Зазірнулі разам у моўную скарбонку

16 лютага 2021 года ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Тыдню роднай мовы, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Іваніцкая для выхаванцаў тэатральнай майстэрні “SOFFIT” арганізавала і правяла  гульню-віктарыну па старабеларускай лексіцы “Моўная скарбонка”.

Сустрэча атрымалася вельмі цікавай і душэўнай. Дзеці з задавальненнем паслухалі невялікі экскурс у гісторыю беларускай мовы, даведаліся, што першай кнігай беларусаў лічыцца Полацкае Евангелле ХІІ–ХІІІ ст., а знакаміты Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, які з’яўляецца па-сутнасці першай канстытуцыяй у Еўропе, быў напісаны на старабеларускай мове.

Другім блокам сустрэчы стала азнаямленне з даўнім кірылічным алфавітам. Дзеці даведаліся, як раней называліся літары і чаму некаторых з іх у сучаснай кірыліцы ўжо няма. Узброіўшыся ведамі па чытанні на старабеларускай мове, яны паспрабавалі расчытаць адзін з артыкулаў Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года і былі вельмі рады поспехам у гэтай справе.

Трэцім блокам стала віктарына па старабеларускай лексіцы, у ходзе правядзення якой  выхаванцам тэатральнай майстэрні “SOFFIT” было прапанавана знайсці сярод прапанаваных варыянтаў правільнае азначэнне для шаснаццаці старабеларускіх лексем (напрыклад: грундаль, убер, алфавітар, лістоўня і г.д.).

За кожны правільны адказ і актыўнасць дзецям даваліся стыкер-буквіцы. Самым кемлівым і дапытлівым былі ўручаны каштоўныя падарункі – камплекты паштовак з кароткімі апавяданнямі аб гісторыі мовы, культуры, горадзе Мінску.

Удзельнікі сустрэчы атрымалі шмат пазітыўных эмоцый, а галоўнае – больш прасякнуліся павагай і любоўю да роднай мовы.

 

 Таццяна Іваніцкая

Спасылка на сюжэт канала БТ-3:

https://www.youtube.com/watch?v=y4F1EODxBJI

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы