26 кастрычніка 2021 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі” праведзены Круглы стол “Беларуская тэрміналогія: гісторыя і сучаснасць”, прысвечаны 100-годдзю Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) і дзейнасці Тэрміналагічнай камісіі.
Пасяджэнне Круглага стала, у якім прынялі ўдзел і выступілі з паведамленнямі вучоныя НАН Беларусі, выкладчыкі ВНУ, прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншыя спецыялісты, праводзілася ў вочна-дыстанцыйнай форме. На пасяджэнні былі абмеркаваны роля Тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта ў фарміраванні нацыянальнай беларускай навуковай тэрміналогіі, асноўныя тэндэнцыі і праблемы развіцця беларускай навуковай тэрміналогіі ў ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя, актуальныя пытанні ўпарадкавання і ўніфікацыі батанічнай тэрміналогіі і захавання нацыянальнай тэрміналогіі і наменклатуры, надзённыя праблемы ўпарадкавання тэрміналагічнага апарату школьных дысцыплін.
Адкрываючы пасяджэнне Круглага стала дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар Лявонавіч Капылоў падкрэсліў важнае значэнне арганізаванага ў 1922 годзе Інстытута беларускай культуры для фарміравання актуальных напрамкаў навуковых даследаванняў у Беларусі, што зрабіла магчымым стварэнне на яго базе ў 1929 годзе Беларускай акадэміі навук, а таксама адзначыў ролю Тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта ў распрацоўцы асноў беларускай навуковай тэрміналогіі, што дазволіла рэальна пашырыць беларускую мову ў школьнае навучанне і сферу навукі.
Вучоны сакратар Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі, вядучы навуковы суупрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук Ірына Уладзіміраўна Кандраценя ў сваім выступленні вызначыла асноўныя этапы выпрацоўкі і станаўлення беларускай навуковай тэрміналогіі, звярнуўшы асаблівую ўвагу на тое, што асновы сучаснай беларускай тэрміналогіі былі закладзены ў перыяд дзейнасці створанай у лютым 1921 года Навукова-тэрміналагічнай камісіі, якая працавала спачатку пры Народным камісарыяце асветы, затым, з 1922 г. па 1929 г., – у Інстытуце беларускай культуры. Менавіта стварэнне і дзейнасць гэтай Камісіі ў перыяд Інбелкульта абумовілі тэрміналагічны ўздым 20-х гадоў (з’явіліся кароткія слоўнікі тэрмінаў па граматыцы, логіцы, алгебры, батаніцы, геаметрыі, аналітычнай геаметрыі і трыганаметрыі, надрукаваныя ў “Весніку Народнага камісарыята асветы БССР”, і 24 слоўнікі па розных галінах навукі, надрукаваныя ў адпаведных выпусках “Беларускай навуковай тэрміналогіі” на працягу 1922–1930 гг.). Сфарміраваная ў той час тэрміналогія здолела спалучыць нацыянальна адметныя і інтэрнацыянальныя кампаненты, захаваць сваю цэласнасць, а таксама здольнасць да паспяховага функцыянавання ў той ці іншай галіне ведаў.
Спыненая ў 30-ыя гады праца па распрацоўцы тэрміналогіі аднавілася ў 60-ыя гады ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа: з 1955 г. па 1965 г. функцыянаваў сектар тэрміналогіі, у 1980 годзе была створана Тэрміналагічная камісія АН БССР, якая складалася з 9 секцый (уключала каля 180 вядучых вучоных краіны). Былі падрыхтаваны батанічны слоўнік, слоўнікі лінгвістычных і літаратуразнаўчых тэрмінаў, сельскагаспадарчых тэрмінаў, грамадска-палітычнай лексікі і інш.
Асабліва актывізавалася тэрмінатворчая дзейнасць у краіне ў 90-ыя гады ХХ стагоддзя. Пасля прыняцця Закона аб мовах зноў адбыўся сапраўдны тэрмінаграфічны выбух: былі надрукаваны 210 лексікаграфічных даведнікаў, што дазваляе гаварыць пра паўтарэнне на новым навуковым узроўні сітуацыі 20-х гадоў актыўнай распрацоўкі беларускай навуковай тэрміналогіі.
Ва ўмовах імклівага пашырэння сфер дзейнасці сучаснага грамадства, фарміравання новых навуковых напрамкаў, развіцця новых тэхналогій і вытворчых працэсаў асаблівую актуальнасць набывае праблема стварэння, развіцця і ўдасканалення нацыянальнага тэрміналагічнага фонду. Створаная ў ХХ стагоддзі тэрмінаграфічная база забяспечыла магчымасць для распрацоўкі грунтоўных вузкагаліновых тэрміналагічных слоўнікаў. Пачатак ХХІ стагоддзя адзначаны з’яўленнем шэрагу спецыяльных даведнікаў па метралогіі, парашковай металургіі, металургіі і ліцейнай вытворчасці, тэхналогіі дакладнага земляробства і інш.
Разам з тым, адзначыла І.У. Кандраценя, аналіз тэрміналогіі спецыяльных даведнікаў, навучальных дапаможнікаў сведчыць пра наяўнасць фактаў непаслядоўнасці ва ўжыванні тэрмінаў і наменклатурных назваў, парушэння тэрміналагічнай дысцыпліны. Таму з мэтай сістэматызацыі і ўпарадкавання беларускай тэрміналогіі агульнымі намаганнямі спецыялістаў і мовазнаўцаў неабходна ствараць тэрміналагічныя банкі даных, даступныя як тэрмінатворцам, так і карыстальнікам.
Старшыня Рэспубліканскай тэрміналагічнай камісіі, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, акадэмік Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец коратка спыніўся на асаблівасцях уніфікацыі беларускай навуковай тэрміналогіі на сучасным этапе ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя і глабалізацыі, назваў існуючыя праблемы, а таксама сфармуляваў базавыя прынцыпы сучаснай беларускай тэрмінатворчасці. У прыватнасці, ён адзначыў наступнае.
1. Сучасная беларуская мова валодае дастатковым тэрміналагічным рэсурсам, які дазваляе ёй паспяхова выкарыстоўвацца ва ўсіх без выключэння сферах навуковай, вытворчай, культурнай, заканадаўчай і адукацыйнай дзейнасці. Таму больш карэктна сёння ставіць пытанне не пра распрацоўку навуковай тэрміналогіі і наменклатуры, а перш за ўсё пра яе ўніфікацыю і ўпарадкаванне.
2. Праблемы функцыянавання беларускай навуковай тэрміналогіі, асабліва ў пісьмовым маўленні, абумоўлены не адсутнасцю (недастатковасцю) адпаведных намінатыўных сродкаў, а толькі недастатковасцю (абмежаванасцю) сучаснай беларускамоўнай практыкі. Таму неабходнай умовай паспяховага функцыянавання беларускай навуковай тэрміналогіі і яе ўніфікацыі з’яўляецца рэальнае пашырэнне беларускай мовы ў сферы навукі, вытворчасці, адукацыі і г.д., а таксама павышэнне беларускамоўнай кампетэнцыі беларускага соцыуму ў цэлым.
3. Неабходна выразна размяжоўваць праблемы ўпарадкавання і ўніфікацыі нацыянальнай навуковай тэрміналогіі і задачы захавання народных назваў. Гэтыя два напрамкі нацыянальнай моўнай дзейнасці маюць розныя задачы і павінны ісці паралельна, а не падмяняць адзін аднаго.
Выкананне названых вышэй прынцыпаў, адзначыў дакладчык, істотна ўскладняецца шэрагам сацыялінгвістычных фактараў, найбольш істотнымі сярод якіх трэба лічыць наступныя: а) блізкароднаснае беларуска-рускае дзяржаўнае двухмоўе і б) сучасныя працэсы моўнай глабалізацыі.
Так, з сітуацыяй блізкароднаснага двухмоўя звязаны наступныя праблемы захавання і пашырэння нацыянальнага тэрмінафонду беларускай мовы:
- арыентацыя на тэрмінасістэму рускай мовы, што абумоўлена ілюзіяй поўнай адпаведнасці тэрміналагічнага фонду суіснуючых моў;
- пашыраная практыка перакладу тэкстаў з рускай мовы (у тым ліку нарматыўных дакументаў і вучэбнай літаратуры).
Сітуацыяй блізкароднаснага двухмоўя і фактычнага дамінавання рускай мовы ва ўсіх сферах камунікацыі таксама тлумачыцца тэндэнцыя да нацыяналізацыі (моўнага пурызму) сучаснага беларускага тэрмінафонду, што прыводзіць да пашырэння ва ўжытку ўстарэлай і вузкадыялектнай лексікі. Усё гэта ставіць на парадак дня пытанні павышэння беларускамоўнай кампетэнцыі беларускага грамадства і фарміравання беларускамоўнага асяроддзя ў адпаведных сферах камунікацыі, а таксама паступовага пераходу да аўтарскай падрыхтоўкі (а не перакладу!) беларускамоўных навуковых тэкстаў, нарматыўных дакументаў і вучэбнай літаратуры.
Акрамя таго, нацыянальная тэрміналогія павінна адпавядаць стану і сістэме сучаснай літаратурнай мовы і быць зразумелай сучасным карыстальнікам, а ўвядзенне ў сучасны тэрмінафонд устарэлых і вузкадыялектных найменняў не павінна парушаць сістэмнасць тэрміналогіі ў цэлым.
Працэсамі глабалізацыі абумоўлена актыўнае запазычванне новых тэрмінаў (так званая “англамоўная інтэрвенцыя”) і інтэнсіўная інтэрнацыяналізацыя нацыянальных тэрмінасістэм. Таму ўніфікацыя і ўпарадкаванне сучаснай беларускай навуковай тэрміналогіі павінна ставіць сваёй задачай а) захаванне балансу паміж запазычваннем іншамоўных тэрмінаў і выкарыстаннем уласных моўных рэсурсаў; б) падтрыманне адпаведнасці нацыянальных тэрмінасістэм міжнародным стандартам і в) карэктную адаптацыю запазычанняў у адпаведнасці з нормамі сучаснай беларускай мовы.
Менавіта рэалізацыя гэтых падыходаў, на думку Аляксандра Лукашанца, можа забяспечыць паўнавартаснае функцыянаванне беларускай мовы ў сферы навукі, вытворчасці, заканатворчасці і адукацыі.
Ландшафтны архітэктар, галоўны інжынер праектаў Алена Аляксандраўна Асмакоўская (Магілёў) у сваім цікавым і змястоўным выступленні закранула праблему захавання беларускіх нацыянальных назваў раслін. На прыкладзе назваў Пралеска звычайная (Hepatica nobilis), Сіняквет (Echium), Снітка звычайная (Aegopodium padagraria) і інш. яна паказала неадпаведнасць замацаваных у энцыклапедычных даведніках назваў пашыраным нацыянальным (народным) найменням.
Загадчык аддзела біяхіміі і біятэхналогіі раслін Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі, акадэмік Уладзімір Мікалаевіч Рашэтнікаў сваім выступленні адзначыў, што батанічная тэрмінасістэма з’яўляецца добра распрацаванай галіной беларускай тэміналогіі і шырока выкарыстоўваецца ў навуковай літаратуры, спецыяльных і эцыклапедычных даведніках. Дзякуючы дзейнасці Беларускага навуковага батанічнага таварыства ў моўную практыку актыўна ўключаюцца новыя беларускамоўныя тэрміны. На думку У.М. Рашэтнікава, тэрмінолагам нашай краіны варта шырэй у сваёй дзейнасці выкарыстоўваць вопыт замежных калег. У гэтых адносінах, на яго думку, асаблівай увагі заслугоўвае тэрмінатворчасць балгараў, украінцаў, сербаў. Акадэмік перакананы, што пры распрацоўцы такіх грунтоўных выданняў, як “Энцыклапедыя прыроды Беларусі”, “Флора Беларусі” і інш. неабходна абавязковая сумесная экспертыза спецыялістаў Цэнтральнага батанічнага сада і Інстытута эксперыментальнай батанікі адносна тэрміналагічнай дакладнасці інфармацыі, а таксама захавання адзінага прынцыпу апрацоўкі і прадстаўлення матэрыялу з улікам адпаведнасці яго міжнародным стандартам і захавання беларускамоўнай традыцыі. Уладзімір Міхайлавіч падкрэсліў, што паколькі асноўным напрамкам дзейнасці Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі з’яўляюцца вывучэнне працэсаў інтрадукцыі раслін і спосабы захавання біялагічнай разнастайнасці нашай краіны, непасрэдны ўдзел навукоўцаў гэтай установы ў экспертызе і ацэнцы батанічных даведнікаў, слоўнікаў і г.д. павінен быць абавязковай умовай для іх рэкамендацыі да друку.
Прафесар кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат філалагічных навук Людміла Васільеўна Рычкова у сваім выступленні расказала аб дзейнасці міжнародных арганізацый па стандартызацыі тэрміналогіі і навуковай наменклатуры, а таксама назвала асноўныя прынцыпы і патрабаванні да фарміравання нацыянальных тэрмінасістэм.
Загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук Вераніка Мікалаеўна Курцова засяродзіла ўвагу ўдзельнікаў пасяджэння на праблеме выкарыстання і замацавання ў нарматыўных слоўніках і энцыклапедычнай даведачнай літаратуры народных назваў раслін як адпаведных эквівалентаў агульнапрынятай батанічнай сістэматыкі. Пры гэтым яна адзначыла, што напрацоўкі беларускіх дыялектолагаў, на жаль, не заўсёды ўлічваюцца ў сучаснай беларускай тэрміналагічнай практыцы. Між тым, якраз дыялектныя матэрыялы могуць дапамагчы знайсці адказ на многія пытанні, звязаныя з пашырэннем беларускіх нацыянальных назваў раслін. Так, матэрыялы слоўніка “Раслінны свет” даюць поўную інфармацыю пра ўжывальныя назвы розных раслін у народных гаворках. Напрыклад, сярод найменняў пралескі, пра якую ўзгадвала ў сваім выступленні А.А. Асмакоўская, вядомы пралеска (і яе варыянты пралешка, пржалешчка, пралесак, пералеска, леска), фіялка, падснежнік, манечкі, пераброда, капулька, кашка, а таксама казодра (казедра), казодрыца, канадрыста. Такія назвы пралескі, як манечкі, пераброда, капулька, кашка рэдкія, яны як бы раскіданы на розных частках моўнага ландшафту Беларусі, а словы фіялка (Тураўшчына), падснежнік (раён Іўя, Віцебшчына, Гомельшчына) больш вядомыя. Блізка адна каля другой бытуюць назвы казодра (казедра; Шчучыншчына), казодрыца (наваколле Карэліч), канадрыста (раён Луненца). Што да назвы пралеска, а таксама яе фанетычных варыянтаў пралешка, пржалешчка, то яна ўжываецца на Міншчыне, Гродзеншчыне, Магілёўшчыне, Заходняй Браншчыне, тэрыторыя якой мяжуе з Беларуссю. Назва пралесак была пачута ў Жлобінскім раёне, леска занатавана на Тураўшчыне. У ліку ўсіх пералічаных імён з часткай -леск-, -леш- цікавасць уяўляе варыянт пералеска. У дыялектных лексікаграфічных крыніцах гэта назва сустракаецца толькі аднойчы, яна ўключана ў рэестр слоўніка І.К. Бялькевіча “Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны” (1970). Была запісана на Мсціслаўшчыне. У іншых беларускіх гаворках нідзе больш не выяўлена. Матэрыялы, як бачым, сведчаць: пралеска з’яўляецца сапраўды найбольш ужывальнай і пашыранай народнай назвай расліны, якая мае навуковае вызначэнне пралеска звычайная ці высакародная (лацінскі адпаведнік Hepatica nobilis). Такія назвы, як пералеска ці пячоначніца, прапанаваныя ў “Энцыклапедыі прыроды Беларусі” ў якасці класіфікацыйных агульнавядомых і абавязковых для ўжывання ў рознай навучальнай і вучэбнай літаратуры, не маюць падмацавання ў жывой беларускай мове. Зусім невыпадкова, што і ў тлумачальных слоўніках беларускай літаратурнай мовы менавіта пралеска з’яўляецца адзіным найменнем гэтай расліны. Назвы пералеска, пячоначніца трапілі ў энцыклапедычнае выданне дзякуючы перакладу на беларускую мову рускамоўных намінацый, якія належаць да таго ж іншай расліне. Таму, на думку В.М. Курцовай, упарадкаванне батанічнай наменклатуры і праблема яе адпаведнасці немагчыма без супольных кантактаў батанікаў, філолагаў і іншых спецыялістаў.
Выступленні намесніка дырэктара па навуковай і навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, доктара педагагічных навук Вольгі Уладзіміраўны Зелянко і галоўнага навуковага супрацоўніка лабараторыі гуманітарнай адукацыі гэтага інстытута, доктара педагагічных навук, прафесара Ганны Міхайлаўны Валочка былі прысвечаны праблеме аднастайнасці тэрміналагічнага апарату школьных падручнікаў. У прыватнасці, яны адзначылі, што існуючая сёння практыка перакладу большасці падручнікаў па школьных прадметах пераважна з рускай мовы на беларускую актуалізуе праблему выпрацоўкі адзінага рэестру школьных тэрмінаў і іх строгай адпаведнасці ў рускай і беларускай мовах, што патрабуе цеснага супрацоўніцтва аўтарскіх калектываў, метадыстаў і лінгвістаў.
Загадчык кафедры беларускага мовазнаўства БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч і загадчык кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук Дзмітрый Васільевіч Дзятко расказалі пра дзейнасць сваіх кафедраў па ўпарадкаванні і ўніфікацыі сучасанй беларускай навуковай тэрміналогіі і падрыхтоўцы тэрміналагічных даведнікаў для адукацыйнага працэсу.
Па большасці ўзняных праблем адбылася зацікаўленая дыскусія. Па выніках пасяджэння падрыхтавана рэзалюцыя, у якой з улікам агучаных прапаноў выпрацаваны рэкамендацыі для зацікаўленых арганізацый і асоб.
Акадэмік Аляксандр Лукашанец
Кандыдат філалагічных навук Ірына Кандраценя