Тыдзень роднай мовы

Міжнародны дзень роднай мовы – штогадовае свята, заснаванае ў 2000 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Галоўная мэта гэтага свята – захаванне моўнай і культурнай шматстайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Дарагія сябры, запрашаем прыняць удзел у мерапрыемствах Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы.

13 лютага

10.00  Афіцыйнае адкрыццё ў Інстытуце мовазнаўства Школы юнага лінгвіста (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, п. 302)

10.15 Сустрэча са школьнікамі-пераможцамі абласных алімпіяд па беларускай мове і гісторыі (вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, п. 302).

15.00  Круглы стол “Роля інфармацыйных тэхналогій у захаванні і папулярызацыі беларускай мовы”, арганізаваны сумесна з газетай “Звязда” (г. Мінск, вул. Багдана Хмяльніцкага, 10а)

У круглым стале прымуць удзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі, выкладчыкі ВНУ, спецыялісты Парка высокіх тэхналогій, бізнесмены

 

14 лютага

14.00 Прэзентацыя першага ў гісторыі лексікаграфіі “Французска-беларускага слоўніка прававой лексікі”, падрыхтаванага супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы і выкладчыкамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта  (Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, 15).

Французска-беларускі слоўнік прававой лексікі прызначаны для спецыялістаў, навуковых работнікаў, перакладчыкаў, студэнтаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй прафесійнай і навучальнай дзейнасці дакументы і літаратуру на французскай мове, а таксама для чытачоў, якія сустракаюць прававую лексіку ў іншых відах французскіх тэкстаў. Корпус слоўніка складаецца прыблізна з 25 тыс. лексем і выразаў, якія ахопліваюць асноўныя паняцці ў галіне дзяржаўнага, канстытуцыйнага, крымінальнага, міжнароднага, фінансавага, гандлёвага і грамадзянскага відаў права.

 

 

17 лютага

14.00 Круглы стол “Праблемы ўпарадкавання камп’ютарнай тэрміналогіі” (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, п. 302)

Камп’ютарныя тэхналогіі ўсё глыбей пранікаюць ў наша жыццё. Камп’ютары прыйшлі практычна ў кожны дом і перасталі быць нечым незвычайным, прызначаным выключна для спецыялістаў. І каб ісці ў нагу з часам, трэба валодаць асноўнымі паняццямі пра камп’ютар і ўсё, што з ім звязана. Пэўныя намаганні па распрацоўцы камп’ютарнай тэрміналогіі на беларускай мове рабіліся і робяцца, але ці дастаткова іх для таго, каб беларуская мова паўнавартасна  выкарыстоўвалася ў сферы інфармацыйных тэхналогій? На гэтае пытанне і паспрабуюць адказаць удзельнікі круглага стала “Праблемы ўпарадкавання камп’ютарнай тэрміналогіі”.

 

18 лютага

15.00 Творчая сустрэча з пісьменнікамі “Жыватворная крыніца натхнення” (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, п. 302)

Гутарка пойдзе аб дыялектных, гістарычных і іншых вобразатворчых рэсурсах беларускай мовы, якія могуць выкарыстоўвацца айчыннымі пісьменнікамі і паэтамі ў якасці сродкаў стварэння вобразнага свету мастацкага твора.

19 лютага

12.00 Сустрэча з навучэнцамі школы-інтэрната горада Маладзечна (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, п. 302)

15.00 Круглы стол “Роля мастацкага перакладу ў міжкультуным дыялогу” (Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, п. 302).

У рамках круглага стала адбудзецца прэзентацыя кнігі на беларускай мове "Update" (аўтары: Сафія Ворса (Беларусь), Лара Продан (ЗША), Зоя Падліпская (Беларусь) і Вікторыя Левіна (Ізраіль)).

Кожная асобная літаратура – цэлы свет, шматаблічны і непаўторны, з багаццем талентаў і творчых асоб. Пісьменнік – медыятар у дыялогу літаратур, сувязны ў культурнай прасторы між краінамі і народамі.

Творчыя людзі заўсёды жадаюць мець зносіны са шматлікай чытацкай аўдыторыяй, каб быць цікавымі як мага больш шырокаму колу аматараў і прыхільнікаў літаратурнага слова. Літаратурны пераклад акурат і закліканы спрыяць наладжванню культурнага дыялогу, творчых кантактаў, прафесійных сувязей, дапамагаць пісьменнікам падключацца да інтэлектуальна-духоўна-творчага працэсу камунікацыі і ўзаемадзеяння.

Зборнік прозы «Update» – міжнародны кніжны праект, які супольна рэалізуюць пісьменніцы Беларусі, ЗША і Ізраіля. Пісьменніцы замежжа Вікторыя Левіна і Лара Продан атрымалі магчымасць упершыню быць пачутымі беларускамоўным чытачом, а нашы сучасныя аўтары з Мінска Зоя Падліпская і Сафія Ворса – далучыцца да гэтага сумоўя.

Няхай гэты творчы праект разам з іншымі шматлікімі набыткамі ў сферы перакладу паспрыяе росту прэстыжу беларускай мовы на міжнароднай арэне.

 

 

20 лютага

14.30 Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж дзяржаўнай навуковай установай “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” (Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа) і дзяржаўнай установай адукацыі “Гімназія № 25 горада Мінска”

У Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа склаліся трывалыя традыцыі супрацоўніцтва з установамі адукацыі нашай краіны. У рамках дадзенага пагаднення кожны з бакоў пагаджаецца ўносіць уклад у агульныя намаганні па вывучэнні і захаванні гісторыка-культурнай і моўнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, абменьвацца ідэямі ў рамках сумесных мерапрыемстваў і публікацый; садзейнічаць у правядзенні сумесных даследаванняў па праблемах беларускай культуры, мовы і літаратуры, вывучэнні шматвяковай гісторыі і духоўных традыцый беларускага народа, арганізацыі сумесных семінараў, канферэнцый «Моладзь – навуцы», круглых сталоў, адукацыйных, культурных і іншых мерапрыемстваў.

 

14.40 Прэзентацыя тэматычнага слоўніка “Плытніцтва” , створанага супрацоўнікамі аддзела дыялекталогіі і лінгагеаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа (Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, вул. Сурганава, 15).

Слоўнік адлюстроўвае абазначальныя сродкі, звязаныя з такім адметным старажытным заняткам беларусаў, як плытніцтва. У працу ўключана архіўная лексіка, што збіралася пераважна ў 60-я ‒ 70-я гады ХХ ст., а таксама словы, якія публікаваліся як самастойныя тэматычныя падборкі па плытагонстве ці ў якасці рэестравых адзінак у складзе лексіконаў у розных дыялекталагічных, а таксама ў асобных этнаграфічных і іншых выданнях. Лексікаграфічны даведнік аб’ядноўвае неаднародны слоўны матэрыял. Яго архіўная частка запісвалася пераважна ад асоб, якія самі яшчэ займаліся плытагонствам, але плытніцтва як асаблівы адыходны промысел ужо амаль не існавала.

 

18.30  Сустрэча з членамі аўтарскага калектыву “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” (у 37 выпусках), вылучанага да ўдзелу ў конкурсе на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (магазін “Акадэмкніга”, праспект Незалежнасці, 72).

 

21 лютага

13.00  Прэс-канферэнцыя ў Доме прэсы з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы (прымаюць удзел дырэкцыя і супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства)

Інтэрв’ю супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, выступленні на цэнтральных каналах радыё і тэлебачання

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы