Сустрэча ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі І.Л. Капылоў, загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі А.М. Лапцёнак, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Н.В. Паляшчук 2 красавіка 2025 г. прынялі ўдзел у сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Яе мэта – умацаванне супрацоўніцтва паміж установамі НАН Беларусі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і прэзентацыя дасягненняў акадэмічных мовазнаўцаў. Мерапрыемства адбылося ў рамках Дэкады студэнцкай навукі, якое традыцыйна праходзіць вясной у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.

У размове з прысутнымі І.Л. Капылоў расказаў аб фактарах захавання моў ва ўмовах глабалізацыі, паразважаў аб уплыве штучнага інтэлекту на іх функцыянаванне,  адзначыў важнасць папулярызацыі беларускай мовы ў грамадстве. Гаворачы аб ролі дзейнасці вучоных Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ў гэтым напрамку, Ігар Лявонавіч  прадставіў аўдыторыі кнігу “Беларуская мова ад А да Я”, расказаў аб яе прызначэнні, структуры.

 Н.В. Паляшчук пазнаёміла прысутных з часткамі выдання, прысвечанымі мінуламу беларускай мовы. Наталля Вікенцьеўна распавяла аб асноўных падзеях і фактах за 800-гадоў яе развіцця, аб гісторыі літар і алфавіта, некаторых помніках пісьменнасці і іх факсіміле, а таксама асобах, якія паўплывалі на станаўленне нашай  роднай мовы.

А.М. Лапцёнак звярнула ўвагу на змест рубрык выдання “Трэба ведаць!”, “Запомні пастаноўку націску!”, на тэматычную разнастайнасць змешчаных прыказак і афарызмаў. Алена Мікалаеўна асобна спынілася на асаблівасцях жаргоннай лексікі, патлумачыла важнасць карыстання “Граматычнай базай беларускай мовы”.   

І.Л. Капылоў уручыў дэкану факультэта Н.У. Ждановіч кнігу “Беларуская мова ад А да Я” для выкарыстання ў навучальным працэсе і на ўспамін аб сустрэчы, якая прайшла ў цёплай і прыязнай атмасферы. 

Н. Паляшчук

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы