У 2024 г. адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння выдатных дзеячаў беларускага мовазнаўства, знакамітых вучоных Аркадзя Іосіфавіча Жураўскага (5 жніўня 1924 г.), Уладзіміра Васільевіча Анічэнкі (20 ліпеня 1924 г.), Аляксея Пятровіча Груцы (9 мая 1924 г.).
Гэтых асоб аб’ядноўвае не толькі год нараджэння. Іх аб’ядноўвае юнацтва, абпаленае вайной, прыблізна аднолькавы час абароны кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, удзел у стварэнні праекта стагоддзя ў айчыннай гуманітарыстыцы – “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”, званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесара, навуковае кіраўніцтва дзясяткамі дысертацыйных прац… Кожны з іх пакінуў пасля сябе багатую навуковую спадчыну, якая на дзесяцігоддзі вызначыла напрамкі развіцця беларускага дыяхранічнага мовазнаўства і не страціла сваёй запатрабаванасці і сёння.
Як даніна іх шматгадовай плённай навуковай дзейнасці, удзячнасць за іх працу і значныя прафесійныя здабыткі, шанаванне кожнага з іх як асобы і чалавека 27 снежня 2024 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі быў праведзены круглы стол.
У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Лявонавіч Капылоў, дэкан філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Алена Мікалаеўна Палуян, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і славянскіх народаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Ігар Аляксеевіч Груца, супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі загадчык аддзела Наталля Вікенцьеўна Паляшчук, галоўныя навуковыя супрацоўнікі Аляксандр Мікалаевіч Булыка і Валянціна Канстанцінаўна Мароз, вядучыя навуковыя супрацоўнікі Ірына Уладзіміраўна Будзько і Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка.
І.Л. Капылоў у прывітальным слове адзначыў ролю А.І. Жураўскага, У.В. Анічэнкі, А.П. Груцы ў развіцці ў беларускім мовазнаўстве гісторыі беларускай мовы, гістарычнай лексікаграфіі, гістарычнай граматыкі, дыялекталогіі беларускай мовы, падкрэсліў важнасць захавання традыцый у навуковай дзейнасці і станаўлення новых даследчыцкіх напрамкаў.
А.М. Булыка згадаў перыяд сумеснай працы з вучонымі ў сектары гісторыі беларускай мовы, адзначыў іх уклад у збор і вывучэнне крыніц для “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”, падрыхтоўку яго картатэкі і напісанне слоўнікавых артыкулаў.
Н.В. Паляшчук пазнаёміла ўдзельнікаў круглага стала з жыццёвым шляхам члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь А.І. Жураўскага. Яна асобна расказала аб удзеле будучага вучонага ў партызанскай барацьбе на роднай Талачыншчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны, яго вучобе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і першых кроках у навуку, часе працы ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ў 1953–2007 гг. Наталля Вікенцьеўна засяродзіла ўвагу на значным укладзе Аркадзя Іосіфавіча Жураўскага ў фундаментальнае выданне – “Гістарычны слоўнік беларускай мовы”, ініцыятарам стварэння, непасрэдным удзельнікам і галоўным рэдактарам якога ён быў доўгі час; адзначыла яго пастаянную падтрымку маладых вучоных, прафесійныя і чалавечыя якасці – працаздольнасць, арганізаванасць, прынцыповасць, дасведчанасць.
Падрабязней на навуковай дзейнасці А.І. Жураўскага спынілася Э.В. Ярмоленка, падкрэсліўшы яго асаблівую ролю ў даследаванні старабеларускай мовы. Эльвіра Валер’еўна разгледзела працы вучонага, прысвечаныя вывучэнню міжмоўных кантактаў, лексічнага складу старабеларускай мовы, даследаванню мовы асобных старабеларускіх помнікаў, у прыватнасці старадрукаў беларускага першадрукара Францыска Скарыны, спецыфіцы функцыянавання царкоўнаславянскай мовы на беларускіх землях у сярэдневякоўі і яе ўзаемадзеяння са старабеларускай мовай.
Манаграфіі “Гісторыя беларускай літаратурна-пісьмовай мовы” (1967), самаму значнаму даследаванню А.І. Жураўскага, прысвяціла сваё выступленне В.К. Мароз. На думку Валянціны Канстанцінаўны, набыткі даследчыцкай працы А.І. Жураўскага захоўваюць сваю актуальнасць для беларускай дыяхраніі, а беларуская гісторыка-лінгвістычная школа, заснавальнікам якой з’яўляецца Аркадзь Іосіфавіч, мае ўсе падставы для далейшага развіцця.
А.М. Палуян падрабязна расказала аб жыцці і навуковай дзейнасці доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Васільевіча Анічэнкі. Алена Мікалаеўна распавяла пра дзяцінства будучага вучонага, яго юнацкія гады: у час Вялікай Айчыннай вайны ён знаходзіўся ў Магілёўскім канцлагеры, на прымусовых работах у чэшскім горадзе Мост, змагаўся ў фашыстамі ў складзе партызанскага атрада “Эда”. Яна ахарактарызавала асноўныя напрамкі навуковай дзейнасці прафесара Анічэнкі (гісторыя беларускай мовы, міжмоўныя сувязі, параўнальная граматыка ўсходнеславянскіх моў, сучасная і гістарычная лексікаграфія) і пералічыла працы па кожным з іх (“Гістарычная лексікалогія беларускай мовы”, “Александрыя”, “Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя ўзаемасувязі”, “Гістарычная фанетыка ўсходнеславянскіх моў”, “Марфалогія ўсходнеславянскіх моў. Назоўнік. Дзеяслоў. Прыслоўе”, “Слоўнік мовы Янкі Купалы”, “Слоўнік мовы Скарыны”, “Матэрыялы для дыялектнага слоўніка Гомельшчыны” і інш.). Адзначыла яго актыўную дзейнасць як загадчыка кафедры беларускай і рускай моў, потым – кафедры беларускай мовы ўніверсітэта, загадчыка лінгвістычнай лабараторыі пры навукова-даследчым сектары ўніверсітэта, галоўнага рэдактара штогадовага рэспубліканскага міжведамаснага зборніка “Беларуская мова”, навуковага кіраўніка 25 кандыдацкіх дысертацый і навуковага кансультанта адной доктарскай дысертацыі. Алена Мікалаеўна падкрэсліла важную ролю навуковай і асветніцкай дзейнасці У.В. Анічэнкі ў наданні імя Францыска Скарыны Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Прафесар Анічэнка застаўся ў памяці калег як працавіты, энергічны, актыўны чалавек, улюбёны ў сваю справу і адданы ёй.
Успамінамі пра Аляксея Пятровіча Груцу, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, доктара філалагічных навук, прафесара Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, падзяліўся яго сын Ігар Аляксеевіч Груца. Прысутныя пачулі аб дзяцінстве і юнацтве вучонага, знаходжанні з лютага 1944 г. па красавік 1945 г. у Германіі на прымусовых работах, службе ў арміі з верасня 1945 г. да красавіка 1947 г. Ігар Аляксеевіч падзяліўся малавядомымі цікавымі фактамі аб паступленні Аляксея Пятровіча ў ВНУ і гадах вучобы на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, працы ў школе пасля яго заканчэння, паступленні ў аспірантуру Інстытута мовазнаўства, напісанні і абароне кандыдацкай (“Гісторыя складаных форм будучага часу ў беларускай мове”) і доктарскай (“Развіццё складаназалежнага сказа ў беларускай мове”) дысертацый, гадах працы ў Інстытуце мовазнаўства і на кафедры гісторыі рускай мовы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Ігар Аляксеевіч не толькі расказаў аб жыцці свайго бацькі, вядомага беларускага лінгвіста, але і акрэсліў яго жыццёвую пазіцыю і прынцыпы, якімі, як сын, ганарыцца і сёння.
Навуковай спадчыне А.П. Груцы быў прысвечаны даклад І.У. Будзько. Яна адзначыла ўклад Аляксея Пятровіча ў вывучэнне пытанняў гістарычнай лексікалогіі, гістарычнага сінтаксісу, стараславянскай мовы, беларускай і славянскай дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, а таксама ў даследаванне мовы твораў беларускіх пісьменнікаў. Ірына Уладзіміраўна расказала і аб удзеле А.П. Груцы ў распрацоўцы фундаментальных калектыўных даследаванняў “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы” (1963), “Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак” (1968–1969), “Лексічны атлас беларускай мовы” (1993–1997) і інш.
Прысутныя на круглым стале таксама пазнаёміліся з працамі А.І. Жураўскага, У.В. Анічэнкі, А.П. Груцы, якія былі прадстаўлены на выставе, арганізаванай навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі беларускай мовы Святланай Мікалаеўнай Макітрук і малодшым навуковым супрацоўнікам Дар’яй Сяргееўнай Мацешай.
Э. Ярмоленка, Н. Паляшчук