24–28 сакавіка 2025 г. адбыўся заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. У Гомелі сабраліся больш за сто найлепшых знаўцаў беларускай мовы і літаратуры сярод вучняў 9–11 класаў Рэспублікі Беларусь: па адной камандзе ад кожнай вобласці і г. Мінска, а таксама каманда Ліцэя БДУ.
У склад журы ўваходзілі выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў краіны, а таксама супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа”) – вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Вікторыя Іванаўна Уласевіч і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка.
Удзельнікам алімпіяды былі прапанаваны традыцыйныя конкурсныя заданні: у першы дзень вучні пісалі водгук на мастацкі твор, на другі дзень праводзілася комплексная пісьмовая работа па беларускай мове і літаратуры. Хочацца адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў, якія, як заўсёды, уразілі журы веданнем твораў беларускіх аўтараў, уменнем аналізаваць прачытанае, выяўляць асноўную тэматыку і праблематыку, аўтарскую пазіцыю, вызначаць ролю сюжэта, кампазіцыі, выяўленчых сродкаў выразнасці. І самі работы навучэнцаў характарызуюцца прадуманасцю кампазіцыі, багаццем слоўніка і разнастайнасцю выкарыстаных моўных сродкаў, дакладнасцю, лагічнасцю, дарэчнасцю, выразнасцю словаўжывання, высокім узроўнем пісьменнасці. Комплексная пісьмовая работа па беларускай мове і літаратуры ўключала заданні на веданне арфаграфіі, словаўтварэння, фразеалогіі, сінтаксісу, а таксама вызначалася даволі цікавымі творчымі заданнямі, пры выкананні якіх вучні прадэманстравалі не толькі веды па мове і літаратуры, але і крэатыўнасць мыслення.
У дні алімпіяды супрацоўнікі інстытута ацэньвалі работы ўдзельнікаў, кансультавалі іншых членаў журы па розных лінгвістычных пытаннях, што ўзнікалі падчас праверкі работ, папулярызавалі дзейнасць Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і знаёмілі з кніжнымі навінкамі, падрыхтаванымі вучонымі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.
В.І. Уласевіч, Э.В. Ярмоленка