Пытанні тэорыі і практыкі лінгвістычнай экспертызы

Важнай асаблівасцю прававога рэжыму постсавецкіх дзяржаў з’яўляецца высокая інтэнсіўнасць заканадаўчых і іншых нарматворчых працэсаў. Юрыдычныя тэксты як найважнейшая форма выражэння права маюць сваю спецыфіку: яны лаканічныя, стандартызаваныя, пазбаўленыя эмацыянальнасці, аўтарскай індывідуальнасці, арыентаваныя на лагічнае ўспрыняцце закладзенай інфармацыі. А таму працэс падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў надзвычай складаны і патрабуе высокай адказнасці. Адхіленні ад норм літаратурнай мовы могуць выклікаць праблемы ў прававыкарыстальнай практыцы і прыводзіць да двухсэнсоўнасці ў разуменні і трактоўцы нарматыўных актаў рознага ўзроўню. Дыягностыка і выпраўленне лінгва-тэкставых дэвіяцый (лексіка-семантычных, граматычна-семантычных і функцыянальна-семантычных адхіленняў ад норм) на ўсіх узроўнях моўнай сістэмы з’яўляецца важнай навуковай і сацыяльнай задачай. У гэтай сувязі мэтазгодным з’яўляецца стварэнне спецыяльнай сістэмы логіка-лінгвістычнай экспертызы заканадаўчай і ў цэлым нарматыўна-прававой базы. Але вырашэнне гэтага пытання магчыма толькі з выкарыстаннем высокаэфектыўных інтэлектуальных лінгваінфармацыйных тэхналогій.

На базе Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) прайшоў Міжнародны навукова-практычны семінар “Лінгвістычная экспертыза прававых актаў (іх праектаў): пытанні тэорыі і практыкі”, арганізаваны НЦПІ сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. У рабоце семінара прынялі ўдзел вучоныя-мовазнаўцы НАН Беларусі, супрацоўнікі НЦПІ, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і работнікі Сакратарыята Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі Сакратарыята Савета Рэспублікі, супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, навукова-практычнага цэнтра Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь, выкладчыкі ВНУ. З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуліся намеснік дырэктара НЦПІ Віктар Шаршун і дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў.

З дакладам “Лінгвістычны кантроль якасці прававых актаў у Рэспубліцы Беларусь (вопыт навукова-даследчай работы НЦПІ)” выступіла начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкіх работ Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Судзілоўская. У рабоце семінара прыняў удзел дырэктар Украінскага моўна-інфармацыйнага фонда Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, доктар тэхнічных навук, кандыдат фізіка-матэматычных навук, акадэмік НАНУ Уладзімір Шырокаў.  Акадэмік У. Шырокаў выступіў з дакладам “Лінгватэхналагічны падыход да экспертызы закандаўчых актаў”, у якім падзяліўся ўласным досведам па выкарыстанні корпусных тэхналогій у лінгваэкспертнай дзейнасці пры правядзенні логіка-лінгвістычнай і аўтаразнаўчай экспертызы.

Вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства Ірына Кандраценя ў сваім выступленні расказала пра актуальныя праблемы ўнармавання юрыдычнай тэрміналогіі.

Па выніках выступленняў адбылася дыскусія, у ходзе якой удзельнікі абмяняліся вопытам па падрыхтоўцы праектаў законаў, абмеркавалі практычныя пытанні экспертызы заканадаўчых актаў на прадмет іх адпаведнасці арфаграфічным, лексічным, граматычным і стылістычным нормам, вызначылі перспектывы супрацоўніцтва.

 

(Фотаздымкі з сайта http://pravo.by/novosti/novosti-pravo-by/2020/february/45765/)

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы