ХРОНІКА ЗА СТУДЗЕНЬ 2018 года

Ужо ў першы месяц новага 2018 года адбылося некалькі значных навукова-асветніцкіх падзей з удзелам супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа

 

1.                Адкрыў год (з 08 па 12 студзеня), ужо традыцыйна, трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” для вучняў 9―11 класаў з Мінскай вобласці.

 

Гэтым разам ХХХІV рэспубліканская алімпіяда па названых вучэбных прадметах праводзілася на базе УА “Маладзечанскі дзяржаўны каледж”       (г. Маладзечна, Мінская вобласць).

Арганізацыю і правядзенне алімпіяды забяспечыла загадчык вучэбна-метадычнага аддзела сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ДУА “Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі” Рыта Пятроўна Ільіна. Малодшыя навуковыя супрацоўнікі І.У. Галуза (аддзел дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі) і А.А. Марозава (аддзел лексікалогіі і лексікаграфіі) былі запрошаны Упраўленнем адукацыі Мінскага аблвыканкама ў якасці членаў журы ў камісіі па праверцы алімпіядных пісьмовых заданняў і ацэнцы вусных выступленняў у 9-м і 10-м класах.

Алімпіядныя выпрабаванні складаліся з трох тураў і пачаліся традыцыйна з  напісання водгуку. Выбар твораў для мастацкага асэнсавання ў многім быў абумоўлены юбілеямі пісьменнікаў: так, у 10-м класе для аналізу быў прапанаваны верш У. Карызны “Даўно ў той хаце не была” (аўтару спаўняецца сёлета 80 год).

На другі дзень вучні пісалі комплексную працу па лінгвістыцы і літаратуры, якая ўключала складаныя і разам з тым цікавыя заданні практычна па ўсіх галінах мовазнаўчай навукі: фанетыцы, граматыцы, лексіцы і фразеалогіі, марфеміцы, словаўтварэнні (жаночыя асабовыя намінацыі), сінтаксісе (поліфункцыянальнасць часцін мовы), тоэрыі і практыцы перакладу з рускай мовы на беларускую.

 Заключным конкурсам было вуснае выказванне на адну з прапанаваных тэм, спіс якіх змяняецца і абнаўляецца штогод. Тэмы ўключалі ў сябе афарыстычныя выказванні і цытаты беларускіх пісьменнікаў, філасофскія і грамадзянскія пастулаты, былі прымеркаваны да памятных дат.

2.                Са студзеня 2018 года на базе Дома-музея І з’езда РСДРП пачаўся цыкл культурна-асветніцкіх лекцый-дыскусій па актуальных пытаннях беларускай гісторыі, мовы і культуры, арганізаваных Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь і Маладзёжным грамадскім  аб’яднаннем “Гісторыка”.

1-я з запланаваных лекцый-дыскусій адбылася 11 студзеня і была прысвечана калядным вераванням і традыцыям беларусаў: “Каляды: традыцыя, трансфармацыя… прафанацыя?”.

Лічыцца, што для Поўдня Беларусі характэрныя калядныя абыходы на Трох каралёў, а для Поўначы – абрад жаніцьбы Цярэшкі. На абыходы ў  каталіцкіх вёсках Гродзеншчыны і Заходняй Віцебшчыны да біблейскіх персанажаў далучаліся Чорт і Анёл. Калядаванне толькі з “класічнымі” персанажамі кшталту Казы і Мядзведзя можна пабачыць у некаторых палескіх вёсках, а таксама ў пост-фальклорных гарадскіх асяродках. У палескіх гуртах усё часцей  з’яўляюцца “сучасныя” персанажы, напрыклад, Дзед Мароз і Снягурачка, а ў Давыд-Гарадку – цэлыя групы герояў дыснэеўскіх і савецкіх мультфільмаў, галівудскага кінематографу.

Лекцыя была прачытана журналісткай і даследчыцай дадзенага пытання Аленай Ляшкевіч (малодшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі). Падчас дыскусіі лектар і слухачы разам паспрабавалі знайсці адказы на пытанні:

ці маюць калядныя абыходы карані ў дахрысціянскай вясковай культуры, ці гэта цалкам хрысціянская традыцыя гарадскога паходжання?

ці з’яўляюцца сучасныя з’явы трансфармацыі калядных абыходаў і насычэнне іх новымі персанажамі прафанацыяй традыцыі?

Лекцыя-дыскусія суправаджалася не толькі традыцыйнымі фота і відэаматэрыяламі, але і жывымі спевамі ад гурта “Нямора”. Пасля афіцыйнай часткі гасцей вечара чакалі сапраўдныя беларускія танцы пад дуду ад музыкаў Дударскага клуба Міколы Столяра і Антося Бельскага.

 

25 студзеня адбылася другая лекцыя-дыскусія з запланаванага цыклу на  гістарычную тэму: “Аднаўленне помнiкаў архiтэктуры ў гады незалежнай Рэспублікі Беларусь”. 

Лекцыя складалася з 2-х частак: першая частка – гістарычны агляд ад гісторыка і краязнаўцы Івана Сацукевіча (беларускі гісторык-тапаніміст, спецыяліст у вобласці мінскага краязнаўства; з 2002 па 2005 г. супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладае гісторыю ў БДЭУ і Беларускім калегіуме, член тапанімічнай камісіі пры Мінгарвыканкаме), другая частка закранала прававыя і сацыяльныя аспекты аховы гісторыка-культурнай спадчыны; выступоўца – Таццяна Пятрова (выканаўчы дырэктар МГА “Гісторыка”, грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь; аспірантка Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі). 

 

3.                22 студзеня 2018 года на базе Мінскага гарадскога палаца дзяцей і моладзі прайшла ХХХVІІ гарадская навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў у секцыі “Лінгвістыка” (беларуская мова).

Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа з’яўляліся на ёй членамі камісіі: старшыня камісіі Ганчарэнка Кацярына Дзмітрыеўна (старшы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы; дактарант), член камісіі Лапцёнак Алена Мікалаеўна (загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі), член камісіі і адказны сакратар Марозава Анастасія Андрэеўна (малодшы навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі).

Былі папярэдне прачытаны і ацэнены паводле патрабаванняў да пісьмовага афармлення навукова-даследчых работ 24 працы вучняў 9―11-х класаў (пераможцаў раённых этапаў).

Непасрэдна падчас правядзення навукова-практычнай канферэнцыі перад камісіяй  адбылася абарона вучнёўскіх праектаў паводле крытэрыяў іх публічнага прадастаўлення. Затым балы суміраваліся. Па выніках канферэнцыі вучнямі былі атрыманы 10 дыпломаў: 2 – І ступені, 3– ІІ ступені і 5 – ІІІ ступені. Першыя 3 з іх (набралі максімальную колькасць балаў) будуць прадстаўляць г. Мінск на рэспубліканскім этапе. Іх выканаўцы атрымалі дадатковую навуковую кансультацыю ад кампетэнтнай камісіі.

Сёлета навукова-даследчыя праекты былі прысвечаны такім тэарэтычным,  практычным і некаторым метадычным пытанням, як беларуская тапаніміка (тапонімы Міншчыны, тапанімічныя аб’екты Маскоўскага раёна г. Мінска), антрапаніміка (сістэма беларускіх уласных імёнаў і прозвішчаў, тыпалогія прозвішчаў жыхароў г. Мінска, мянушкі ў прыказках і прымаўках), тэорыя і практыка перакладу, лексіка са значэннем колеру, нацыянальна-культурны кампанент у тэкстах мастацкай літаратуры, запазычанні ў беларускай мове, аказіянальныя сродкі, моўна-стылістычныя асаблівасці газетных тэкстаў, фразеалогія, графічныя сістэмы, парушэнне моўных нормаў, правілы графічнага скарачэння слоў, мнеманічныя прыёмы  пры вывучэнні  беларускай мовы, асаблівасці гендарных адносін на ўзроўні лексікі. У работах былі выкарыстаны беларуская (як рабочая), руская, польская, англійская і арабская мовы (як дадатковыя ў параўнальна-супастаўляльных даследаваннях).

 

4.                25 студзеня 2018 года адбылася ўрачыстая сустрэча працоўнага калектыву з дырэкцыяй Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, прымеркаваная да святкавання Дня беларускай навукі.

З гэтай нагоды супрацоўнікі і цэлыя аддзелы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа былі ўзнагароджаны Падзякамі і Ганаровымі граматамі ад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры і Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ.

Пры іх уручэнні былі адзначаны поспехі на навуковай ніве, уклад у развіццё айчыннага мовазнаўства і ўдзел у навуковых і навукова-асветніцкіх мерапрыемствах на ўзроўні Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Акадэміі навук, атрыманне навуковых ступеняў, а таксама розныя формы творчага супрацоўніцтва з іншымі ўстановамі і структурамі.

Сярод лепшых вынікаў і дасягненняў мінулага года былі названы: правядзенне вялікай колькасці значных Міжнародных і Рэспубліканскіх канферэнцый (аддзелы лексікалогіі і лексікаграфіі, сучаснай беларускай мовы), выхад у свет заключнага 37-га тома “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”  (аддзел гісторыі беларускай мовы) і чарговага 14-га выпуска “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы” (аддзел тэорыі і гісторыі мовы), новае выданне “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”. Асобна быў падкрэслены ўдзел супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ў міжнародных навуковых праектах: праца беларускай камісіі па Агульнаславянскім лінгвістычным атласе, супрацоўніцтва з Польскай Акадэміяй навук па вывучэнні стану вуснага маўлення насельнікаў Беластоцкага ваяводства і з Інстытутам лінгвістычных даследаванняў Расійскай акадэміі навук па вывучэнні стану гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны. Не засталося па-за ўвагай творчае супрацоўніцтва з Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі і Мінскім гарадскім палацам дзяцей і моладзі, а таксама сувязь акадэмічнай навукі з ВНУ (праца супрацоўнікаў у якасці выкладчыкаў) і прэзентацыя вынікаў навуковых даследаванняў шырокай грамадскасці (правядзенне на базе Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа навукова-асветніцкіх курсаў “Беларуская мова” для ўсіх жадаючых). Падкрэслівалася значная роля Савета маладых вучоных (старшыня  – Ліпніцкая Святлана Віктараўна) у навуковым і грамадскім жыцці Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Акадэміі навук, у прыватнасці, удзел у падрыхтоўцы і правядзенні ІІ з’езда вучоных Беларусі.  

 

 

 

 

 За шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у канструктыўнае ўзаемадзеянне з органамі, арганізацыямі сістэмы Граматамі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь былі адзначаны першы намеснік па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры, акадэмік Лукашанец Аляксандр Аляксандравіч і загадчык канцылярыі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Мітар Вольга Мікалаеўна.

Асобныя навуковыя працы былі прызнаны на самым высокім узроўні: так, па выніках мінулага года, “Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы” ўвайшоў у Топ-10 лепшых дасягненняў беларускай навукі. Адным з яго аўтараў-укладальнікаў з’яўляецца навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы Мандзік Вераніка Аляксандраўна, якая 26 студзеня атрымала высокую ўзнагароду.

 

 

 Значнага поспеху дасягнуў таксама навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Шклярык Вадзім Аляксандравіч, які ў мінулым годзе прыняў удзел у Рэспубліканскім конкурсе, прысвечаным Году навукі, і перамог у спаборніцтве ў намінацыі  “лепшая навуковая работа маладых навукоўцаў” (пастанова Прэзідыума НАН Беларусі ад 18 снежня 2017 г. № 87). Дыплом лаўрэата ён атрымаў 30 студзеня ў вялікай канферэнц-залі, уручэнне дыпломаў адбывалася пры ўдзеле старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэміка У.Р. Гусакова. 

    

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы