Сустрэча на факультэце дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка

8 снежня 2025 г. Н. В. Паляшчук, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа», і Э. В. Ярмоленка, вядучы навуковы супрацоўнік названага аддзела, правялі інтэрактыўную лекцыю «Ад гісторыі слова да гісторыі мовы» на факультэце дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Н. В. Паляшчук расказала пра асаблівасці прадстаўлення лексікі ў слоўніках сучаснай беларускай мовы, падкрэсліла ролю лексікаграфічных крыніц у павышэнні моўнай і маўленчай культуры чалавека, акцэнтавала ўвагу на “Гістарычным слоўніку беларускай мовы” як крыніцы пазнання не толькі беларускай мовы XIV–XVIII стст., але і мінулага Беларусі.

Э. В. Ярмоленка прысвяціла сваё паведамленне запазычанай лексіцы ў старабеларускай мове. Прысутныя даведаліся пра шляхі пранікнення запазычанняў у старабеларускую мову, сферы іх выкарыстання, асаблівасці рэпрэзентацыі і тлумачэння іншамоўных слоў у “Псалтыры” (1517) Францыска Скарыны, “Лексісе” (1596) Лаўрэнція Зізанія і некаторых іншых беларускіх пісьмовых помніках XIV–XVIII стст.

Навукоўцы прэзентавалі студэнтам і выкладчыкам факсіміле Слуцкага Евангелля XVI ст., распавялі пра яго стварэнне, бытаванне, мастацкае афармленне.

Завяршылася сустрэча віктарынай па гісторыі беларускага слова.

 

Н. Паляшчук, Э. Ярмоленка.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы