БЕЛАРУСЬ, ТЫ ЗБУДАВАНА З БЕЛАРУСКІХ СЛОЎ!

Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Алена Путрыч, Карына Жартун і Наталля Якавенка выступілі ў якасці членаў журы завочнага і вочнага этапаў V навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!”, якую правёў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры з нагоды Міжнароднага Дня роднай мовы. 

Журы ў перыяд 21–26 лютага 2024 г. былі ацэнены 80 літаратуразнаўчых, мовазнаўчых і краязнаўчых работ, падрыхтаваных вучнямі VIII–XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі г. Мінска і Мінскай вобласці. Лепшыя 33 работы прадстаўляліся аўтарамі ў дзвюх секцыях (асобна вучні VIII–ІX і Х–XI класаў) на вочным этапе канферэнцыі 5 сакавіка.

Сярод работ мовазнаўчага характару ў якасці лепшых былі вылучаны даследаванні вучаніц VIII–ІX класаў Яніны Глоба, Веранікі Багдановіч “Разнастайнасць загалоўкаў у творчасці Васіля Быкава” (дыплом І ступені) і Паліны Нікіценка, Любові Слабуха “Душа зямлі маёй (асаблівасці гаворкі Цэнтральнага рэгіёна Беларусі ў друкаваных помніках ХІХ ст.)” (дыплом ІІ ступені).

Па завяршэнні канферэнцыі супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства, які з’яўляецца адным з сацыяльных партнёраў гэтага навукова-практычнага мерапрыемства, з прыемнасцю адзначылі, што асноўная мэта – абуджэнне ў вучняў сярэдніх школ цікавасці да беларускай мовы, літаратуры і краязнаўства – паспяхова дасягнута, а таксама пажадалі арганізатарам і ўдзельнікам канферэнцыі далейшага плёну ў абраным напрамку дзейнасці.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы