Навукова-практычны семінар “Славянскія тэксты арабскім пісьмом”

1 лютага 2023 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбыўся навукова-практычны семінар “Славянскія тэксты арабскім пісьмом”.

Семінар арганізаваны сектарам усходазнаўства і быў арыентаваны ў першую чаргу на спецыялістаў у сферы гістарычнага мовазнаўства, дыялекталогіі, славістыкі. Увазе ўдзельнікаў семінара быў прадстаўлены кароткі агляд фарміравання этна-канфесійнай групы “літоўскіх татараў” і іх культуры ў працэсе глыбокай сацыякультурнай інтэграцыі ў грамадства ВКЛ. Найбольш значнай часткай культурнай спадчыны іх нашчадкаў – беларускіх, літоўскіх і польскіх татараў – з’яўляецца іх пісьменства, якое можна лічыць важнай крыніцай, што захавала цікавую гістарычную інфармацыю і зафіксавала беларускую і польскую мовы XVII – XIX стст.

Агульнавядома, што старабеларуская мова, якая была асноўнай дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага, у пазнейшы перыяд зазнала перыяд ціску і заняпаду. Гістарычных крыніц  XVII – XIX стст., па якіх можна даследаваць беларускую мову, надзвычай мала. Пры гэтым тэксты, запісаныя арабіцай, па сукупным аб’ёме значна перавышаюць кірылічныя і лацінаграфічныя тэксты гэтага перыяду. Старажытныя рукапісы з’яўляюцца ўнікальнымі першакрыніцамі, якія адлюстравалі беларускую мову мінулых стагоддзяў у форме, вельмі набліжанай да яе жывога гучання ў тыя часы з усімі дыялектнымі асаблівасцямі. Аднак адной з праблем, з якімі сутыкаюцца даследчыкі гісторыі мовы і дыялектолагі, з’яўляецца арабскае пісьмо рукапісаў. Апрача таго, славянскія тэксты ў рэлігійных кнігах татараў (кітабах, тафсірах, хамаілах) часта змяшчаюць арыенталізмы або цэлыя фразы на арабскай ці цюркскай мовах, спецыфічныя рэлігійныя паняцці, якія патрабуюць тлумачэнняў.  Такім чынам, паўнавартасная апрацоўка корпуса славянскамоўных тэкстаў магчыма толькі пры супрацоўніцтве спецыялістаў у галіне беларускага мовазнаўства і ўсходазнаўства.

На семінары спецыялісты разгледзелі праблемы агульнага падыходу да транслітарацыі арабскаграфічных беларускіх рукапісаў, пытанні ўзаемаўплыву беларускай, польскай і ўсходніх моў, адлюстраваныя ў тэкстах.

Пытанні транслітарацыі рукапісаў беларускіх татар як крыніцы беларускай мовы XVII–XIX стст. патрабуюць далейшай распрацоўкі, аднак першыя крокі ў гэтым кірунку зроблены.

Пытанні і прапановы можна дасылаць на адрас orientalia.albaruthenica@gmail.com.

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы