Лідскія чытанні – 2025

У рамках XXXII  Дня беларускага пісьменства ў  Лідзе прайшла Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя “Лідскія чытанні – 2025”, у якой прынялі ўдзел вучоныя Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы, Інстытута гісторыі, навуковыя супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея.  Праблемнае поле выступленняў было даволі шырокае: мастацкае асвятленне беларускай гісторыі ў сучаснай літаратуры, археалагічная спадчына Лідскага краю, захаванне і папулярызацыя гісторыка-культурнай спадчыны праз музейную прастору, нематэрыяльная культурная спадчына Лідчыны, жыццё і творчасць паэта Валянціна Таўлая, адметныя рысы гаворак Лідчыны, Лідчына ў розныя перыяды гісторыі, традыцыі рыцарскіх турніраў у Лідскім замку,  эстэтычныя ідэалы паэтычнай творчасці Францішка Багушэвіча, лінгвістычныя асаблівасці віленскага выдання Францыска Скарыны “Апостал”, малавядомыя старонкі творчай і навуковай дзейнасці Івана Навуменкі і інш.

З вітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Пранюк Віктар Францавіч, старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Вярсоцкі Аляксандр Людвігавіч, намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Язерскі Дзяніс Уладзіміравіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Серафіновіч Кацярына Адамаўна, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Лакіза Вадзім Леанідавіч, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Саверчанка Іван Васільевіч, прарэктар па навуковай рабоце Акадэміі адукацыі Зелянко Вольга Уладзіміраўна.  Вітальны адрас ад кіраўніцтва Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі зачытаў дырэктар Інстытута мовазнаўства Капылоў Ігар Лявонавіч.

Узнагародамі Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі былі адзначаны прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі раёна, якія ўнеслі значны ўклад у захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Лідчыны.

За актыўны шматгадовы ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства, захаванне гістарычнай праўды і духоўна-маральных каштоўнасцей Падзякай Міністра інфармацыі былі адзначаны дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Капылоў І. Л., дырэктар Інстытута гісторыі Лакіза В. Л., ганаровы прафесар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Мезенка Г. М., навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Лапата-Загорскі А. М.

У рамках канферэнцыі прайшла прэзентацыя выданняў “Беларуская мова ад А да Я”,  “За мужество и стойкость в годы Великой Отечественной войны», “Райскі бераг”.

Па выніках канферэнцыі будзе апублікаваны зборнік навуковых артыкулаў.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы