10 студзеня 2025 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа прайшоў семінар для настаўнікаў беларускай мовы Савецкага раёна г. Мінска. Семінар быў арганізаваны Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа і Рэсурсным цэнтрам грамадска-гуманітарнага кірунку "Цэнтр беларускай мовы і культуры" пры падтрымцы ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска.
На семінары выступіў дырэктар Інстытута Ігар Капылоў і пазнаёміў прысутных з асноўнымі напрамкамі дзейнасці аддзелаў, а таксама з апублікаванымі працамі. Дырэктар звярнуў увагу на тыя працы супрацоўнікаў Інстытута, якія могуць быць выключна карыснымі і важнымі ў педагагічнай дзейнасці.
На семінары выступіла таксама загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Наталля Паляшчук, якая расказала пра факсімільныя выданні рукапісных помнікаў беларускай мовы, вернутыя для беларускай грамадскасці.
Загадчык сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Уладзімір Кошчанка пазнаёміў прысутных з беларускім N-корпусам і граматычнай базай, размешчаных на сайце Інстытута і паказаў сучасныя тэхнічныя магчымасці, якія могуць абудзіць цікавасць школьнікаў да беларускай мовы.
Загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей Ірына Ялынцава прадэманстравала настаўнікам сучасныя слоўнікі, якія з’яўляюцца надзвычай актуальнымі ў школьнай практыцы, напрыклад, “Слоўватваральны слоўнік беларускай мовы”, “Марфемны слоўнік беларускай мовы”, “Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў” і інш.
Загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы Таццяна Аліферчык адзначыла каштоўнасць “Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы” як важнай крыніцы звестак пра паходжанне беларускіх слоў.
Загадчык сектара этналінгвістыкі і фальклору Алена Боганева расказала пра апошнія выданні фальклорнай спадчыны, якія могуць быць выкарыстаны на ўроках беларускай мовы і літаратуры: серыі “Легенды і паданні зямлі беларускай” (“Чаму каты з мышамі не сябруюць. Легенды пра жывёл”, “Чаму муха ва ўсе бакi бачыць” і інш.), серыі “Фальклорныя скарбы Беларусі” (“Адкуль праўда і крыўда: беларускія народныя легенды і былічкі”, “Добрая прыказка як да мяшка прывязка” і інш.).
Старшы навуковы супрацоўнік сектара ўсходазнаўства Ірына Сынкова адзначыла, што на ўроках беларускай мовы, асабліва ўводных у старшых класах, важна расказваць пра ўнікальны феномен – рукапісныя тэксты на беларускай мове, напісаныя арабскай вяззю, якія пакінулі беларускія татары.