КРУГЛЫ СТОЛ “ДЫЯЛЕКТНЫЯ ТЭКСТЫ ЯК КРЫНІЦА ПА ЗАХАВАННІ КУЛЬТУРНА-МОЎНАЙ І ГІСТАРЫЧНАЙ ПАМЯЦІ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА”, ПРЫМЕРКАВАНЫ ДА ГОДА ГІСТАРЫЧНАЙ ПАМЯЦІ

29 чэрвеня ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбыўся круглы стол “Дыялектныя тэксты як крыніца па захаванні культурна-моўнай і гістарычнай памяці беларускага народа”. Навуковая імпрэза ладзілася ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці. Круглы стол быў арганізаваны і праведзены супрацоўнікамі аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
 
Назапашванне запісаў вуснай традыцыйнай гаворкі жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі належыць да прыярытэтных напрамкаў навуковай дзейнасці аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі. Дыялектныя тэксты – гэта не толькі багатая факталагічная база для разгортвання шматаспектных даследаванняў па вывучэнні стану і змен у сістэме моўных сродкаў. Дыялектныя тэксты – гэта ў першую чаргу крыніца разнастайнай інфармацыі пра падзеі, якія адбываліся на вачах іх сведкаў і ўдзельнікаў, гэта невычэрпная скарбніца звестак пра мясцовыя традыцыі, звычаі, побыт, розныя сельскагаспадарчыя і іншыя заняткі, пра духоўны свет вяскоўцаў. Зрэшты, гэта найперш аповеды пра людскія лёсы, дзякуючы якім складвалася гісторыя пакалення. 
Пра тое, як ішло фарміраванне нацыянальнай тэкстаграфічнай базы, расказала прысутным на круглым стале загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі В. М. Курцова ў дакладзе “Беларускі нацыянальны тэкстаграфічны фонд: крыніцы тэкстаў і іх тэматычная разнастайнасць”. 
Выступоўца заўважыла, што фрагменты дыялектных тэкстаў сустракаюцца ў розных навуковых даследаваннях і этнаграфічных працах, якія публікаваліся на працягу ХІХ–ХХ стст. Традыцыя ўключаць у навуковую працу невялікія запісы тэкстаў з гаворак, якія вывучаліся, была характэрна і для публікацый, падрыхтаваных членамі Фальклорна-дыялекталагічнай камісіі Інстытута беларускай культуры на чале з П. А. Бузуком. Аднак, як засведчана ў архіўных дакументах Інбелкульта, паводле тагачасных выдавецкіх планаў у 1925 / 1926 акадэмічным годзе свет павінна была убачыць кніга, падрыхтаваная да друку прафесарам П. А. Растаргуевым “Хрестоматия по белорусской диалектологии”. Рукапіс па невядомых прычынах не быў апублікаваны.
Выступае В. М. Курцова
 
З архіўных дакументаў Інстытута беларускай культуры
 
Актыўнае назапашванне дыялектных тэкстаў адбывалася разам са збіраннем матэрыялаў для складання “Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы”. 
 
 
Першая пасляваенная хрэстамацыя была апублікавана ў 1962 г., у наступным з’явіліся такія хрэстаматыі, як “Беларуская дыялекталогія”, падрыхтаваная Е. С. Мяцельскай і Я. М. Камароўскім, “Вусная беларуская мова”, “Дыялектная мова Гродзеншчыны”. Вельмі важным дасягненнем у нацыянальнай тэкстаграфіі стала выданне “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Цэнтральная зона”.
 
Акрамя спецыяльных кніжных публікацый дыялектных тэкстаў, расшыфраваныя запісы змяшчаюцца ў розных дыялекталагічных зборніках. Значную частку навуковага выдання “Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследавання” якраз складаюць тэксты з беларускіх народных гаворак. 
 
Дыялектныя запісы ўключаюцца таксама ў слоўнікі. Аднак такая практыка не стала пастаяннай. Асабліва шмат тэкстаў змяшчаецца ў “Тураўскім слоўніку”.
Пералік розных інфармацыйных крыніц дазволіў В. М. Курцовай зрабіць заключэнне, што ў беларускім нацыянальным мовазнаўстве назапашана вялікая колькасць тэкстаў, якая павінна стаць даступнай анлайн.
Дыялектныя тэксты характарызуюцца вялікай тэматычнай разнастайнасцю. Якраз пра змест тэкстаў-запісаў распавялі ў сваіх дакладах вядучыя навуковыя супрацоўнікі аддзела Л. П. Кунцэвіч і Т. М. Трухан.
Даклад Л. П. Кунцэвіч “Сведкі трагічных падзей: тэксты як крыніца ўспамінаў пра вайну і пасляваенныя гады” быў пабудаваны на запісах, якія рабіліся навукоўцамі ў розныя гады падчас дыялекталагічных экспедыцый. У выступленні былі зачытаны расказы інфармантаў, якія яшчэ ў досыць малым узросце сталі сведкамі страшных ваенных падзей, жылі з бацькамі на акупаванай тэрыторыі або былі ў бежанцах. Слухаць такія ўспаміны было невыносна цяжка: занадта жахлівыя эпізоды ўзгадвадвалі інфарманты. Такія запісы ўжо ніколі не паўторацца, і іх каштоўнасць як крыніцы не выдуманых, жывых фактаў, як крыніцы тэкстава дакументалізаванай інфармацыі з гадамі будзе станавіцца больш каштоўнай.
 
Выступае Л. П. Кунцэвіч
 
У выступленні Т. М. Трухан “Тэксты як крыніца ўспамінаў пра лёсы людзей” акцэнт быў зроблены на розных жыццёвых гісторыях, якія адбываліся з самімі інфармантамі. Расказала Тамара Мікалаеўна і пра традыцыйныя заняткі жанчын: пра ткацтва, прадзенне лёну, вышыванне, знайшлося ў яе тэкстах і месца, каб данесці інфармацыю пра розныя выдуманыя і рэальныя мясцовыя здарэнні, прыгоды. 
 
Выступае Т. М. Трухан
 
Старшы навуковы супрацоўнік аддзела Маліцкі Ю. В. у дакладзе “Тэксты як крыніца краязнаўчых звестак” скіраваў увагу на тое, як можна выкарыстаць дыялекталагічныя запісы ў краязнаўстве. Да дыялектных тэкстаў актуальна звяртацца найперш па той прычыне, што ў сістэме адукацыі праз спецыяльны курс “Лінгвістычнае краязнаўства” надаецца асаблівая ўвагу вывучэнню мясцовай гісторыі, знаёмству з выбітнымі асобамі, якія зрабілі значны ўклад у гісторыю сваёй бацькаўшчыны. Даследчык прадэманстраваў, што дыялектныя тэксты згодна з іх тэматычнай рубрыкацыяй можна выкарыстоўваць як мінімум у чатырох напрамках краязнаўчай дзейнасці. 
 
Выступае Ю. В. Маліцкі
 
Даклад навуковага супрацоўніка аддзела Ю. Л. Хвіланчук “Адметныя сінтаксічныя рысы гаворак цэнтральнай дыялектнай зоны (паводле выдання “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Цэнтральная зона” (2009))” меў выключна навуковую накіраванасць. На прыкладзе дзеяслоўных прыназоўнікавых словазлучэнняў выступоўца расказаў, якія сінтаксічныя асаблівасці ўласцівы гаворкам цэнтральнай дыялектнай зоны беларускай мовы, ён адзначаў таксама розны статус сінтаксічных адзінак паводле тэрыторыі іх распаўсюджана. Вызначаючы месца пашырэння ўласна дыялектных сінтаксічных рыс сярэднебеларускіх гаворак, даследчык паказала, што большасць з іх мае паўночна-заходні ў адносінах да Мінска вектар. Гэта дазваляе разглядаць паходжанне такіх дыялектных канструкцый як вынік балта-славянскага міжмоўнага ўзаемадзеяння. 
 
Выступае Ю. Л. Хвіланчук
 
Такім інфармацыйна насычаным і разнастайным паводле зместу дакладаў стаў круглы стол “Дыялектныя тэксты як крыніца па захаванні культурна-моўнай і гістарычнай памяці беларускага народа”. Мерапрыемства паказала, што дыялектныя тэксты з’яўляюцца надзвычай важнай крыніцай разнастайнай інфармацыі. У іх акамулявана памяць, розныя факты, жывыя сведчанні ўдзельнікаў мясцовых падзей, якія адбываліся на працягу ХХ стагоддзя і на памежжы стагоддзяў. Гэтыя падзеі ўжо сталі нашай гісторыяй, нашай памяццю пра яе. І гэта памяць не толькі для нас, гэта гісторыя для асэнсавання яе патомкамі. 
 
Пазнаёміцца з матэрыяламі круглага стала “Дыялектныя тэксты як крыніца па захаванні культурна-моўнай і гістарычнай памяці беларускага народа” можна на YouTube-канала Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа па спасылцы
 
https://www.youtube.com/watch?v=egHblJuxc4Q

7

Вераніка Курцова

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы