У Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы г. Мінска ў рамках цыкла навукова-папулярных лекцый, уключаных у план мерапрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па патрыятычным выхаванні ў 2022 г. 12 мая прайшла чарговая сустрэча наведвальнікаў бібліятэкі з супрацоўнікамі аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (раней адбыліся: навукова-папулярная лекцыя “Праект стагоддзя беларускай гуманітарыстыкі: «Гістарычны слоўнік беларускай мовы»”, 23 лютага 2022 г., майстар-клас на тэму “Янка Купала – пра беларускую мову”, 22 сакавіка 2022 г., навукова-папулярная лекцыя “Пісьмовая праваслаўная спадчына Беларусі: з гісторыі выдання”, 13 красавіка 2022 г.).
Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка, кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік, выступіла з навукова-папулярнай лекцыяй “«Жыціе Еўфрасінні Полацкай» – жамчужына даўняй беларускай пісьменнасці”, у якой распавяла прысутным аб асаблівасцях жыційнага жанру, прынцыпах пабудовы жыційнага тэксту, гісторыі стварэння “Жыція Еўфрасінні Полацкай”, яго змесце, вядомых на сённяшні дзень спісах і рэдакцыях твора, гісторыі яго вывучэння і выданнях.
У прыватнасці, прысутныя даведаліся аб этапах работы над выданнем жыція па спісе XVI ст., што сёння захоўваецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (збор Пагодзіна, зборнік пад № 869, арк. 318 адв. – 332) і мелі магчымасць пагартаць аркушы кнігі «Житие блаженной Евфросинии, игумении Вседержителя Святого Спаса во граде Полоцке», якая ўключае факсіміле «Жыція Еўфрасінні Полацкай», ажыццёўленага ў 2012 г. выдавецтвам Беларускай Праваслаўнай Царквы сумесна з Інстытутам мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, узноўлены тэкст жыція, яго пераклады на беларускую, рускую, англійскую мовы. Эльвіра Валер’еўна паведаміла таксама аб цяжкасцях, якія ўзнікалі падчас працы па ўзнаўленні старажытнага рукапіснага тэксту і яго перакладзе на беларускую і рускую мовы.
Наталля Вікенцьеўна Паляшчук, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы, расказала пра ўшанаванне Еўфрасінні Полацкай. Так, напрыклад, яна адзначыла, што ў гонар прападобнай названы цэрквы Беларусі і замежжа, вуліцы ў гарадах Беларусі; прыгадала ўстаноўлены ў 2000 годзе помнік святой у Полацку, стваральнікам якога з’яўляецца скульптар І. Голубеў; памятную манету ў гонар Еўфрасінні Полацкай вартасцю ў 1000 рублёў, выпушчаную 17 кастрычніка 2007 года Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь колькасцю 2000 экземпляраў. Яна пералічыла пісьменнікаў і паэтаў, мастакоў (В. Іпатава, В. Коўтун, Н. Гальпяровіч, Л. Рублеўская, С. Законнікаў, Н. Шчасная, А. Марачкін і інш.), чые творы прысвечаны славутай беларускай асветніцы. У заключэнне Наталля Вікенцьеўна падкрэсліла, што да ліку высокіх узнагарод Беларускай Праваслаўнай Царквы адносяцца, акрамя іншых, ордэн прападобнай Еўфрасінні Полацкай і медаль прападобнай Еўфрасінні Полацкай, якімі ў 2014 годзе за ўклад у справу вяртання, вывучэння і папулярызацыі беларускай пісьмовай праваслаўнай спадчыны былі ўзнагароджаны супрацоўнікі аддзела гісторыі беларускай мовы: Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка – ордэнам прападобнай Еўфрасінні Полацкай, Наталля Вікенцьеўна Паляшчук, Ірына Уладзіміраўна Будзько, Ганна Уладзіміраўна Федарэнка – медалём прападобнай Еўфрасінні Полацкай.
Н. Паляшчук, Э. Ярмоленка