У канцы сакавіка 2018 года ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылася сустрэча дырэкцыі і загадчыкаў аддзелаў са студэнтамі-беларусістамі з Кіева, якія знаходзяцца ў Мінску на вучэбнай стажыроўцы.
11 дзяўчат і хлопцаў, студэнтаў 1-га і 4-га курсаў дзённага аддзялення, атрымоўваюць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці 035.031 Філалогія (славянскія мовы і літаратуры (пераклад уключна)): “Беларуская мова і літаратура, украінская мова і літаратура, англійская мова” ў Інстытуце філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі.
Пачаў сустрэчу намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Сяргей Гаранін. Ён падкрэсліў, што ажыццяўленне буйных навуковых праектаў патрабуе намаганняў не аднаго чалавека, а іх рэалізацыя адбірае шмат часу. Таму аб’ектыўна, што выкладчыкі ВНУ, якія займаюцца навуковай дзейнасцю, усё ж не ў стане вырашыць складаныя навуковыя задачы. Гэта перш за ўсё прэрагатыва навуковага калектыву акадэмічнага інстытута, у якім навуковыя даследаванні – асноўны від дзейнасці, шматгадовая мэтанакіраваная работа. Таму далей у сваім аглядзе ён коратка расказаў пра структуру Інстытута мовазнаўства (аддзелы і сектары) і акрэсліў асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў кожнага з іх. З лексікаграфічнай прадукцыяй па кожнай галіне мовазнаўства госці маглі азнаёміцца на невялікай выставе.
Сяргей Лявонцьевіч узгадаў, што ў 2019 годзе Інстытут мовазнаўства адзначае 90-гадовы юбілей. За такі працяглы перыяд ён неаднаразова пацвердзіў свой статус вядучай навуковай установы краіны ў сферы рознагаліновых даследаванняў беларускай мовы. Чарговы раз Інстытут атрымаў належнае прызнанне ў славянскім свеце, калі было вырашана правесці ўпершыню ў Мінску такі выключы навуковы форум, як ХV Міжнародны з’езд славістаў.
Рашэнне не было выпадковым, паколькі Інстытут мовазнаўства вядзе шматгадовую, важную і планамерную работу ў галіне міжславянскага супрацоўніцтва (міжнародныя праекты, значныя навуковыя працы, у падрыхтоўцы і выданні якіх задзейнічаны супрацоўнікі Інстытута). Студэнтам-беларусістам быў прадстаўлены не толькі “Беларуска-ўкраінскі слоўнік” (пад рэд. В.П. Лемцюговай), але і такі адметны вынік супольнай навуковай дзейнасці ў галіне славянскага мовазнаўства, як “Агульнаславянскі лінгвістычны атлас” (АЛА), 2 выпускі якога ажыццёўлены непасрэдна ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа.
[
Калі пра “Беларуска-ўкраінскі слоўнік” многія са студэнтаў чулі, а некаторыя нават гарталі яго ў Кіеве, то з АЛА усе яны сустрэліся ўпершыню. Навічку навуковы атлас няпроста расчытаць і прааналізаваць, таму больш падрабязна пра задачы яго стварэння, будову, метады збору інфармацыі і нанясення яе на карты, спосабах расчыткі і некаторых другіх тонкасцях працы расказала загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Курцова.
2017 год быў знамянальным для беларускай культуры ў цэлым і беларускай мовы ў прыватнасці. Бадай, самай важнай падзеяй стала святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Так склалася, што іменна ў мінулым годзе, нібыта прымеркаванае да вялікага юбілею, у Інстытуце мовазнаўства завяршылася выданне “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” (ГСБМ) у 37-мі тамах.
Пра выданне, якое справядліва можна назваць праектам стагоддзя, распавяла загадчык аддзела гісторыі мовы Наталля Паляшчук. Яна патлумачыла адразу, чым адрозніваецца гістарычны слоўнік ад усіх астатніх відаў слоўнікавай прадукцыі. Пасля падзялілася ўспамінамі: як, калі, кім, у якіх умовах ствараўся “ГСБМ”.
Разам са студэнтамі прысутнічалі на сустрэчы Леся Мікалаеўна Сцебліна, дырэктар Цэнтра беларускай мовы і культуры імя Уладзіміра Караткевіча (у Кіеве) і яго выкладчыца Ірына Караткевіч. Цэнтр носіць імя класіка беларускай літаратуры невыпадкова, паколькі ў свой час Уладзімір Сямёнавіч вучыўся ў Кіеўскім нацыянальным ўніверсітэце імя Тараса Шаўчэнкі.
[
Пытанне “куды паступаць і на каго вучыцца” з’яўляецца адным з самых важных у жыцці кожнага маладога чалавека. Таму да выбару ВНУ звычайна падыходзяць вельмі сур’ёзна, узважваючы ўсе абставіны. Што ўплывае больш за ўсё на наш выбар? Відаць, адзінага адказу тут няма. Тым больш цікава было даведацца, якім шляхам прыйшлі да вывучэння беларускай мовы як першай (па спецыяльнасці) сучасныя дзяўчыны з Украіны. Пра гэта і не толькі расказалі госці Інстытута, студэнткі 4-га курса Грос Уладзіслава і Курчанка Дар’я.
І сапраўды, гісторыі – нетыповыя. Можна сказаць, што адной з іх беларуская філалогія засталася “ў спадчыну”. Справа ў тым, што колькі год таму яе старэйшая сястра таксама вучылася на гэтай спецыяльнасці і, будучы студэнткай, захопленай прадметам, незаўважна прывіла спярша цікавасць, а пасля і сапраўднае захапленне і жаданне вывучаць мову і самой Дар’і. Такая вось дынастыя беларусістаў у асобна ўзятай украінскай сям’і.
Дзяўчынам падабаецца беларуская мова і лёгка даецца вывучэнне, што ў немалой ступені тлумачыцца блізкасцю яе лексічнага фонду да ўкраінскай мовы. Ужо пад канец першага года навучання студэнты могуць не толькі прадставіцца, але бегла чытаць і трошкі размаўляць па-беларуску, нават здаюць гадавыя іспыты. Вялікая роля належыць кваліфікаваным і неабыякавым выкладчыкам, пра якіх студэнты адзываюцца з выключнай павагай і цеплынёй.
Самымі складанымі пытаннямі пры вывучэнні беларускай мовы, на думку студэнтаў-практыкаў, з’яўляюцца некаторыя арфаэпічныя нормы (вымаўленне гуку ў, якога няма ва ўкраінскай мове) і нормы сінтаксічнай спалучальнасці (асабліва ў сферы дзеяслоўнага кіравання).
Пасля заканчэння ВНУ маладыя спецыялісты не бачаць асаблівай праблемы з наступным працаўладкаваннем: можна застацца на факультэце, пайсці выкладаць беларускую мову факультатыўна ў адну са школ Кіева (наведваюць яго не выключна дзеці беларусаў, якія па розных прычынах жывуць у Кіеве, але і многія дзеткі і падлеткі з украінскіх сем’яў), паспрабаваць знайсці працу пры амбасадзе Беларусі ў Кіеве, займацца перакладамі, падацца ў сферу турызму.
Высветлілася, што ў іх універсітэцкай групе навучацца 11 чалавек, сярод якіх толькі двое з Кіева, астатнія ж – з усёй Украіны. Гэта сведчыць пра цікавасць да беларускай мовы за межамі Беларусі і дае надзею на яе далейшае існаванне ў славянскім свеце.