У ДУ “Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава” паспяхова абаронена дысертацыя на беларускай мове

У ДУ “Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава” адбылася адметная навуковая падзея: паспяховая абарона дысертацыі на атрыманне ступені кандыдата медыцынскіх навук Юдзіным Антонам Аляксандравічам “Лячэнне пацыентаў, хворых на рак нізкаампулярнага аддзела кутніцы, з ужываннем неаад’ювантнай хіміяпрамянёвай тэрапіі”. Адметнасць гэтай падзеі заключаецца не толькі ў высокай навуковай і практычнай вартасці даследавання, але і ў тым, што праца выканана на беларускай мове. Важна адзначыць, што пасяджэнне вучонага савета па абароне (вядзенне пасяджэння старшынёй, выступленне вучонага сакратара савета, навуковага кіраўніка, апанентаў) прайшло на беларускай мове.

У медыцынскай сферы беларускамоўныя дысертацыйныя даследаванні – рэдкая з’ява. Вядома, напрыклад, што ў 2016 годзе Андрэем Вітушкам была абаронена кандыдацкая дысертацыя “Прагнастычныя фактары і прафілактыка ўнутрашлуначкавых крывазліццяў у неданошаных з масай цела менш за 1500 грам пры нараджэнні” (РНПЦ “Маці і дзіця”). Паспяховае выкарыстанне нацыянальнай мовы ў згаданых навуковых працах – яскравае пацвярджэнне таго, што беларуская мова з’яўляецца сучаснай мовай, здольнай ужывацца ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Калі мець на ўвазе, што моўная кампетэнцыя – адзін з важных складнікаў жыццядзейнасці грамадства наогул, а сфера медыцыны і аховы здароўя мае непасрэднае дачыненне да бяспекі жыцця грамадзян, то менавіта на спецыялістаў-медыкаў ускладаецца вялікая адказнасць не толькі за аказанне кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, але і за рэальнае ажыццяўленне канстытуцыйнага права грамадзяніна атрымаць поўную інфармацыю ў той ці іншай медыцынскай установе на любой з дзяржаўных моў. Непасрэдная сувязь моўнай кампетэнцыі спецыялістаў сферы аховы здароўя з бяспекай жыцця чалавека забяспечваецца ў значнай ступені наяўнасцю грунтоўнай тэрміналагічнай базы. Тэрмінасістэма, выкарыстаная А.А. Юдзіным у яго даследаванні, дазволіла дакладна і пераканальна прадставіць разважанні па складанай навуковай праблеме і ў поўным аб’ёме будзе ўключана ў тэрміналагічную базу сучаснай беларускай мовы і ў базу новага “Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы”. Мяркуецца, што для паспяховага прымянення распрацаванай, зацверджанай і надрукаванай тэрміналогіі неабходна і матывацыя да яе пашыранага выкарыстання. У сувязі з гэтым варта адзначыць, што ў ДУ “Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава” беларускамоўная медыцынская практыка А.А. Юдзіна шчыра падтрымліваецца калегамі і ў пэўнай ступені стымулюе іншых ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць на беларускай мове.

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы