Семінар для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры

Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў і загадчык сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Інстытута Уладзімір Кошчанка прынялі ўдзел у семінары настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Лічбавыя адукацыйныя рэсурсы і інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры”, які праходзіў на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Ігар Лявонавіч расказаў пра актуальныя лінгвістычныя даследаванні і магчымасці іх выкарыстання ў школьнай практыцы. Пазнаёміў настаўнікаў з канцэпцыяй новага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, адзначыў, што канцэпцыя развіцця Інстытута змяшчае шэраг перспектыўных навуковых распрацовак  у інтарэсах школы. Вучоны звярнуў увагу настаўнікаў на тое, што адной з першачарговых задач на сучасным этапе з’яўляецца стварэнне сумесна з вучонымі ВНУ і супрацоўнікамі Нацыянальнага інстытута адукацыі электронных вучэбна-метадычных комплексаў па мовазнаўчых дысцыплінах, што дазволіць павысіць якасць падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, аптымізаваць навучальны працэс і ў кароткія тэрміны дасягнуць эфектыўных вынікаў.

Не сакрэт, што навучанне беларускай мове, асабліва засваенне яе лексічных сродкаў, сёння выклікае вялікія цяжкасці ў адукацыйна-выхаваўчай сістэме Беларусі. Гэтыя цяжкасці маюць месца на ўсіх адукацыйных узроўнях, пачынаючы з пачатковай школы. Адным з дзейсных інфармацыйных сродкаў з’яўляецца засваенне лексічнай інфармацыі візуальным шляхам. У сувязі з гэтым Інстытут плануе распрацоўку праекта “Стварэнне на базе зводнага слоўніка беларускіх народных гаворак электронных інтэрактыўных мульты- і моналінгвістычных банкаў”, забяспечаных багатай візуальнай, у тым ліку і ілюстрацыйнай, навукова-пазнаваўчай інфармацыяй. Такія інфармацыйныя банкі маюць вялікае значэнне для навучальнага і пазанавучальнага працэсу на розных ступенях адукацыі і ў розных яе сферах. Падобныя электронныя рэсурсы змогуць карэнным чынам змяніць аб’ём ведаў школьнікаў пра беларускую мову і паспрыяць яе актыўнаму засваенню, сфарміраваць досвед пра яе як найбагацейшую сістэму абазначальных моўных сродкаў, паспрыяюць засваенню нацыянальнай мовы як адметнай культурна-гістарычнай і агульнагуманітарнай каштоўнасці.

Дырэктар Інстытута сказаў, што ў планах установы значыцца падрыхтоўка да выдання зборніка навукова-папулярных артыкулаў для вучняў сярэдняй школы. У гэтым зборніку ў даступнай форме плануецца сістэматызаваць звесткі па гісторыі беларускай мовы: раскрыць асаблівасці ўжывання ў беларускай мове шэрагу лексічных адзінак; прааналізаваць шляхі пранікнення запазычанняў у старабеларускую пісьменнасць; асобная ўвага будзе нададзена “Гістарычнаму слоўніку беларускай мовы” – першаму і адзінаму ў айчыннай гуманітарнай навуцы даведніку, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнікавага фонду беларускай мовы XIV–XVIII стст.

Уладзімір Кошчанка расказаў пра стан корпуснай лінгвістыкі ў свеце, у Беларусі і абазначыў перспектывы яе развіцця ў Інстытуце мовазнаўства.

Моўныя корпусы неабходныя як для правядзення фундаментальных лінгвістычных даследаванняў на сучасным узроўні, так і для стварэння рознага роду прыкладных праграм апрацоўкі тэкстаў.

На сучасным этапе развіцця лінгвістыкі і камп’ютарных тэхналогій немагчыма праводзіць навуковыя даследаванні, ствараць граматыкі і складаць слоўнікі без выкарыстання корпусаў, паколькі пісьменна сфарміраваны корпус не толькі ў значнай ступені садзейнічае аб’ектыўнай і змястоўнай распрацоўцы слоўнікавых артыкулаў, але і з’яўляецца аб’ектыўным адлюстраваннем сучаснага стану і асаблівасцей функцыянавання мовы.

Загадчык сектара паведаміў, што вядзецца актыўная праца па ўкладанні Нацыянальнага корпуса беларускай мовы і ў гэтым годзе плануецца яго прэзентацыя.

Патрэба ў Нацыянальным корпусе таксама абумоўлена актуальнымі задачамі, якія стаяць перад Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Адной з такіх задач з’яўляецца распрацоўка канцэпцыі і асноўных тэарэтычных палажэнняў укладання новага фундаментальнага акадэмічнага тлумачальнага слоўніка. У складзе 15 тамоў гэты слоўнік будзе ўяўляць сабою тлумачальны слоўнік новага пакалення і грунтавацца на сучасных камп’ютарных тэхналогіях. У ім упершыню ў беларускай лексікаграфіі будзе задзейнічаны ўвесь вопыт, усе рэсурсы і набыткі ў галіне мовы розных пакаленняў. Рэалізацыя праекта па стварэнні сучаснага тлумачальнага слоўніка беларускай мовы немагчыма без стварэння Нацыянальнага корпуса.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы