4 красавіка ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа прайшоў семінар для студэнтаў факультэта пачатковай адукацыі, якія з’яўляюцца удзельнікамі студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Lingva orbis” (кіраўнік – дацэнт кафедры беларускага і рускага мовазнаўства А.С. Васілеўская) і студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Lexis” (кіраўнік – дацэнт кафедры беларускага і рускага мовазнаўства А.У. Сідарэнка).
З прывітальным словам выступіў першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі А.В. Бараноўскі.
У БДПУ імя Максіма Танка праходзіць Тыдзень навукі. У межах Тыдня навукі сустрэчы з навукоўцамі сталі ўжо традыцыйнымі і адбываюцца чацвёрты раз. Супрацоўнікі сектара этналінгвістыкі і фальклору і аддзела славістыкі і тэорыі мовы правялі семінар па матадалогіі правядзення навуковых даследаванняў. Загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору А.М. Боганева ў сваім выступленні расказала пра метад апісання міфалагічнага персанажа (намінацыі, апісанне знешняга выгляду, лакацыі існавання, функцыі, уяўленні, звязаныя з міфалагічным персанажам). Адзначаны метад быў прыменены да апісання такіх міфалагічных персанажаў традыцыйнай беларускай культуры, як русалкі і хадзячыя нябожчыкі. А.М. Боганева і Ц.С. Буйко (м.н.с. сектара этналінгвістыкі і фальклору) выступілі з дакладамі, у якіх адлюстравалі знешні выгляд беларускіх русалак і іх паходжанне. Загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы Т.М. Аліферчык расказала пра беларускія ўяўленні, звязаныя з хадзячымі нябожчыкамі. Аказалася, што сучасную моладзь цікавяць хорар-персанажы беларускай традыцыйнай культуры.
Студэнтам удалося здзівіць і парадаваць навукоўцаў распрацаванай імі настольнай дзіцячай беларускамоўнай гульнёй (для 3-4 класаў). Гульня актуалізуе веданне вучнямі геаграфіі Беларусі, беларускай культуры, мовы і літаратуры ў межах школьнай праграмы і дазваляе ім замацаваць гэтыя веды ў гульнявой форме. Студэнты і навукоўцы разам прайшлі гульню і на сваім вопыце ўпэўніліся, што менавіта такая форма замацавання ведаў для дзетак малодшага школьнага ўзросту найбольш удалая ў тым ліку для развіцця эрудыцыі.
Т. Аліферчык