Традыцыйна пад эгідай камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама аддзел інтэлектуальнай творчасці Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі праводзіць конкурсы сярод навучэнцаў па розных вучэбных дысцыплінах. На працягу некалькіх гадоў вучоныя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа супрацоўнічаюць з арганізатарамі гэтых навуковых мерапрыемстваў, ацэньваючы работы школьнікаў у адборачным і фінальным турах па вучэбных прадметах “Руская мова”, “Беларуская мова”, “Руская літаратура”, “Беларуская літаратура”.
22 красавіка 2021 года прайшоў фінальны этап гарадскога конкурсу па рускай мове “Эти удивительные звуки” для вучняў 5-х класаў. У якасці членаў журы выступілі старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей кандыдат філалагічных навук Ванкевіч А. Г., навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Ліпніцкая С. В., навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Марозава А. А.
У фінальным туры лінгвістычных спаборніцтваў прынялі ўдзел 27 каманд устаноў адукацыі горада Мінска. Канкурсантам былі прапанаваны разнастайныя заданні-тэсты па фанетыцы, акцэнталогіі, а таксама творчыя заданні на эрудыцыю, уважлівасць, логіку. На падставе вынікаў фінальнага тура дыпламантамі конкурсу сталі 10 лепшых каманд. Усе ўдзельнікі ўзнагароджаны граматай пераможцы адборачнага тура, іх кіраўнікі атрымалі падзякі за добрую падрыхтоўку вучняў па рускай мове.