ВІНШУЕМ З ЮБІЛЕЕМ!

У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі адбылася знакавая падзея: 2 жніўня сваё 70-годдзе адзначыла Вольга Міхайлаўна Нікалаева – кандыдат філалагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей, адказны сакратар часопіса “Беларуская лінгвістыка”, лаўрэат Міждзяржаўнай прэміі “Звёзды Содружества” за 2023 год. 

Працоўная біяграфія Вольгі Міхайлаўны пачалася ў 1977 г. з пасады стажора-даследчыка інстытута і стала прыкладам вернага і бездакорнага служэння беларускай лінгвістычнай навуцы. Адданасць любімай справе, адказнасць, кампетэнтнасць, высокі прафесіяналізм, моўны густ вылучылі яе ў плеяду лепшых мовазнаўцаў нашай краіны.

В. М. Нікалаева – аўтар звыш 100 навуковых работ па супастаўляльным даследаванні лексікі, семантыкі, граматыкі і словаўтварэння блізкароднасных моў, вывучэнні стараславянскай спадчыны ў рускай і беларускай мовах, па пытаннях сацыялінгвістыкі і праблемах двухмоўя; суаўтар шэрага перакладных слоўнікаў, якія вытрымалі па некалькі перавыданняў, што сведчыць аб іх шырокай запатрабаванасці ў грамадстве.

Даследчыя дасягненні Вольгі Міхайлаўны, уклад у захаванне фундаментальнасці акадэмічнай навукі і развіццё славеснасці адзначаны Ганаровай граматай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2019), Ганаровай граматай Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2022), Граматай Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі (2023) і іншымі ўзнагародамі.

З нагоды юбілею Вольга Міхайлаўна ўзнагароджана памятным знакам “У гонар 100-годдзя Інстытута беларускай культуры” за шматгадовую плённую навуковую дзейнасць у галіне айчыннага мовазнаўства, высокі прафесіяналізм, значны ўклад у распрацоўку праблем беларуска-рускіх моўных сувязей.

Кіраўніцтва Інстытута і калегі сардэчна павіншавалі юбіляра і пажадалі моцнага здароўя, творчага натхнення, шчасця, жыццёвай энергіі і аптымізму, плёну ў працы, здзяйснення ўсіх планаў і задум.

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы