Рукапісы беларуска-татарскага паходжання XVII стагоддзя ў фондах бібліятэкі Лейпцыгскага ўніверсітэта

Старшы навуковы супрацоўнік аддзела славістыкі і тэорыі мовы Тарэлка Міхаіл Уладзіміравіч на працягу двух месяцаў знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы ў г. Гале (Германія). У час камандзіроўкі была працягнута праца па даследаванні рукапісу беларуска-татарскага паходжання XVII ст., так званага хамаіла, які захоўваецца ў фондах бібліятэкі Лейпцыгскага ўніверсітэта (сігнатура B.or.280). Да нашых часоў захаваліся сотні рукапісаў татараў Вялікага княства Літоўскага канца XVI – пачатку ХХІ стст, якія змяшчаюць тэксты на арабскай, цюркскай, беларускай і польскай мовах запісаныя арабскім пісьмом. Яны ёсць у дзяржаўных кнігасховішчах Беларусі, Літвы, Польшчы, Расійскай Федэрацыі, Вялікабрытаніі, Украіны, Германіі, Латвіі, а таксама ў прыватных зборах. Але пераважная большасць гэтых рукапісаў датуецца ХІХ – пачаткам ХХ стст., у той час як рукапісаў XVI – XVII стст. захаваліся лічаныя адзінкі. Таму даследаванне менавіта гэтага помніка мае вельмі важнае значэнне. Пры гэтым мы не ведаем, як гэты рукапіс апынуўся ў Германіі. Вядома толькі, што на пачатку XVIII ст. ён ужо быў там.

Лейпцыгскі хамаіл даўно прыцягваў увагу даследчыкаў. Гэта адзін з найстарэйшых рукапісаў татараў Вялікага Княства Літоўскага. Аднак у рукапісе адсутнічае калафон, а навукоўцы працавалі з рознага кшталту копіямі (мікрафільмамі і інш.), што не дазваляла дакладна датаваць рукапіс. Праца непасрэдна з рукапісам, даследванне яго паперы, філіграняў дала магчымасць абмежаваць час яго напісання перыядам ад 1640 г. да 1693 г. Акрамя таго высветлілася, што першым гэты рукапіс апісваў не Г.Л. Фляйшэр у ХІХ ст., як лічылася раней, а іншы нямецкі ўсходазнаўца – Георг Якоб Кер (1692–1740 гг.) яшчэ ў XVIII ст. Хоць апісанне Кера і не захавалася,  верагодна, згарэла ў час Другой сусветнай вайны.

Падчас камандзіроўкі ў бібліятэцы Лейпцыгскага ўніверсітэта быў выяўлены рукапіс каталога ўсходніх рукапісаў згаданага вышэй нямецкага арыенталіста Г. Л. Фляйшэра пачатку ХІХ ст. з апісаннем дадзенага манускрыпта. Рукапіс каталога ўяўляе цікаваць для гісторыі кітабістыкі, бо істотна адрозніваецца ад друкаванай версіі каталога 1838 г., і можа быць прадметам асобнага даследавання.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы