13 лютага адзначыла свой юбілей выдатны вучоны-лінгвіст, загадчык аддзела сучаснай беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, доктар філалагічных навук Валянціна Паўлаўна Русак.
Глыбокапаважаная Валянціна Паўлаўна!
Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа сардэчна віншуе Вас, выдатнага вучонага-лінгвіста, з 70-годдзем з дня нараджэння!
Звязаўшы ў далёкім 1972 годзе свой прафесійны лёс з нашай установай, Вы плённа і нястомна шчыравалі на карысць роднага слова, прайшоўшы шлях ад пасады лабаранта да загадчыка аддзела. На гэтай шырокай дарозе хапала радасці навуковых поспехаў, творчых здзяйсненняў, прызнання навуковай грамадскасцю. Аднак усё гэта сталася магчымым толькі дзякуючы выключнай руплівасці, дасведчанасці і любові да беларускай мовы, якімі пазначаны кожны дзень Вашага працоўнага жыцця. І сёння такую прыгожую дату святкуе не проста абаяльная жанчына, а вядомы і аўтарытэтны лінгвіст, чые працы запатрабаваны ў самых шырокіх філалагічных колах – ад сярэдняй і вышэйшай школы да сферы мастацтва і сродкаў масавай інфармацыі.
Вашае імя ў айчынным мовазнаўстве асацыіруецца з унармаваннем літаратурнай мовы – як яе вуснай, так і пісьмовай формы. Менавіта Вы стаіце ля вытокаў стварэння новай галіны лінгвістычных даследаванняў – марфаналогіі, якая вырашае шэраг важных пытанняў, звязаных са станаўленнем, развіццём і функцыянаваннем норм сучаснай беларускай мовы. Абагульнены пад Вашым кіраўніцтвам вопыт практычнай нармалізацыі і культуры мовы знайшоў шырокае прымяненне пры падрыхтоўцы і перавыданні грунтоўных даведнікаў «Граматычны слоўнік дзеяслова», «Граматычны слоўнік назоўніка», «Граматычны слоўнік прыметніка, займенніка, лічэбніка, прыслоўя». Гэтыя фундаментальныя выданні на сённяшні дзень забяспечваюць аднастайнасць выкарыстання пісьмовай мовы ва ўсіх сферах ужытку.
Правільнасць вуснага літаратурнага маўлення таксама не застаецца па-за Вашай навуковай увагай. Сведчанне гэтага – выданне «Арфаэпічнага слоўніка беларускай мовы», фундаментальнага даведніка, дзе ўпершыню ў айчынным мовазнаўстве праз падачу транскрыпцыі слоў прапануецца апісанне літаратурнага вымаўлення больш за 117 тысяч лексем, у тым ліку новых запазычанняў. Стварэнне слоўніка – яскравы прыклад таго, што Вы, Валянціна Паўлаўна, валодаеце арганізацыйным талентам, а таксама чуйна рэагуеце на сучасныя тэндэнцыі ў лінгвістычнай навуцы. Вашыя намаганні па аб’яднанні інтарэсаў акадэмічных вучоных філалагічнага і тэхнічнага профілю ў сферы камп’ютарнай лінгвістыкі высока ацэнены кіраўніцтвам Акадэміі – Вы сталі лаўрэатам конкурсу “Топ 10 вынікаў дзейнасці вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў за 2017 год”.
На міжнароднай навуковай арэне Вашае імя таксама досыць гучнае – вось ужо 15 гадоў Вы з’яўляецеся старшынёй Беларускай нацыянальнай камісіі па Агульнаславянскім лінгвістычным атласе пры Міжнародным камітэце славістаў. Дзякуючы Вашаму эфектыўнаму кіраўніцтву дакладны, вывераны і навукова пракаменціраваны беларускі дыялектны матэрыял рэгулярна з’яўляецца на старонках выданняў Атласа, арганічна ўпісваючыся ў агульную моўную карціну terra Slavia. Сёлета плануецца выданне чарговага тома «Рэфлексы *а», падрыхтаванага Беларускай нацыянальнай камісіяй. Гэтая выключная падзея – адна з найбольш чакаемых не толькі ў беларускай, але і ў славянскай лінгвістычнай навуцы.
Вашаму пяру належыць 150 навуковых прац, і ў іх ліку – падручнікі для ВНУ. І гэта заканамерна, бо сваю навуковую работу Вы заўсёды імкнуліся спалучаць з выкладчыцкай дзейнасцю. У Беларускім дзяржаўным універсітэце неаднаразова працавалі старшынёй ДЭК, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прымалі экзамены па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў зараз выкладаеце курс «Беларуская мова. Прафесійная лексіка». Шчодра дзелячыся са сваімі вучнямі навуковым і жыццёвым вопытам, Вы заўжды дбаеце пра тое, каб выхаваць іх свядомымі грамадзянамі сваёй краіны, патрыётамі, адданымі Бацькаўшчыне і роднай мове.
З удзячнасцю адзначаем і Вашу плённую працу па падрыхтоўцы спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі. Пад Вашым кіраўніцтвам абаронены тры кандыдацкія дысертацыі, зараз выконваюцца кандыдацкая і доктарская. Прафесійная кампетэнтнасць, жыццёвая мудрасць, прынцыповасць і паслядоўнасць у рэалізацыі навуковых ідэй – вось тыя складнікі, якія дапамагаюць Вам як кіраўніку дасягаць разам са сваімі выхаванцамі пастаўленых высокіх мэт. Ваша шматгадовая дзейнасць на карысць любімай справы – цудоўны прыклад новым пакаленням вучоных-лінгвістаў, прыклад, які варта пераймаць.
У гэты святочны дзень жадаем Вам, шаноўная Валянціна Паўлаўна, моцнага здароўя, дабрабыту, невычэрпнага аптымізму, новых творчых і навуковых здзяйсненняў!