З краязнаўчай накіраванасцю

Ігар Лявонавіч Капылоў.

Ігар Лявонавіч Капылоў.

Указам Прэзідэнта 2017 год у Беларусі аб’яўлены Годам навукі. Гэтае рашэнне было прынята з мэтай стварэння спрыяльных умоў для захавання і развіцця навуковага патэнцыялу, фарміравання міжнароднага іміджу Беларусі як краіны з высокім узроўнем інтэлектуальнага і чалавечага капіталу, павышэння ролі навукі ў выкананні сацыяльна-эканамічных задач развіцця грамадства.

“Пастаўскі край на гісторыка-культурнай карце Беларусі”

Пад такой назвай 20 і 21 красавіка ў Паставах праходзіў рэспубліканскі навукова-практычны семінар, арганізаваны Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён стаў яркай падзеяй сярод іншых мерапрыемстваў, прымеркаваных у нашай краіне да Года навукі і святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Да таго ж як мага лепш адлюстроўваў інтэграцыю навукі не толькі ў эканамічную, вытворчую, але і ў культурную, сацыяльную сферы сучаснага жыцця.

Прывітальнае слова да ўдзельнікаў і гасцей семінара за ўласным подпісам даслаў Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў, у якім падкрэсліў выключную значнасць гэтай падзеі: 

— Без актыўнага распаўсюджвання навуковых дасягненняў рэгіёна, без уключэння ў навукова-творчую дзейнасць шырокіх колаў грамадскасці вырашыць задачы, якія стаяць перад навукай сёння і паўстануць заўтра, не з’яўляецца магчымым. Узаемадзеянне розных грамадскіх навук пры вывучэнні ўнікальнага краю паслужыць важным фактарам, які паспрыяе актывізацыі пазнавальнай дзейнасці пастаўчан, бу­дзе садзей­нічаць умацаванню духоўнасці і распаўсюджванню сучасных ве­даў сярод насельніцтва.

Галоўнымі ўдзельнікамі семінара сталі вядомыя мовазнаўцы, гісторыкі, этнографы, літаратура­знаўцы з Мінска і Віцебскай вобласці. У іх ліку дзеячы навукі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Віцебскага і Полацкага дзяржуніверсітэтаў, Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Самым шматлікім было прадстаўніцтва Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа на чале з яго дырэктарам Ігарам Лявонавічам Капыловым. У ліку ганаровых гасцей наш зямляк Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі — намеснік старшыні грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд культуры”. Даклады  падрыхтавалі і мясцовыя даследчыкі: настаўнік геаграфіі Пастаўскай гімназіі Ігар Міхайлавіч Пракаповіч, навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Вадзім Аляксандравіч Шышко, настаўнік гісторыі Гуцкай сярэдняй школы Мікалай Уладзіміравіч Арэх, вучаніца гімназіі Крысціна Клянтак.

Удзельнікі семінара сканцэнтраваліся на рабоце.

Удзельнікі семінара сканцэнтраваліся на рабоце.

Семінар меў краязнаўчую накіраванасць. Яго арганізатары галоўнай мэтай ставілі аказанне навукова-метадычнай дапамогі Пастаўскаму раёну па зборы, захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны. Увагу прысутных на прыкладным значэнні мерапрыемства засяродзіла Алена Мікалаеўна Анісім, дэпутат Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы і культуры Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

—  Нараджэнцы пастаўскага краю любяць і шануюць сваю малую радзіму, імкнуцца яе ўславіць. Рака іх творчых поспехаў няспынна нясе славу Пастаўшчыны з гісторыі ў будучыню. Хацелася б, каб так было і далей, каб да працы краязнаўчага кірунку актыўна далучалася моладзь, якая заўсёды мае свой погляд на традыцыйныя рэчы. Каб у вы­ніку такіх даследаванняў з’явіліся новыя цікавыя знаходкі, якія б мелі сваё практычнае ўвасабленне ў моўным афармленні назваў вуліц. Гэта быў бы важкі ўклад у годнае адлюстраванне Пастаўшчыны на гісторыка-культурнай карце Беларусі.

Тэмы выступленняў мелі вельмі шырокі спектр. Прагучалі даклады, прысвечаныя прозвішчам жыхароў Пастаўскага раёна, традыцыям народнага лекавання, прааналізаваны асаблівасці гаворкі і абрадаў мясцовых жыхароў, разгледжаны асаблівасці паэзіі Уладзіміра Дубоўкі і сучасны літаратурны працэс на Пастаўшчыне. Таксама была прэзентавана народная гульня моладзі “Яшчар”, якая можа быць уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 

Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец.

Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец.

Усё невыпадкова

Звяртаючыся да гасцей і ўдзельнікаў сустрэчы, наш зямляк Ігар Лявонавіч Капылоў, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, адзначыў:

—  Пастаўскі раён у якасці месца правя­дзення семінара быў выбраны невыпадкова. Калі паглядзець на статыстыку, то такую колькасць вучоных, як Пастаўшчына, фактычна не даў ні адзін рэгіён краіны. Гаворачы пра сучасны этап, неабходна ўзгадаць імёны доктара тэхнічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта, генеральнага дырэктара навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па харчаванні Зянона Валянцінавіча Лоўкіса, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН, былога рэктара Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Мікалая Уладзіміравіча Казароўца, доктара эканамічных навук, заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь, прарэктара па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Генадзія Антонавіча Каралёнка, доктара медыцынскіх навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН, былога дырэктара Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Іосіфа Віктараві­ча Залуцкага, кандыдата медыцынскіх навук, загадчыка аддзела арганізацыі супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Паўла Іванавіча Маісеева.

Пералік землякоў, якімі ганарыцца Пастаўшчына, можна яшчэ прадаўжаць. Таксама, як і спіс прычын, чаму гэты семінар сустракае менавіта пастаўская зямля. Вельмі важна, што тут сфарміравана моцная школа краязнаўства. Мясцовыя даследчыкі праводзяць вялікую работу па вывучэнні традыцый, побыту і гісторыі краю. Не кожны рэгіён можа пахваліцца гэтым. Яшчэ адна акалічнасць — геаграфічнае становішча раёна. Ва ўсёй Заходняй Еўропе вялікі інтарэс выклікаюць памежныя тэрыторыі. У першую чаргу ў плане міжэтнічнага і міжканфе­сійнага кантактавання. Сёння па гэтых тэмах там праводзяцца сур’ёзныя навуковыя канферэнцыі, у якіх мы не раз прымалі ўдзел. Так што Пастаўшчына — надзвычай цікавы рэгіён яшчэ і з гэтага пункту гледжання.

У рамках семінара адбылося адкрыццё мастацкай выставы нашай зямлячкі Ганны Анфімаўны Гадзіравай.

У рамках семінара адбылося адкрыццё мастацкай выставы нашай зямлячкі Ганны Анфімаўны Гадзіравай.

Пра тое, што пастаўская зямля выгадавала вялікую пляяду навукоўцаў, гаварыў і намеснік старшыні грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд культуры” Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі.

—  На працягу некалькіх стагоддзяў Паставы з’яўляліся донарам чалавечага капіталу для многіх краін. Успомнім выпускнікоў балетнай школы Тызенгаўза, якія пазней працавалі ў Варшаўскім і Парыжскім балетах, легендарнага беларускага навукоўца, даследчыка ў галіне астранаўтыкі, асветніка, выбітнага грамадскага дзеяча Барыса Кіта, з дня нараджэння якога сёлета спаўняецца 107 гадоў. У свой час ён працаваў дырэктарам Пастаўскай гімназіі. Нельга не ўзгадаць паэта Уладзіміра Дубоўку, мастака і скульптара Альфрэда Ромера, знакамітага арганіста, публіцыста, грамадскага дзеяча і педагога Браніслава Руткоўскага, беларускага і польскага кампазітара, дырыжора Станіслава Казуру. Надзвычай прыемна, што сёння імёны слынных землякоў вяртаюцца на Пастаўшчыну. Гэта вельмі важны сімвал захавання гістарычнай памяці і нацыянальнага адраджэння. Упэўнены, што кожны выхадзец Пастаўшчыны можа зрабіць штосьці карыснае для сваёй малой радзімы. І гэты семінар адзін з такіх прыкладаў.

Упэўнена сцвярджаю, што Пастаўшчына на карце Беларусі прадстаўляе сабой унікальны рэгіён з адметнымі геаграфічнымі асаблівасцямі і найбагацейшай гісторыка-культурнай спадчынай. За 30 гадоў працы ў Міністэрстве культуры давялося аб’ездзіць усе гарады і раёны краіны, таму параўноўваць ёсць з чым. Яна мае выдатны не толькі эканамічны патэнцыял, але найперш духоўна-інтэлектуальны, паўнавартасную культурную інфраструктуру, унікальныя аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, захаваныя традыцыі народнай культуры. Такіх глыбокіх і поўных краязнаўчых даследаванняў сёння не мае ніводны раён Беларусі.

Пераможцы конкурсу творчых работ “Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля бацькоў святая” Рэгіна Норбертаўна Ластоўская, Стэфанія Сцяпанаўна Якавіцкая і Вольга Мікалаеўна Лісіцкая.

Пераможцы конкурсу творчых работ “Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля бацькоў святая” Рэгіна Норбертаўна Ластоўская, Стэфанія Сцяпанаўна Якавіцкая і Вольга Мікалаеўна Лісіцкая.

Імі ганарыцца Пастаўшчына

Напярэдадні семінара мясцовымі ўладамі, настаўнікамі, краязнаўцамі была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа, у тым ліку з моладдзю і школьнікамі. Так, па ініцыятыве інстытута мовазнаўства ў Пастаўскім раёне быў праведзены конкурс творчых работ школьнікаў “Сцяжынкамі роднага краю”. Журы атрымала 30 работ, якія яшчэ раз пацвердзілі вялікую любоў юных пастаўчан да роднага краю і беларускай мовы.

Пераможцаў конкурсу віншавалі доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец і таленавітая даследчыца, старшыня савета маладых вучоных Інстытута мовазнаўства, ураджэнка Пастаў Святлана Віктараўна Ліпніцкая.

Дыплом трэцяй ступені атрымала вучаніца 8 класа СШ №3 Святлана Грэська, другой — вучань 5 класа СШ №1 Якаў Карнілаў, першае месца заняла работа 11-класніцы Навасёлкаўскай СШ Ксеніі Ягоравай.

Не толькі дзеці, але і дарослыя праяўляюць неабыякавасць да пытанняў нацыянальна-культурнага адраджэння краіны і нашага рэгіёна ў прыватнасці. Гэта пацвердзіў яшчэ адзін творчы конкурс, праведзены напярэдадні на Пастаўшчыне, —  “Люблю цябе такой, якая ёсць, зямля бацькоў святая”. Падводзячы яго вынікі, аўтарытэтнае журы трэцяе месца прысудзіла Рэгіне Норбертаўне Ластоўскай, другое — Вользе Мікалаеўне Лісіцкай і першае — Стэфаніі Сцяпанаўне Якавіцкай.

IMG_0724

Пераможцы конкурсу творчых работ школьнікаў “Сцяжынкамі роднага краю” Святлана Грэська, Якаў Карнілаў і Ксенія Ягорава.

Падчас семінара яшчэ многа нашых землякоў, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё краязнаўства і сацыяльнай сферы, атрымалі граматы і падзякі розных аддзяленняў НАН Беларусі. Так, граматай аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі за шматгадовую плённую дзейнасць, папулярызацыю беларускай народнай культуры адзначаны намеснік старшыні грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд культуры” Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі. За вялікі ўклад у развіццё навукова-асветніцкай дзейнасці і краязнаўчай работы ў Пастаўскім раёне такую ж узнагароду атрымаў настаўнік геаграфіі вышэйшай катэгорыі Пастаўскай гімназіі Ігар Міхайлавіч Пракаповіч.

Падзякай аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі ўзнагароджаны: за паспяховае ажыццяўленне навукова-даследчай, краязнаўчай работы, значны ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны Пастаўскага раёна — калектыў раённага краязнаўчага музея; за паспяховае ажыццяўленне культурна-асветніцкай дзейнасці і інфармацыйнай метадычнай работы — калектыў Пастаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы; за папулярызацыю навуковых дасягненняў і значны ўклад у развіццё духоўнасці і культуры грама­дзян — калектыў рэдакцыі раённай газеты “Пастаўскі край”. 

Граматамі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ўзнагароджаны: намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў — за значны ўклад у развіццё культуры, асветніцтва і края­знаўства Пастаўшчыны; настаўнік гісторыі Гуцкай сярэдняй школы Мікалай Ула­дзіміравіч Арэх — за паспяховае ўкараненне вынікаў навуковых даследаванняў у сферы адукацыі ў развіццё краязнаўства Пастаўшчыны.

Падзякі дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі аб’яўлены: Міхасю Нікадзімавічу Гілю — за актыўную перакладчыцкую, выдавецкую і навукова-даследчыцкую дзейнасць; навуковаму супрацоўніку раённага краязнаўчага музея Вадзіму Аляксандравічу Шышко — за актыўны ўдзел у навукова-даследчай рабоце па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны раёна; Соф’і Андрэеўне Жук — за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы грунтоўнага даследчага краязнаўчага выдання “Пятрагі. Тарасаўка. Старонкі вясковага жыцця… Кніга памяці”. 

Тэкст і фота Людмілы ЗЕЛЯНКЕВІЧ.

Крыніца: "Пастаўскі край" 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы