у маўленні студэнтаў-білінгваў.

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, старшыня Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі, к.ф.н. Э.В. Ярмоленка заўважыла, што з’явы маўленчай інтэрферэнцыі непазбежныя, у тым ліку і ў сферы прафесійнай камунікацыі, што выклікае пэўныя цяжкасці падчас перакладу. Зразумела, што чым ніжэй узровень валодання адной мовай, тым вышэйшай становіцца ступень інтэрферэнцыі. Яна звярнула ўвагу на праблемы, з якімі сутыкаюцца перакладчыкі тэрмінаў, і пералічыла найбольш распаўсюджаныя памылкі перакладу.
Плённая дыскусія вучоных па праблемах інтэрферэнцыі паспрыяла абмену кампетэнтнымі меркаваннямі і пошуку эфектыўных мер па пераадольванні негатыўных праяў кантакту блізкароднасных моў.

На пасяджэнні круглага стала была зроблена выснова аб неабходнасці далейшага вывучэння гэтай значнай лінгвістычнай з’явы, абумоўленай моўнай сітуацыяй у Беларусі.
І.У. Ялынцава







