ВІНШУЕМ З ЮБІЛЕЕМ

8 красавіка супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры шчыра і сардэчна павіншавалі з 70-годдзем вядучага навуковага супрацоўніка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Любоў Пятроўну Кунцэвіч.

Усё працоўнае жыццё Любові Пятроўны прайшло ў Нацыянальнай акадэміі навук. У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа яна працуе з 1977 года. З 1978 г. па 1990 г. Л. П. Кунцэвіч працавала ў сектары рускай мовы, з 1990 па 1994 г. – на пасадзе вучонага сакратара інстытута, з 1994 г. па 2010 г. – загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, з 2004 г. па 2014 г. – намеснік дырэктара інстытута па навуковай рабоце. Зараз працуе на пасадзе вядучага навуковага супрацоўніка аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі. Яе шлях у вялікую лінгвістычную навуку пачаўся ў 1986 г. з абароны кандыдацкай дысертацыі «Беларуска-руская паралексія: тыпалогія паралекс і паралексічная інтэрферэнцыя». А потым было мноства навуковых даследаванняў самага рознага зместу ў розных галінах мовазнаўчай навукі. Яна аўтар звыш 200 навуковых работ. Вынікам працы ў сектары рускай мовы сталі калектыўныя публікацыі: “Беларуска-рускі паралексічны слоўнік” (1985), “Руская мова ў Беларусі” (манаграфія; 1985), “Супастаўляльнае апісанне рускай і беларускай моў. Марфалогія” (манаграфія; 1989), “Тыпалогія двухмоўя і шматмоўя ў Беларусі” (манаграфія; 1998), руска-беларускі размоўнік “Культура Беларусі” (1993), даведнік “Культура рускага маўлення ў пытаннях і адказах” (1996); хрэстаматыі па беларускай мове “Жывая спадчына” (1992) і “Слова беларускае: з гісторыі лексікалогіі і лексікаграфіі” (1994).

За час працы ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі навукоўцам былі падрыхтаваны ў суаўтарстве 5 тэматычных слоўнікаў: “Жывёльны свет” (1999), “Раслінны свет” (2001), “Чалавек” (2006), “Сельская гаспадарка” (2010), “Плытніцтва” (2019), а таксама “Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Цэнтральная зона” (2009), зборнік дыялектных тэкстаў “Вайна – трагедыя і памяць. Расказваюць сведкі падзей” (2023), дыялектны слоўнік “Мова Сенненшчыны” (2015). Гэту даследчую працу Л. П. Кунцэвіч заўжды спалучала з дыялекталагічнымі выездамі. Фактычна, з моманту заняткаў дыялекталогіяй Любоў Пятроўна не прапусцілі ніводнай дыялекталагічнай экспедыцыі, якія ладзіліся ў Інстытуце. Зараз даследчыца актыўна працуе над распрацоўкай фундаментальнага праекта “Зводны слоўнік беларускіх народных гаворак”, удзельнічала ў падрыхтоўцы “Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі. Усходняя зона”, з’яўляецца адным з актыўных аўтараў і навуковых рэдактараў усіх выпускаў дыялекталагічнага зборніка “Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні”.

З часу працы ў Інстытуце Л. П. Кунцэвіч задзейнічана ў выкананні міжнароднага праекта “Агульнаславянскі лінгвістычны атлас”. Яна неаднаразова прымала ўдзел у рабоце Міжнародных рабочых нарад па АЛА (у Чэхіі, Германіі, Славакіі, Славеніі, Сербіі, Македоніі, Босніі, Украіне, Расіі, Балгарыі, Польшчы). З 2005 г. з’яўляецца членам Міжнароднай камісіі АЛА пры Міжнародным камітэце славістаў. Падрыхтаваныя ёй карты і матэрыялы да карт апублікаваны ў выпусках “Домашнее хозяйство и приготовление пищи” (Масква, 2007), “Чалавек” (Кракаў, 2009), “Народныя звычаі” (Масква, 2015), “Асабістыя рысы чалавека” (Санкт-Пецярбург; Масква, 2020). Любоў Пятроўна з’яўлялася адказным рэдактарам выпуску “Раслінны свет” (Мінск, 2000).

Важны ўклад зрабіла Любоў Пятроўна Кунцэвіч у падрыхтоўку Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”. Яна ўдзельнічала ў выкананні серыі прац па беларускім правапісе: “Арфаграфічны слоўнік беларускай мовы” (2009), “Даведнік па арфаграфіі і пунктуацыі з каментарыямі” (2010), “Беларускі арфаграфічны слоўнік для школьнікаў” (2010, 2011, 2013), “Сучасная беларуская арфаграфія: акадэмічны даведнік” (2012), “Беларускі арфаграфічны слоўнік” (2009, 2010, 2012, 2013); “Граматычны слоўнік прыметніка, займенніка, лічэбніка, прыслоўя” (2009), “Слоўнік беларускай мовы” (2012, 2024).

За час навуковай працы Любоў Пятроўна Кунцэвіч падрыхтавала трох аспірантаў, неаднаразова выступала апанентам па кандыдацкіх дысертацыях, працавалі старшынёй у розных дзяржаўных камісіях, уваходзілі ў склад розных метадычных саветаў, на якіх вырашаліся важныя пытанні ў галіне нацыянальнай школьнай адукацыі. Падрыхтавала трох кандыдатаў навук.

Самаахвярная актыўная праца Любові Пятроўны Кунцэвіч адзначана шматлікімі ўзнагародамі. Яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2009), Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2010), нагрудным знакам «Юбілейны медаль “У гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”» (2010), нагрудным знакам «Юбілейны медаль “У гонар 90-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук”» у сувязі з 90-годдзем Інстытута мовазнаўства (2019). У гэтыя юбілейныя дні плённая праца Любові Пятроўны Кунцэвіч адзначана новай узнагародай – памятным знакам “У гонар 100-годдзя Інстытута беларускай культуры”. Усе мы, Вашы калегі, сябры, паплечнікі шчыра віншуем Вас, паважаная Любоў Пятроўна, з гэтай узнагародай і жадаем творчага плёну і запалу яшчэ не на адзін дзясятак гадоў!

Любоў Пятроўна не толькі актыўны творчы супрацоўнік, адказны і мэтанакіраваны даследчык, надзейны сябар і шчыры дарадца.  Калегі ведаюць яе і як выдатную жанчыну-маці, пяшчотную бабулю. Яна вельмі ўвішная і рупная гаспадыня, першы і актыўны памочнік у свайго мужа, Мікалая Антонавіча. Для нас, супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства, Любоў Пятроўна Кунцэвіч – гэта чалавек, які ўмее паспагадаць, пры неабходнасці паўшчуваць і – галоўнае – практычна дапамагчы. Сярод супрацоўнікаў яе вылучае прыцягальнасць, прыветлівасць, адкрытасць і адначасова з гэтым настойлівасць і дысцыплінаванасць.

Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі шчыра і сардэчна віншуюць Вас, шаноўная, глыбокапаважаная Любоў Пятроўна, з 70-гадовым юбілеем і жадаюць Вам моцнага здароўя, душэўнай цеплыні, поспехаў у справах, шчасця і дабрабыту.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы