21 лютага незвычайны для нацыянальнай культуры ўсіх народаў свету і яе самага галоўнага складніка – мовы. Гэты дзень рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА абвешчаны Міжнародным днём роднай мовы. Пачатак свята прыпадае на 2000 г. Якраз з гэтага часу Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа штогод праводзіць розныя мерапрыемствы, каб расказаць пра беларускую мову, гісторыю яе развіцця і функцыянавання, данесці рознай аўдыторыі, што робіцца ў Інстытуце дзеля глыбокага і ўсебаковага вывучэння карэннай мовы беларускага этнасу і яе грамадскага пашырэння. Колькасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца ўстановай, неверагодна вялікая. Звычайна замест аднаго дня яны праходзяць на працягу тыдня. Так было шмат гадоў запар. 2024 год стаў асаблівым. Попыт грамадства на даследчыкаў-моваведаў, якія б навукова расказалі пра родную для многіх жыхароў Беларусі, стаў настолькі запатрабаваным, што мерапрыемствы распачаліся задоўга да 21 лютага. На працягу амаль тыдня з 6 па 10 лютага ў Нацыянальным дзіцячым цэнтры “Зубраня” з рознымі лекцыямі выступалі даследчыкі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Выступленні былі падрыхтаваны для асаблівай аўдыторыі – удзельнікаў Рэспубліканскага інтэлектуальнага спаборніцтва: конкурс знаўцаў роднай мовы “Родная мова, цудоўная мова!”, якія з’яўляюцца вучнямі 10-х класаў агульнаадукацыйных школ нашай краіны. Сустрэчы навукоўцаў са школьнікамі-эрудытамі былі накіраваны на адно – пашырыць веды тых вучняў, хто любіць родную мову і імкнецца паглыбіць свой досвед. Але без асабістай зацікаўленасці дырэкцыі Нацыянальнага дзіцячага цэнтра “Зубраня”, без гатоўнасці дырэктара Інстытута мовазнаўства падтрымаць ініцыятыву кіраўніцтва “Зубраня”, без разумення Прэзідыумам Нацыянальнай акадэміі навук важнасці і неабходнасці дыялогу паміж сённяшнімі даследчыкамі і патэнцыйнымі, якія прыйдуць ім на змену, такога шматдзённага мерапрыемства проста б не адбылося.
6 лютага перад удзельнікамі Рэспубліканскага інтэлектуальнага спаборніцтва выступіла Наталля Вікенцьеўна Паляшчук, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы. Яна правяла інтэрактыўную лекцыю і майстар-клас “Старабеларуская пісьмовая спадчына”.
Старабеларуская мова складае асобную старонку ў агульнай гісторыі складвання і развіцця мовы беларускага народа. Якія асаблівасці характарызуюць яе лад, як карысталіся ёй нашы продкі – пра гэта і многае іншае расказала вучням Наталля Вікенцьеўна. Спынілася яна і на вялікім нацыянальнай скарбе – помніках, напісаных на старабеларускай мове: Евангеллі Васіля Цяпінскага, Катэхізісе Сымона Буднага, Трыбунале абывацелям Вялікага Княства Літоўскага, Баркалабаўскім летапісе, полацкай грамаце 1448 года і многіх іншых. Прысутныя вучні не толькі бачылі старонкі рукапісных і друкаваных, арыгінальных і перакладных помнікаў. На майстар-класе, праведзеным Н.В. Паляшчук, яны паспрабавалі сябе як перакладчыкі: прачыталі тэкст на старабеларускай мове – урывак з рукапіснай “Аповесці пра Трышчана” – і пераклалі яго на сучасную беларускую мову. Выканалі вучні спробнае заданне досыць паспяхова, без вялікіх цяжкасцей.
Н.В. Паляшчук сярод удзельнікаў сустрэчы
Другая частка сустрэчы Наталлі Вікенцьеўны з вучнямі была прысвечана ўнікальнаму выданню – фундаментальнаму “Гістарычнаму слоўніку беларускай мовы”. Даследчыца растлумачыла прысутным, у чым адметнасці дыяхранічных лексікаграфічных прац, як словы падаюцца ў “Гістарычным слоўніку беларускай мовы”, як можна карыстацца такімі выданнямі асобам без спецыяльнай лінгвістычнай падрыхтоўкі, у тым ліку і вучням. Потым дзесяцікласнікі з захапленнем і інтарэсам высвятлялі значэнне старабеларускіх слоў (воротное, одиначка, скрынникъ, куница, шапочникъ і інш.), размяжоўвалі гістарызмы і архаізмы. Напрыканцы сустрэчы вучні задалі Наталлі Вікенцьеўне пытанні і пагарталі старонкі “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” і “Буквара” Спірыдона Собаля.
7 лютага перад гэтай жа аўдыторыяй выступіла навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Анастасія Андрэеўна Марозава. Яна прачытала для знаўцаў роднай мовы лекцыі «Жыццё слова ў часе. Пра сучасныя працэсы ў лексічнай сістэме беларускай мовы» і «Сусвет у алфавітным парадку: што могуць слоўнікі».
А.А. Марозава разам з вучнямі
На канкрэтных прыкладах дакладчык расказала дзесяцікласнікам пра будову лексічнай сістэмы сучаснай беларускай мовы, наяўнасць у ёй ядра і перыферыі, пра адзінкі, што іх утвараюць і адметныя рысы лінгвістычнай суадносіны цэнтр ~ перыферыя. Спынілася выступоўца і на тых дынамічных працэсах, якія адбываюцца ў лексічным ладзе мовы і вызначаюць асаблівасці яе развіцця. Расказваць пра лёс слова ў мове без прыцягнення да працы школьнікаў досыць складана. Таму Анастасія Андрэеўна прапанавала вучням праявіць сябе ў ролі даследчыкаў, аналітыкаў, дарадцаў і нават крытыкаў. Разам яны разважалі над жыццём слоў у мове: абмяркоўвалі з’яўленне новых лексічных адзінак, вызначалі прыкметы іх актыўнага ўжывання, прасочвалі змены ў лексічным значэнні, разбіраліся ў прычынах «старэння» лексем і пераходу іх у пасіўны запас, аналізавалі розныя пласты слоў, якія складаюць функцыянальныя разнавіднасці маўлення.
На сустрэчы А. Марозавай з вучнямі адбылося таксама знаёмства з вынікамі працы айчынных лексіколагаў – са слоўнікамі рознага тыпу. Найперш мовавед расказала прысутным пра тыя выданні, што выкарыстоўваюцца ў школьным навучанні, якім мэтам і задачам яны адпавядаюць, у якой форме існуюць, якія лексікаграфічныя выданні з’явіліся апошнім часам. Думаецца, што інтэрактыўная форма гутаркі дакладчыка з вучнямі абудзіла іх цікавасць да роднай мовы, дазволіла прысутным атрымаць новыя веды і выкарыстаць іх як у вучобе, так і пры ўдзеле ў розных творчых і інтэлектуальных спаборніцтвах.
8 лютага перад школьнікамі выступала з лекцыяй Вераніка Мікалаеўна Курцова, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі. Яе лекцыя “Беларускія народныя гаворкі: групоўка, асаблівасці, крыніцы вывучэння” была прысвечана тэрытарыяльнай разнавіднасці беларускай нацыянальнай мовы – жывым народным гаворкам. Даследчык расказала вучням, колькі дыялектаў мае беларуская мова, якімі асаблівасцямі яны адрозніваюцца паміж сабой, на аснове якой групы гаворак склалася новая беларуская літаратурная мова. Асаблівую ўвагу ў сваім выступленні В.М. Курцова сканцэнтравала на працах, у якіх адлюстраваны вынікі вывучэння моўнага ладу гаворак. Яна расказала пра важнейшыя лінгвагеаграфічныя атласы, створаныя ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, паказала, з якіх частак складаецца лінгвагеаграфічная карта, распавяла, якім шляхам сёння ствараюцца лінгвістычныя карты. Больш падрабязна даследчык спынілася на лексічных матэрыялах, адлюстраваных на картах “Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак”, паказала, якія багацці ўтрымліваюцца ў атласе і наколькі яны запатрабаваны сучаснымі нарматыўнымі тлумачальнымі, перакладнымі і іншымі слоўнікамі, як адлюстраваны ў Беларускім N-корпусе і перакладным корпусе. Пазнаёміліся вучні і з рознымі лексікаграфічнымі выданнямі, у якіх адлюстраваны слоўнікавыя багацці беларускай нацыянальнай мовы.
9 лютага перад дзесяцікласнікамі выступілі загадчык сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Уладзімір Кошчанка і магістрант філалагічнага факультэта БДУ Дар’я Мацеша, якая шчыльна супрацоўнічае з сектарам. Іх даклад “Камп’ютарныя тэхналогіі і беларуская мова” быў прысвечаны гісторыі ўзнікнення і развіцця камп’ютарнай лінгвістыкі ў свеце і ў Беларусі, расказалі выступоўцы і пра актуальныя задачы, якія стаяць перад сучаснай камп’ютарнай лінгвістыкай.
Хоць і жывуць сучасныя дзеці ў свеце, дзе пануюць камп’ютарныя тэхналогіі, аднак многія з іх упершыню пачулі пра такі раздзел камп’ютарнай лінгвістыкі, як корпусная лінгвістыка і пазнаёміліся з Беларускім N-корпусам і граматычнай базай беларускай мовы. Дакладчыкі таксама паказалі перавагі карыстання электроннымі слоўнікамі і зрабілі агляд беларускіх слоўнікавых рэсурсаў.
Закранулі мовазнаўцы і такія важныя кірункі навуковых даследаванняў, як аўтаматычная апрацоўка тэкстаў на натуральнай мове і сінтэз маўлення. Дзеці даведаліся, як працуюць праграмы вымання і пошуку інфармацыі, распазнавання маўлення, праверкі арфаграфіі і сінтэзу маўлення, сістэмы “пытанне-адказ”. Усе з цікавасцю паслухалі, як гучыць беларускі голас, распрацаваны ў сектары камп’ютарнай лінгвістыкі, і азнаёміліся з працай анлайн-сэрвісу па праверцы правапісу на сайце Беларускага N-корпуса.
Асаблівую цікавасць выклікала частка выступлення, прысвечаная аўтаматычнаму (машыннаму) перакладу і штучнаму інтэлекту. Вучоныя асвятлілі станоўчыя і адмоўныя бакі карыстання такімі сэрвісамі па перакладзе, як GoogleTranslate, YandexTranslate, а таксама чат-ботам з генератыўным штучным інтэлектам ChatGPT.
Заключным мерапрыемствам у лекцыйным цыкле, прапанаваным удзельнікам Рэспубліканскага інтэлектуальнага спаборніцтва: конкурс знаўцаў роднай мовы “Родная мова, цудоўная мова!”, была лекцыя І.Л. Капылова, дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. Яна адбылася 10 лютага.
Лекцыя І.Л. Капылова “Тапанімія і антрапанімія Беларусі як частка гісторыка-культурнай спадчыны народа” была прысвечана ўнікальнасці тапанімічнага ландшафту кожнага з рэгіёнаў нашай краіны. Выступаўца паказаў цесную сувязь нацыянальнай тапаніміі з сацыяльна-эканамічнай гісторыяй Беларусі. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікала гісторыя станаўлення іменаслоўнай сістэмы беларусаў, а таксама паходжанне прозвішчаў жыхароў нашай дзяржавы.
Такім стаў першы тыдзень у шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных роднай мове беларусаў, якія ладзіць Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа. Названыя мерапрыемствы прайшлі сярод адметнай аўдыторыі слухачоў – вучняў дзясятых класаў, якія сёння ўдзельнічаюць у інтэлектуальных спаборніцтвах па веданні дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі. Магчыма, некаму з іх сустрэчы з мовазнаўцамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі стануць штуршком для будучых сур’ёзных заняткаў лінгвістыкай. І ў гэтым вялікая карысць праведзеных лекцый.
Матэрыял падрыхтавалі
Н.В. Паляшчук, А.А. Марозава,
В.М. Курцова, У.А. Кошчанка, І.Л. Капылоў